У гэты момант Міканор пачуў сябе нібы вінаватым перад маткаю, не зазлаваў за тое, што ўткнула ў гаршчок з куццёю, запаліла свечачку. Як было, калі разабрацца, злаваць на яе, цёмную, сагнутую такімі бядотамі, поўную такой любові да тых, каго адабралі ад яе хваробы ды неспадзяваныя няшчасці!.. Але ж як хітра прыплялася да чалавечага гора рэлігія, і тут не мінула пакарыстацца!
За сталом матка і бацька сядзелі, вячэралі як ніколі маўкліва, нібы чулі за сабою цені тых, хто даўно ўжо не прасіў яды. Абое, было відаць, думалі, успаміналі; бацька, перш чым браць якой стравы самому, адліваў лыжку яе ў місу, пастаўленую на акне, дзядам, нябожчыкам. Маці сядзела за сталом, толькі перастаўляла міскі, нічога не прыбірала. Вячэра здалася Міканору вельмі доўгаю і сумнаю; ён ледзь дачакаўся, калі бацька нарэшце паставіць на стол гаршчок з куццёю, налье салодкай вадзіцы-сыты з маку і мёду, паспытаўшы якія, можна, не крыўдзячы старых, устаць…
Калі адзяваўся, каб пахадзіць па марознаму вячэрняму двару, заўважыў: непустыя міскі пасля вячэры так і асталіся на стале — каб дзядам было чаго пад'есці!
Стаяў на ганку, думаў вечную думку сваю пра цемнату людскую, пра тое, як цяпер, мабыць, хораша на замерзлай Прыпяці — лёгка, весела бягуць лыжы! Нехта, не сакрэт, як і ён, ляціць з гары, аж дух зацінае! Згадаў вясёлага таварыша свайго Івана Мароза, што паехаў аж у Менск на курсы, — раптам зашчымела скруха: пабачыцца б, паштурхацца, пакпіць адзін з аднаго!.. Абяцаў лісты пісаць, а няма ўсё чамусьці!..
Як і не чуў гамонкі, смеху на вуліцы, нікуды ў гэты вечар не хацелася ісці. Стаяў, нібы на нявіднай варце. Прайшло некалькі постацей, дзве-тры вясёлыя купкі. Дзве постаці, ужо ледзь не абмінуўшы, раптам спыніліся, прыгледзеліся.
— Ці не Міканор ето? — сказала, тоячы смех, адна.
Міканор пазнаў Чарнушкаву Ганну і ахвотна падаўся да яе. З Ганнай была Хадоська.
Ён прывітаўся.
— А я думала, ці не акалеў часам! — пакпіла Ганна. — Стаіць, як слуп пры шляху!
— Замерз! Не шкодзіло б і пагрэць, штоб було каму! — прыкметна павесялеў Міканор.
— Дак жа чарэн, мабуць, е? Ці заняты, можа, бацькам?
— Ды не. Але мне болей даўпадобы — жывы!
— Унё! Дак пашукаў бы! Можа, і знайшоў бы, калі не вельмі пераборлівы!
— Пераборлівы! Адны мне не падабаюцца, а другім я не даўпадобы. А трэція — дак занятыя! Адразу па два кавалеры, як стража па баках! Падступіцца няма як!
— От найшлі пра што гаварыць! — умяшалася Хадоська, тупаючы акуратнымі лапцікамі. — Лепей скажы, што табе суджано? Гадаў жа, пэўне?
— Не-а. Бо і так знаю: у халасцяках хадзіць буду, пакуль не надаесць вельмі.
— І мне нічого добраго не выйшло! — сказала Ганна, знарок журачыся. — Гадалі мы з Хадоськай, цягнулі саломіны. Дак ёй выцягнулася доўгая саломіна і — з коласам! Скора замуж пойдзе і — за багатого хлопца.
— От скажаш! — засаромелася Хадоська.
— А можа ж, я выдумляю?
— Не выдумляеш, але… — Хадоська, чутна было, уся поўнілася радасцю. — Але — не трэба казаць!..
— А мне, — пакпіла над сваёй няўдачай Ганна, — нічого добраго не выйшло! Кароценечкая саломінка і пустая! І возьмуць не скоро і — удавец стары будзе! От шчасце якое!
— Удавец! — раптам засмяяўся Міканор. — Дак ето ж добра! Ето ж ты, мабуць, выцягнула мяне! Я ж, можно сказаць, удавец. Бо ў мяне ж була… жонка!
— Була ў старца торба!
— Не, праўда, була! У Мозыры, на службе! Чорненькая, стройненькая, красівая! Вінтовачка трохлінейная!..
— Я ж і кажу: була торба!..
Хадоська, якая ўвесь час паглядвала на вуліцу, заўважыла непадалёк дзве постаці, нецярпліва пацягнула Ганну за рукаў:
— Хадзем!
Ганна таксама ўбачыла тых, што рыпелі снегам, падыходзілі, але адразу адвярнулася, папрасіла Міканора:
— Правядзі нас… Паварожым у Сарокі…
Штосьці было ў яе голасе такое шчырае, давернае, што прымусіла Міканора на момант завагацца. Міканор вытрымаў характар.
— Варажыце ўжэ адны…
Яна, было відаць, пакрыўдзілася трохі, але не сказала нічога: падышлі Яўхім з Ларывонам. Яўхім паздароўкаўся, зухавата пацікавіўся:
— Дак аб чым жа тут сакрэты?
— А аб тым, — сказала, знарок пазяхаючы, Ганна: — Час ці не час ісці спаць?.. Міканор кажа, што — час…