Выбрать главу

— Дак няхай і ідзе…

— І мяне нешто на дрымоту хіліць…

— У такі вечар! — зарагатаў, хацеў перавесці гаворку ў жарт Яўхім.

Але яна жартаваць не захацела — невядома, чым і закончылася б гэта гаворка, калі б Хадоська не пацягнула Ганну за рукаў.

— Што ты ето выдумала! Хадзем!

Хадоська ледзь не сілком павяла з сабой яе. Міканор астаўся адзін. Ужо на сваім двары пачуў ён здалёк Яўхімаў рогат, падумаў: а не вельмі ж яна да цябе хіліцца, Глушачок! Не цябе, не сакрэт, пабачыць хацела б; не цябе і — не мяне, канешне. Толькі ж — учэплівы ты, усё — думаеш — тваім быць павінна!..

6

Вёску нібы апанавала дрымота. Цэлымі днямі цяпер ніхто нікуды не спяшаўся, усе хадзілі павольныя, паважныя, бесклапотныя; маладзейшыя бавілі час у гаворках, старэйшыя цэлымі днямі грэліся, спалі на чаранах. Драмалі ў хлявах коні, стаялі, умярзалі ў снег сані, нават вароты і жураўлі над калодзежамі рыпелі неяк санліва, нудна…

Мабыць, ніколі не паўзлі так марудна, нецікава дні ў Міканоравым жыцці, як у гэты калядны тыдзень. Маці тое-сёе рабіла па гаспадарцы, а бацька ледзь не цэлымі суткамі пасвістваў носам на печы. Злезе, крэкчучы, чухаючыся, пашаргае пасталамі па падлозе, пад'есць ды зноў на чарэн, і хоць бы што. Міканор жа чым толькі ні спрабаваў запоўніць нудную калядную пустэчу — і па гаспадарцы рабіў усё за сябе і за бацьку, і газеты чытаў, перачытваў, аж цямнела ў вачах, і ўсё чуў: нуда, пустэча не адступаецца…

Мала цешылі яго і вечары, калі моладзь доўга снавала па вуліцы, галёкала, будзіла марозную цішыню смехам. Маці раіла пайсці, не нудзіцца, Хоня і Алёша прыходзілі некалькі разоў, звалі — не згадзіўся: не яго гэта свята, не яму радасць!..

К канцу тыдня Курані зноў заварушыліся. З самага ранку перад шчодрым вечарам пацягнуліся ў неба дружныя дымы, пацягнуліся і не ападалі ўжо ўвесь дзень. Не ўціхаў агонь і ў печы ў Міканоравай хаце: кіпела варыва ў чыгунах і чыгунках, цяпер ужо не поснае! — скварчэлі сала і каўбасы на скаварадзе. Недарэмна мёрз у каморцы разрэзаны, разабраны, дачасна загублены кабанчык!

Недарэмна загублена было і жыта на брагу: чуў Міканор, бацька толькі і чакае, каб ён сышоў куды-небудзь, — каб разліць гарэлку з барыла, што ў склепе, па пляшках. Пляшкі, вымытыя маткаю, стаялі напагатове пад услонам.

Яшчэ добра і не ўцямнела за акном, як непадалёк пачулася песня-шчадроўка. Неўзабаве танклявыя дзіцячыя галасы пішчалі ўжо каля яго вокан:

На новае лето

Нехай родзіцца жыто!..

Святы вечар!

Пажадаўшы Міканораваму бацьку — гаспадару, каб радзіла не толькі жыта, але і пшаніца, і «ўсякая пашніца», галасы пад вокнамі, на момант перапыніўшы спеў, аб нечым паспрачаўшыся, нядружна запішчалі-зазычылі:

Піво варыць,

Міканора жаніць.

Святы вечар!

Бацька на гэтае пажаданне ахвотна засмяяўся, весела зірнуў на Міканора, маці, усцешаная, прытулілася тварам да незамерзлага ражочка акна, угледзелася:

— Зайчыкавы! От малайцы! Як дарослыя — разумныя!

— Сам Зайчык, не сакрэт, навучыў розуму, пасылаючы!

— А хоць і Зайчык, дак што! Усё адно — малайцы!

Дзеці з-за акна ўжо раілі Міканоравым бацьку ці матцы:

Залезь на баляску,

Дастань каўбаску!

Святы вечар!

Стань на драбінку,

Дастань саланінку!

Святы вечар!

— Інструктаж палучылі — па ўсіх правілах! — пахваліў па-свойму Міканор, але не засмяяўся, ведаў: не з выгоды выпер дацямна сваіх Зайчык! Як старцаваць прыслаў, Калядамі карыстаючыся!..

Расчуленая маці, не апранаючыся, вынесла раннім спевакам добры кавалак каўбасы, акраец свежага хлеба. Але не ўправілася яна вярнуцца, не паспелі Зайчыкавы, мабыць, выйсці на вуліцу, як пад вокнамі зноў запішчалі: на гэты раз ужо суседскі малы — Валодзька з Чарнушкавым Хведзькам, — запішчалі няцвёрда, баязліва, з няпэўнай надзеяй, мусіць, першы раз у жыцці! Яны хутка збіліся, збянтэжыліся зусім і змоўклі дачасна. За імі, таксама амаль без перапынку, нібы толькі і чакалі, калі гэтыя скончаць, азвалася пад вокнамі новая чародка.

— Ето ж — Хоневы! — аб'явіла радасна матка, вярнуўшыся з двара.

Песні пад вокнамі цяпер амаль не змаўкалі, за дзецьмі неўзабаве пацягнуліся купка за купкай падлеткі, нават дарослыя, гэтыя ўжо часта не з пустымі рукамі, а са звяздою, што чырвона, варухліва адбівалася на марозных узорах, выглядвала ў ражок чыстай шыбы. Потым некалькі хлопцаў гаманліва ўваліліся ў хату разам з клубамі халоднай пары і «казою». «Каза» — нехта ў перавернутым кажусе — сагнулася, закруцілася, затупала, так смешна падкідвала нагамі, так пацешна мэкнула, тоненька, жаласна, што бацька зачухаўся ад уцехі: