От жа адказ — у другіх так! А калі ў другіх нядобра робяць, дык і ўсім так трэба? Гэта ж праўда: нядаўна заходзіў да Зайчыка — дык парасяты ў хаце, можна сказаць, побач з дзецьмі. Дзеці лазяць, гуляюць каля іх, між іх, у разлітай парасячай паліўцы, а Зайчыкам — хоць бы што, як бы так і трэба. Калі сказаў ім, дык Зайчык пажартаваў, што невядома каго яшчэ даглядаць лепей трэба! Дзяцей, маўляў, вунь сколькі, а парасят — двое! Зайчыха на яго, Міканора, як на дзівака пазірала!
Проста бяда — ніякай санітарыі! Гэта ж калі б у казарме ў палку хоць бы адна дзесятая, ды што дзесятая — сотая частка такога непарадку была, дык камандзіра палка мятлой вымелі б з арміі, судом судзілі б, як злачынца! А тут жывуць так — і нічога! Як бы так і трэба!
«Мало культуры! Можно сказаць, што багато ў каго дак культуры саўсім няма! А некаторых відаў культуры дак — не сакрэт — не хапае ўсяму сялу…»
Прывык у палку кожныя дзесяць дзён са скруткам бялізны, з ручніком, з кавалкам добрага мыла крочыць у мазырскую лазню. Папарыцца, пасцябаць сябе венікам прывык, а тут — ліха яго ведае — як за ўсю зіму памыцца! Летам — то любая сажалка, копанка кожная прыняць можа, а зімой — як? Калі меншы быў — маці ў начоўкі, у цэбар саджала, а цяпер — вельмі ты вымыешся ў начоўках! І сесці толкам няма дзе ў іх, не тое што ў цэбары!
«Лазню, лазню будаваць трэба! — не адступае, дужэе думка. — Не такую няхай, як у Мозыры ці ў Юравічах; стопку якую-небудзь злажыць. А толькі каб была лазня як лазня — з печкаю, з полкамі, з параю! І каб усё сяло карысталася — і старыя, і малыя! Можно — як у Мозыры — адзін дзень для мужчын назначаць, другі — для жанчын. А можно і так: да абеду мужчыны, пасля абеду — жанкі. А толькі — каб была лазня! На ўсё сяло, на ўсіх!..»
І лазні няма, і школы няма. І чытальні. І ўсё трэба, трэба, а як зрабіць усё, калі тут з грэбляй столькі клопату? Чым больш думаеш, тым больш бачыш, што з іншым трэба чакаць: і з малочным таварыствам, і з меліярацыяй. Усяго не зробіш адразу, з сілаю трэба лічыцца людской — грэблі і адной пакуль хопіць. І на грэблю адну сілы колькі трэба!
І вінаваціць вельмі людзей нельга — беднасць, нішчымніца. І без таго кожны часта ні дня, ні ночы не бачыць з турботы: б'юцца як рыба аб лёд, каб скарынку хлеба, расол мець, каб прабавіцца неяк ад лета да лета…
Але і сядзець склаўшы рукі, ды слухаць скаргі, ды бедаваць — таксама не метад. Варушыць трэба соннае, гіблае гэта балота, самому варушыць: ніхто другі — не сакрэт — рабіць за цябе не будзе. Камісар палка Курбацкі што казаў, калі сабраліся ў палкавым клубе перад раз'ездам па хатах, калі кожнаму, як прэмію за службу і для кіраўніцтва на будучае, далі падпіску на «Беларускую вёску»? Вы прайшлі добрую армейскую школу, казаў камісар, навучыліся грамаце, палітычна выраслі, набылі культуры; вы будзеце — самая культурная, перадавая сіла на сяле. Нясіце ж туды ўсё перадавое, будзьце і там байцамі, байцамі за новы лад, за новае жыццё, за камуну!..
Каму-каму, а яму, Міканору, дык, калі толкам разабрацца, удвайне рабіць трэба: не радавы ж чырвонаармеец, і не толькі малодшы чырвоны камандзір, а і камсамолец жа, адзін на ўсе Курані. Адзін; у тым — не сакрэт — і бяда, што адзін. Не вельмі разгорнешся адзін, без супольнікаў, калі столькі работы і так цяжка ўгаворваць людзей. Камсамольскую ячэйку сарганізаваць — не сакрэт — трэба б. Ёсць з каго, тут і сляпому відна, толькі б падрыхтаваць, свядомымі для камсамола зрабіць, каб ведалі, што такое камуна, і нашто яна мужыку, і што такое Бог. І што такое сусветны Інтэрнацыянал і гідра-імперыялізм. Хоня, можна загадзя сказаць, падыходзіць. І Алёша, ды і, калі пагаварыць добра, растлумачыць усё пэўна, і — Хадоська. Ёсць з каго арганізаваць, калі прасвятліць, пачысціць папярэдне…
Успаміналася нядаўняя спрэчка з Хонем аб грэблі. «Як ты, а я, брат, дак думаю — не вельмі-то багато толку з етай тваёй грэблі будзе!» — «Чаму ето?» — «А таму, што, начальнік, мала чаго яна пераменіць! Каму добра було і так, таму і патом добра будзе, а хто як сядзеў без хлеба, так і сядзець будзе!..» Міканор тады спрачаўся, даказваў карысць грэблі, але Хоня ўсё гнуў сваё. Горш было, што ён, Міканор, і сам чуў у Хоневых словах праўду. «І ўсё-такі — недарэмно, — думаў Міканор у цішыні ночы, пад няўціхны гул завірухі ў коміне. — Меней дзікасці будзе, святла болей. І няхай людзі вучацца разам рабіць. У камуну няхай гатовяцца… А што да багацеяў, то — не сакрэт — і за іх возьмемся! Дай толькі час — падраўняем!..»
3
Чым далей жыў Міканор у Куранях, тым больш чуў, што чакаць ціха, трываць — няхай сабе і да часу — нельга. З дня на дзень усё больш нецярплівай станавілася нязгода з цемраю, з неразумнасцю, з прывыкласцю людской да дурных звычаяў.