Выбрать главу

Матка пашкадавала — прынесла з каморкі ў корчыку самагонкі. Ставячы перад ім на стол, зноў упікнула:

— Кеб не Чарнушка, не знаю, як давезла б! Скоціцца з саней і ляжыць, як палено!..

Выпіўшы, бацька павесялеў. Сказаў раптам здаволены, нібы хвалячыся:

— Пагуляў добра! Не пашкадаваў зяць гарэлкі!..

— І вас не пашкадаваў, мабуць! — адгукнуўся сумна Міканор.

— Я — што? Чаго мяне шкадаваць?.. От што ты сястру не ўважыў, Вольга шкадавала!.. І чалавек яе пакрыўдзіўся…

— Нічога, уважу! Не канешне — на вашаго п'янаго Мікалая! — сказаў Міканор.

І от зноў ішло. Як нейкая рэлігійная эстафета: ці даўно мінуўся той святы Мікалай, а ўжо блізка былі Каляды; з кожным днём набліжаліся, усё больш поўнілі Курані сваім клопатам. Чым бліжэй падступалі, тым больш брала Курані як бы ліхаманка. Як ні злаваў Міканор, а бачыў — ліхаманку гэтую не толькі не гналі, як хваробу паганую, а проста-такі рады былі ёй; к дурной папоўскай выдумцы — Калядам — не ішлі ціха сабе, з пакоры перад папом, царквою, а — спяшаліся, з ахвотай, з нейкай вясёлай нецярплівасцю! Як бы там і праўда — свята сапраўднае было! Нібы навыперадкі адзін перад адным, хапаліся дарабіць усё па гаспадарцы, — запасаліся на святы: везлі, складвалі ў хлявы сена, калолі дровы. Запасаліся не на дзень, на два — на ўсе Каляды, на два тыдні: у Каляды, па папоўскаму закону, нічога рабіць няможна, грэх!..

Зіма нібы прыяла Калядам. Халады дала ядраныя, дужыя. Раніцы ўставалі ружовыя, з ружовым снегам і ружовым інеем, якога багата пушылася на сценах, у падстрэшшах, на галлі дрэваў. Куранёўскія двары, уся вуліца поўніліся звонкасцю: звонкімі галасамі, звонкім іржаннем і рыкам, звонкім крэктам варот. Дымы над куранёўскімі хатамі стаялі ў ружовым небе, як лес…

Сонца амаль не меншыла холаду: твар шчыпала, калола тысячамі дробных іголак. У полі грудзі аж захлыналіся ад чысціні, ад холаду не тое што цераз світу, але і цераз добрую чуйку мароз неўзабаве сцінаў усё цела. Толькі і ратунку было саслізнуць з саней ды патрухаць услед, прытоптваючы, бы ў скоках. І ў лесе, і каля стагоў рабілі, але пакуль вярталіся, устывалі так, што потым, як казаў Чарнушка, студзіла і на гарачым чаране.

Ночы былі светлыя, такія ціхія, што, калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Самота чулася мацней, калі пракідваўся сярод ночы і — спачатку ў дрымотнай няцямнасці — слухаў, як цераз цьмяны, марозны роспіс шыб прасочваецца галоднае выццё ваўкоў, што кружылі ў халодным полі і ў голых зарасніках вакол Куранёў. Неспакойны сон ноччу не раз перабівалі гулкія ўдары абухом — мароз калоў бярвенні…

Мусіць, не было ў Куранях такой хаты, дзе б не думалі, не дбалі пра Каляды. Хочаш не хочаш, давялося думаць пра іх, дбаць і Міканору; але дбаў Міканор аб Калядах так, як, напэўна, ні адзін другі куранёвец за ўсе гады, як стаяць тут гэтыя старыя хаты. Не было, мабыць, такой гаворкі, такой сустрэчы, дзе б пры зручнай нагодзе, а то і без такой нагоды — па-вайсковаму, без далікацтва — не біў Міканор па Калядах. Дзе толькі мог, вучыў людзей, рэзаў праўду: Каляды гэтыя — забабоны з цемнаты, опіум папоўскі, рэлігійная выдумка.

Васіль-сусед, з якім Міканор такую гаворку зачапіў каля калодзежа, толькі коса, спадылба паглядзеў ды з вядром хутчэй парыпаў лапцямі да хлява. Хоня ж, калі ўрэзаў такое Міканор у Алёшавай хаце, не толькі не набычыўся, але нібы ўзрадаваўся: вядома — выдумка, глупства, выгаднае папам. У хаце, акрамя іх траіх, не было нікога, і за Хонем лёгка згадзіўся з Міканорам Алёша…

Іншыя хлопцы і дзядзькі хто спрачаўся, хто, хоць і не вельмі пэўна, ківаў галавою, хто — такіх было найбольш — перамоўчваў. Вельмі, вельмі часта Міканор у гэтых гаворках спатыкаў абыякавасць: чаго тут гаварыць, чаго мудрагеліць, як бы чуў ён! Таму гаворкі такія хутка ж вельмі гаслі, танулі між іншых жыццёвых меркаванняў і разваг. Гарачэй на размову пра Каляды адгукаліся дзяўчаты і жанкі, але тыя ледзь не ўсе люта кідаліся на Міканора, строга судзілі. Думаць не хацелі, як бы баяліся, што думаць — ужо грэх! Толькі Ганна Чарнушкава — запомнілася Міканору — не божкала, не пужалася; не пужалася, слухала, але з якім недавер'ем, з усмешачкай якой!

Усё ж і тое добра, што слухала: паслухала, можа, калі і падумае! Неспакойнае, разумнае ў вачах яе заўсёды бачыў, от што цешыла і радавала Міканора, асабліва ў гэтыя дні, калі так расчаравала яго Хадоська. Хадоська, пра якую ён нядаўна думаў, што ёй скора і ў камсамол дарогу можна будзе даць, аказалася ні трохі не лепшай за Васіля Дзятла. Гаварыць не дала не толькі пра Бога, а і пра папоў, пра папоўскія хітрасці. Ясна стала Міканору, што такому чалавку не тое што ўперадзе, у першых радах, а ў і тыле невядома як плесціся давядзецца!..