Выбрать главу

Мала калі выпадала Міканору столькі расчаравання, як у гэтыя дні. Колькі ні стараўся, а перадсвяточная вясёлая ліхаманка ў Куранях не толькі не ападала, а — было чутна — усё мацнела. У гэтую ліхаманку ўсё часцей упляталі свае роспачныя, перадсмяротныя галасы парасяты, свінні, авечкі, якіх калолі і рэзалі каму можна было і каму няможна. Не было такога дня, каб не чулася ці з аднаго, ці з другога хлява спалоханага бэлькання ці пранізлівага віску, каб не чырванеў ці на адным, ці на другім агародзе за хлявом вясёлы агеньчык, не плыў угару дым. Цэлымі днямі яшчэ нядаўна марозна-чыстае паветра поўнілася пахамі дымнага смуроду, паленай шчаціны, падсмажанай свінячай скуры.

«От жа дзікасць! — злаваў Міканор. — Зубы заўтра не адзін на паліцу пакладзе, а — не думае, не беражэцца! Усё пад нож пусціць гатоў для дурного свята!..»

Учора дакараў суседа Васіля, які свежаваў авечку, а сёння, як ні стараўся аберагчыся, пошасць улезла ў хату к самому. Вярнуўшыся ад Грыбка, з якім хацеў пагаварыць, каб падвезці яшчэ галля на грэблю, убачыў раптам, што бацька каля прыпека точыць аб цэглу шыла. Нават каб не бачыў, як нахмурыўся бацька, як адвёў вочы ўбок, здагадаўся б адразу, нашто рыхтуе ён шыла. Але з гэтай бацькавай хмурнасці і ніякаватасці зразумеў Міканор яшчэ і тое, што без яго ў бацькі была з маткай нядобрая гаворка і што бацька саступіў…

— Усё-такі рашылі пакланіцца Богу? — не ўтрываў Міканор пасля нярэдкага ўжо ў хаце няёмкага маўчання.

— Не кажы, Міканорко! — адразу адгукнулася маці, нібы толькі і чакала гэтай гаворкі. — Трэба! Ты як хочаш думай, а — Коляды ето Коляды! Па-людску трэба з імі!

— Дак штоб па-людску — свіней канешне рэзаць?

— Трэба, Міканорко! Добрыя будуць Коляды, дак і ўраджай добры будзе, і худобе прыплод добры! Сабярэш патом нешто!

— Само расці ўсё будзе! Чакайце толькі!..

Тут ужо, выціраючы нізам сарочкі шыла, нібы апраўдваючыся, загаварыў бацька:

— Насця з Сяменам і Вольга са сваім буць павінны! Частаваць нечым трэба будзе!..

— Ды дзяцей прывязуць сколькі к дзеду і бабе! — падхапіла маці. — У Вольгі ўжэ пятае нешто агукае!

— Дак канешне ўсё ето ў святы дзень рабіць!

— А калі ж?

Міканор толькі рукой махнуў: пусты занятак — спрэчкі гэтыя весці! Мала толку з гэтых спрэчак! Падумаў сумна — як усё пераблыталася, сплялося: тут каб каторы і не хацеў святкаваць, дак нібы ўжо абавязаны — госці ж, дзеці, зяці, сваты прыедуць! Трэба старацца для іх, не зняславіцца! Хітра аблытала людзей папоўская гайня!..

Дома не сядзелася, і Міканор выйшаў на вуліцу, пакрочыў да Хоні: хацелася пагаманіць па шчырасці з тым, хто цябе разумее, да каго дойдзе твая трывога-журба. Адвесці душу ў добрага таварыша хацелася!

Задуменны, паглыблены ў сябе, не бачыў, калі ўвайшоў на Хонеў двор, узяўся за халодную сянечную клямку. Схамянуўся толькі тады, калі, забыўшыся нагнуць галаву, стукнуўся аб верхні вушак дзвярэй. Трымаючы ў руцэ будзёнаўку, мацаючы ніякавата гузак, што ўраз пачаў шчымець пад валасамі, агледзеўся ў змроку: у хаце толькі была, нерухома глядзела на яго з палацяў Хонева маці. Страшэнна худая, нібы ўся высахлая, у хатняй цемры яна здалася Міканору нежывой. І хата — маўклівая, няўтульная без звычайнай дзіцячай валтузні і гоману — здалася як склеп…

Міканору няёмка было чуць на сабе нерухомы, нібы мёртвы позірк, але ён стаіў гэта, спакойна прывітаўся, спытаў, дзе Хоня.

— На агародзе Хоня, — не так пачуў, як здагадаўся Міканор.

Толькі калі выйшаў цяпер на двор, заўважыў, што з-за хлява паўзе ўгару дымок, чорны дымок ад згарэлай саломы. Адразу ж за гэтым улавіў з-за хлява вясёлыя дзіцячыя галасы: от дзе ўсе былі цяпер! — мімаволі закрочыў хутчэй. Ледзь высунуўся на агарод, убачыў чародку малых, якія гаманілі, штурхалі адзін аднаго, завіхаліся, адзетыя, як жабракі, але шчаслівыя.

Усярэдзіне гэтага акружэння стаяў на кукішках такі ж, як і ўсе, вясёлы Хоня, кульком падпаленай саломы вадзіў па спіне ўжо амаль абсмаленага худога падсвінка…

Заўважыўшы Міканора, ён кінуў недагарэлы кулёк саломы, выпраміўся, расчырванелы пры агні, з плямай сажы на шчацэ, весела крыкнуў дзятве, каб прымоўклі, па-дружбацку падаў руку.

— Усё-такі паддаўся агульнай пошасці?

— Не пошасці, а — жывату! — засмяяўся Хоня. — Куды ні павярніся носам, адусюль так смашно пахне, што кішкі стогнуць! Хіба ўдзержышся?

— Усё-такі — не сакрэт — як бы Богу кланяешся!