— Сіла-то сіла, ды адзін аднаго не вельмі ядзяць! — апярэдзіў Міканора Хоня.
Чарнушка і яшчэ некалькі дзядзькоў згодна заківалі, падтрымалі Хоню гоманам.
— Гад, та-сказаць, гада не любіць есці! — Руды пусціў з ноздры далікатны, тоненькі струменьчык дыму. — Класавая барба, як вучыў Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс.
— Няўжэ ж так, браткі, і будзе ўвесь век? Ето ж і да вайны недалеко! — не таіў трывогі Грыбок.
— Недалеко!
Тут ужо ўмяшаўся Міканор: яснасць поўную ў праблеме вайны і міру можна было зрабіць, толькі нагадаўшы моц савецкіх ваенных і марскіх сіл, якія ён цяпер нібы прадстаўляў у Куранях.
2
Не адзін раз уступаў ці ўрываўся Міканор у гаворкі, якія ўсё ж часцей высвятлялі не праблемы свету, а, калі можна сказаць, праблемы Куранёў. Праблемы гэтыя хвалявалі і здаваліся ніколькі не менш важныя, чым праблемы свету, — яны проста лезлі ў душу. Батата, багата што ў Куранях тачыла сумам і клопатам Міканора, непакоіла, трывожыла, абурала. Багата, багата што бачылася не такім, як трэба, як павінна быць.
Пачалося ўсё яшчэ тады, калі з Грыбком і яго калёсамі, якія знайшоў у Юравічах, вяртаючыся са службы, прабіваўся дадому. Калі лез, тануў у халоднай твані перад недалёкімі ўжо Куранямі, радасць вяртання, блізкай сустрэчы з роднай дамоўкай перамяшалася з няўчасным сумам. Сум гэты гнёў, калі ўгледзеў куцыя, слепаватыя хаткі пад чорнымі саламянымі і чаратовымі стрэхамі, калі зноў улез у амаль забытую гразь куранёўскай вуліцы. Пасля мазырскага бруку, жывой люднасці на вуліцах, прыпяцкага вясёлага прастору — як бы сплюшчаным, затопленым гразёю, дрымотным і балюча бедным убачылася дарагое сяло. Сум зашчымеў яшчэ горш, калі ступіў на свой ганак, у сенцы — якая ж яна крывая і гнілая, бацькава хата! І цесная, і цёмная якая!..
Так было ледзь не ўвесь час: амаль усюды побач з радасцю ішлі смутак, клопат, нязгода. Ішлі дома, ішлі ў лесе, прабіваліся на вячорках, дзе таксама ж, як і ва ўсіх хатах, сляпіліся пры чаднай лучыне, ледзь не ўсе прыбраныя ў зрэб'е. Асабліва ж вярэдзілі душу незадавальненне і турботы доўгімі начамі, калі лажыўся на палаці ля замаляванага марозам, з пабялелымі рамамі акна, з якога лоб, шыю, плечы студзіла холадам.
Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярвенні здаровымі, — і жыві яшчэ хоць пяцьдзесят гадоў! Але мяняць падваліны, перабіраць сцены было справай такой няпростай, што Міканору думалася, ці не лепей ужо новую пастарацца агораць хату. Ды і, па праўдзе кажучы, вельмі ж не дадушы чорная і цёмная цяперашняя дамоўка, каб старацца, пяцца для яе, каб яшчэ век векаваць у ёй! Але ж і з тым не лічыцца нельга: як ты агораеш новыя харомы з дашчанай падлогай, з добрай печчу, хоць бы з аднаго пакоя, калі дастатку ніякага, калі лес узяць невядома за што, невядома за што зруб скласці. Няхай — зруб і самому налаўчыцца, скласці можна, і кроквы прыляпіць, і накрыць чаротам, — але ж столяра — хочаш не хочаш — наняць трэба! Дзверы ды рамы сам не зробіш! І печ не злепіш! І без шкла не абыдзешся! Шыбы як-ніяк трэба зрабіць большыя!.. Багата чаго трэба! І на ўсё трэба дастатак! А тут — і конь такі, што гадай, ці адужае прывалакчы столькі лесу. І каровы няма; без каровы, без малака — жыццё не жыццё; перш чым за хату брацца, хоць бы цялушку якую прыдбаць! І збожжа ў застаронку — на дне: да канца зімы ці ўдасца перабіцца! І картоплі наўрад ці хопіць да новай! А трэба ж будзе яшчэ ўзяць з яе, каб пасадзіць!..
І хлеў — дзіва як стаіць яшчэ; страха на ім, чорная, замшэлая, уся ў дзірках, у латках з саломы, цячэ! І зруб у калодзежы — зялёны, збуцвелы, зямля ўжо дзе-нідзе сыплецца ў ваду! Усё, усё — куды, здаецца, ні зірні, просіць рук, забівае галаву клопатам!
Але хіба гэта адно вярэдзіць душу? Перайначваць, мяняць багата што трэба ў заведзеным ад веку парадку — от што асабліва точыць. Нядобра думаць што паганае пра родны кут, але ж у сенцы зайсці брыдка, такім смуродам б'е там, дзе чвякаюць, вішчаць парасяты. Нібы нельга трымаць парасят у закутку ў хляве! Цвілы, кіслы нейкі пах не выходзіць з хаты: можа, ад тых жа парасят, якіх іншы раз — от парадак жа — кармілі ў хаце! Спрабаваў — як калісьці казарму — праветрываць хату, але толку мала — пах не выходзіць. І невядома, як выжыць яго! Ды і як тут выжывеш, калі бацька і матка прывыклі, як бы і не чуюць яго. Заікнуўся раз Міканор пра гэты пах, дык матка зірнула так, нібы ён гаворыць абы-што.
— Ето табе здаецца, Міканорко, — сказала спакойна, упэўнена. — Здаецца, што нядобра пахне. Як помню, так пахло. І ў другіх так жа ж…