Выбрать главу

Звычаі, даўнія, адвечныя, бачыліся Міканору нібы тая горкая, ні на што добрае няздатная балотная расліннасць, што зелянела, буяла летам усюды на куп'істых куранёўскіх узболатках і балотах. Як тая непатрэбная расліннасць, што ўчэплівалася глыбока ў торф, жылі моцна ў людзях, пусціўшы ўсюды сваё нявіднае карэнне, даўнія, дурныя звычаі. Як і балотнай непатрэбшчыне, ім ніхто і не дзівіўся, нібы няможна было і ўявіць, што магло расці на балоце тым нешта іншае, карыснае! Нібы без звычаяў тых, без забабонаў і жыць няможна было б!

Трэба было, чуў Міканор, ірваць гэтае шкоднае пустазелле, ірваць, не чакаючы, не спадзяваючыся на грэблю: грэбля пакуль яшчэ будзе, — не сядзець жа да таго часу склаўшы рукі! Ды і сама па сабе грэбля мала што тут пераменіць, і пры грэблі работы рукам будзе не на год — пакуль выпалеш шкоду гэту ды пасееш культурныя расліны! Адным словам, сядзець няма чаго, трэба брацца за праполку зараз жа!

Але ж задача якая — палоць, перайначваць звычаі трэба — не сакрэт — не толькі дзе-небудзь у другіх хатах, а і ў сваёй. І нават, калі падумаць толкам, то — перш за ўсё ў сваёй хаце, у сваёй сям'і; бо кожны ж, толькі заікнешся са сваёй крытыкай, адразу ж на тваю хату пакажа — а які ў самога парадак?

Ясна і дзіцяці: калі хочаш хоць чаго-небудзь дабіцца, трэба паказваць перш за ўсё прыклад самому. А тут, як назло, у сваёй хаце парадку такога, каб прыклад іншым паказваць, ані знаку. І не таму, што не хацеў, не спрабаваў парадак гэты ўстанавіць. Спрабаваў, і нават не раз, але што ж ты зробіш, калі матка ды, можна сказаць, і бацька і разумець толкам нічога не хочуць. Матка, дык ледзь возьмешся рабіць што не па-заведзенаму, адразу ад страху бялее, хрысціцца, божкае.

Ледзь толькі ўзяўся калоць дровы ў нядзелю, дык прыбегла, слёзна прасіць, маліць пачала, каб не гнявіў Бога. Тады ён заявіў ясна, што Бога няма, але яна слухаць не стала, кінулася да яго, як да нейкага злачынца ці да вар'ята.

— Міканорко! Ты сам не знаеш, што кажаш! Не знаеш!.. Божачко! Не думай нічого!..

— Не бойся, мамо! Не думае ён нічого, бо — няма яго, не сакрэт!

— Святы Божа! Святы бяссмертны!.. Не слухай яго!..

— Не слухае ён, мамо! Няма каму слухаць! Выдумка ўсё ето!..

— Міканорко! Міканорко! Богам прашу!

Яна тулілася да яго грудзей, заходзілася плачам, проста стагнала ад страху, і Міканор, як ні ваяўніча быў настроены, прыціх, пашкадаваў старую. Маці ж, калі супакоілася трохі, выціраючы ражком хусткі твар, паглядзела на яго пільна, сказала неспакойна:

— Нагаворвае ето нехто табе на Бога, анціхрыстаў нейкі голас!

— Ніхто не нагаворвае, мамо! Сам знаю! От толькі на вас дзіўлюся!..

— Нагаворвае! Чую, Міканорко!.. — Яна запытала з трывогай: — Ці не занядужаў ты?

Здаровы. У тым і аснова, што здаровы, і бачыць такое, што іншыя — не сакрэт — не бачаць; і сярод іх свая матка, якую і шкода за яе страхі і за якую не тое што сорамна, але балюча. Бо баіцца яна ўсяго, што супраць рэлігіі, ад свае цемнаты, ад несвядомасці, — так што, калі меркаваць па ўсіх правілах, сама па сабе яна не вінавата і саромецца за яе — ясна — няма чаго. Але ж, хоць і шкода яе і нялёгка бачыць, як яна перажывае, сядзець, як на прывале, склаўшы рукі, таксама — не метад. Трэба ісці ўперад і ўперад, па ленінскаму маршруту.

Канешне, тут няможна не ўлічваць, што матка ёсць матка, не вораг які, а свой чалавек, толькі што несвядомы; трэба неяк лічыцца з ёю, тлумачыць і тлумачыць, наступаць разумна, можна сказаць, з тактыкай, з манеўрам, з усякім подступам, абходам і таму падобным. Але наступаць, канешне, трэба — бо інакш ніколі нічога не даб'ешся. Няхай прывыкае і яна, і бацька таксама, што не такія цвёрдыя іх старыя парадкі і што багі — не такія паны, пра якіх і падумаць, не тое што сказаць, няможна нічога непачцівага…

Багі і ўсялякія святыя — от з чым ваяваць трэба. У кожнай куранёўскай хаце ў кутку, пад ручнікамі — як прусакі якія ў золаце! Усюды, куды ні зірну ў хаце, зрэб'е, цвіль, беднасць, а тут — бляск, раскоша. Як у царскіх палацах, мабыць! Цара скінулі, косці даўно згнілі яго, а гэтыя жывуць, людской цёмнасцю карыстаючыся! Жывуць, і анігадкі!

З самага пачатку, як вярнуўся са службы, знелюбіў Міканор гэту плойму, што, як нейкія вартавыя, строга сцерагла чалавечую бяду, — ні разу не ўзнялася рука, каб перахрысціцца да іх. З часам нелюбоў яго яшчэ памацнела, спакойна зірнуць не мог на ашуканства гэта, так і хацелася сказаць пра іх што-небудзь насмешлівае, едкае. Доўга стрымліваўся, шануючы матку, але ж трэба было нарэшце пайсці наперад. Не век жа цярпець, мірыцца з матчынай цемнатою.