Выбрать главу

— Не Богу, Міканор, а жывату свайму! Ці мо і жывот — бог таксамо?.. — Ён перастаў смяяцца. — Матка занудзілася вельмі, папрасіла, штоб закалоў на Коляды… Ды і дзятва — бачыш сам!..

Пастаялі, пакурылі, пагаманілі абы пра што — пра зіму, што нарэшце ўзялася як трэба, пра дзяўчат, што нібы пашалелі перад Калядамі, памеркавалі, куды на вячоркі падацца. Непрыкметна зноў вярнулася шчырая таварыскасць, і Міканор, сумна пасміхваючыся, расказаў пра спрэчку сваю з бацькамі. Хоня нібы толькі і чакаў гэтага, вельмі ж весела ўхапіўся: от бачыш, Міканор; але ты не бядуй, не лёгка і дрэвы гнуцца! Не тое што людзі, ды яшчэ старыя!..

Пасля гаворкі з Хонем заўсёды весялей на душы робіцца. Але бесклапотнасць гэта была нядоўгая: ідучы ад Хоні, убачыў каля Алёшавай хаты купку дзяўчат, што вельмі ж ласкава гаманілі з гарманістам.

— Дак глядзі ж, штоб помніў угавор! — крыкнула яму, ужо трохі адышоўшы з іншымі, Чарнушкава Ганна.

Алёша з годнасцю прамаўчаў. Ён сабраўся ўжо вяртацца ў хату, але заўважыў Міканора і стаў.

— Пайграць, мабуць, прасілі? — падаў руку Міканор.

— А то чаго ж! — Алёша шмаргануў чырвоным носам, для пэўнасці правёў пад носам яшчэ рукавом сарочкі.

Нос у яго, як помніў Міканор, у сцюжу заўсёды быў чырвоны, аж сіняваты, і заўсёды Алёша верашчаў ім; але стаяў цяпер, на такім марозе, хлопец у адным белым зрэб'і.

— На Коляды — не сакрэт — дагаварваліся?

— Аге… — У Алёшы яшчэ чуўся гонар сабою, адзіным на ўсё сяло гарманістам.

— Пойдзеш, сказаў?

— А чаго ж.

— У папоўскае свято?

— Дак жа за плату.

— А як за плату — дак усё можно?

Алёша зноў заверашчаў чырвоным носам.

— Зарабіць трэба.

Не пазіраючы на яго, Міканор разгладзіў складкі шыняля пад папругай.

— Усякі заработак бувае!

Як і ў гаворцы з Хонем, а яшчэ часцей з бацькамі, хоць і паказваў сябе за чалавека непахіснага, зноў пачуў Міканор з тугою, што не можа судзіць «па ўсяму закону». Няпрошанае, непатрэбнае, проста-такі — шкоднае ўзяло спачуванне: праўду Алёша кажа, зарабіць трэба яму!..

Ад гэтай кволасці, ад таго, што бачыў — кволасць — не сакрэт, была на шкоду справе; ад таго, што ўсё навокал было такое пераблытанае, ішло насуперак, Міканора зноў апанавала маркота. Маркотны, з нейкай тужлівай няпэўнасцю, цвёрдым камандзірскім крокам вяртаўся ён вясёлай, марознай вуліцай дахаты.

5

Увесь дзень перад «святым вечарам» маці шкрабла нажом стол, лавы, мыла ўсё. Ад ранку ледзь не да самага вечара не тух у печы агонь, варыла, варыла, пякла. Вячэра мусіла быць посная, але ж трэба было згатаваць ні мала ні многа: дванаццаць страў!

Маці не ела ўвесь дзень і другім не давала. Міканор адрэзаў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Яна бачыла гэта, але не сказала нічога, толькі перахрысцілася на абразы: і маці, і сын нібы загадзя бачылі марнасць спрэчак і не вельмі стараліся ўсчынаць іх.

Толькі як добра сцямнела ў хаце, унесла рэшата з сенам, паклала на покуце; паставіла наверх гаршчок з куццёю.

— Выперлася еты год цераз край! — сказала пра куццю, што распарылася ў печы. — Добры ўраджай на збожжа павінен буць!

— Дай Бог! — сказаў бацька.

З пашанай і нейкай урачыстасцю сачыў бацька, як матка слала на вымытым стале сена, як накрывала яго чыстым настольнікам, як клала бохан хлеба, нож, лыжкі, ставіла конаўку з соллю. Памыўшы ў кутку над цэбрам рукі, ён, белы, у лапцях, у зрэбных штанах, у доўгай, да кален, сарочцы, падпяразанай святочным паяском, пачакаў, калі падыдзе маці, і, не глянуўшы на Міканора, першы момант няёмка, стаў голасна маліцца. Міканор слухаў яго малітву спачатку, як усякую малітву, толькі болей шкадаваў тых, хто верыў у цуд і моц малення, бо цёмнымі людзьмі гэтымі былі яго матка і бацька; але калі бацька раптам з журбою памянуў дзеда Амяляна, калі ў голасе яго нешта нібы напялася, задрыжала, Міканор неспадзеўкі пачуў, што і ў ім затлела туга. Дзед Амялян, які памёр перад самай Міканоравай службай, ідучы з гумна! Дзед, які столькі ведаў казак, з якім столькі вечароў грэліся, калі Міканор малы быў, на чаране. Дзед, які зрабіў яму калісьці санкі, пра якога столькі добрага помнілася!.. А бацька называў ужо імёны нябожчыкаў дзяцей сваіх, Міканоравых братоў і сясцёр — памінаў Ілюшу, Маню, Матруну, Петрыка, Мотрыка. Ілюшу і Маню Міканор не бачыў ніколі, а Матруна ж і Петрык на вачах яго задушыліся ад гарлавой; ледзь не ў адзін дзень памерлі. Ён помніць, Петрык задыхнуўся, калі Матрунку яшчэ не занеслі на могілкі, калі яшчэ ляжала ў труне. Іх павезлі разам, палажылі ў адну яму… А Мотрык утапіўся, калі пасціў каня на ўзболатку. Хацеў пакупацца, ды як нырнуў у балотнае азярцо, дык там і астаўся. Выцяглі з-пад карча толькі на другі дзень, усё не маглі знайсці. Сіні быў ён, страшны. Бедная матка, як яна білася, гаравала тады над Мотрыкам, над неспадзяванай бядою, што ўзяла дарослага ўжо сына. І колькі ж ёй, калі падумаць, давялося перажыць за ўсё жыццё, пабедаваць над дарагімі магіламі!..