Выбрать главу

— Чысто — юравіцкія козы! Што па гарэ лазяць!..

З уцехай глядзела і маці, якая адно пахвальна ківала галавой — от жа майстар! Міканор, які таксама не мог не прызнаць таленту «казы», падумаў пра бацькоў: уліплі вачыма, як бы ім спектакль, кіно прывезлі! Тут жа сам з сабою разважыў: а ці ж не спектакль для іх гэта, не кіно, калі пра тое кіно да яго, Міканора, гаворак яны і чуць не чулі нічога! І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася!..

Якая ні ўдалая была «каза», але без прыхільнасці слухаў Міканор святую песню, што заспявалі хлопцы над ёю. Не ўтрываў, каб не пакпіць:

— Нічого ваш баран! Толькі штоб на базар завезці, дак падкарміць трэба було б!..

— Міканорко! — перапыніла яго маці.

Яна больш як каго шчодра надзяліла хлопцаў, укінула ў торбу і большы кавалак каўбас, і падсмажанага мяса, і хлеба; як ні з кім была ласкавая, як магла, старалася, каб хлопцы, не дай Бог, не панеслі з хаты ад Міканоравай кпіны якой крыўды…

На другі дзень ледзь не з самага ранку хата гаманіла гасцямі. Першыя прыбылі на санях — Вольга са сваім чалавекам, з цэлай чарадою адзетых у світкі, абкручаных, перавязаных хусткамі, змерзлых, дзікаватых дзяцей. Прывезла і самае дробнае, паклала на палаці. Не ўціхлі аханне, радасныя крыкі сустрэчы, папрокі Міканору, што не прыехаў быў у Мокуць, як Вольга з чалавекам, з бацькам і маткаю сталі выпраўляцца зноў на вуліцу, ехаць у Алешнікі на абедню. Вольга пазвала нават Міканора, але бацька сказаў коратка, значна:

— Не прызнае! Кансамолец!..

Маці кіўнула дачцэ, уздыхнула. Малыя госці, без світ, без хустак, адны — бялявыя, кірпатыя, у матку, другія — з чорнымі неслухмянымі хібамі, як дзікія кабаняты, абліччам на бацьку — спачатку ў чужой хаце, перад чужым дзядзькам ніякавелі, ціснуліся адно да аднаго ды азіраліся. Нібы ў палоне былі. Міканор пасарамаціў іх за нясмеласць, сказаў, што хлопцам гэта ды асабліва пагана, але ад жартаў яго ўсе надзьмуліся яшчэ больш. Заўважыўшы, што адзін са старэйшых вельмі ж глядзіць на яго будзёнаўку, зняў шапку з цвіка, надзеў яму на галаву, дадаў:

— Ты самы смелы!

Малы ад уцехі аж вылупіў чарніцы воч, так надзьмуўся. Не мінула і хвіліны, як надзець шапку захацелася другому хлопцу, а ледзь той схаваў паўгалавы ў будзёнаўцы, і абедзве дзяўчынкі таксама загарэліся — і нам дай, дзядзько, і мы смелыя. Першы ж — наравісты «кабанчык» з хібам — мірыцца з гэтым не захацеў, нецярпліва тузануў шапку да сябе. Але бялявая малая толькі мацней учапілася за яе, — быць бы бою, каб не ўмяшаўся Міканор. Дастаў дзяўчатам з чамадана кніжку з малюнкамі…

Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва «кабанчыкі» — расхадзілася так, што скакалі і на печы, і на палацях, і пад палацямі лазілі. Міканору ўжо стрымліваць іх давялося, адабраць шынель, які сталі валачыць па падлозе. Давялося, за старэйшую бялянку, на якую больш спадзявалася Вольга, гушкаць, карміць малаком з пляшкі тую, каторая была на палацях…

Вясёлы гэта быў час, поўны гоману, добрых уражанняў, дзейнасці. І нажартаваўся Міканор, і насмяяўся, гледзячы на малых, і нарабіўся, пакуль вярнулася з царквы Вольга з бацькамі і чалавекам.

Хутка пасля таго як яны вярнуліся, гасцей у хаце стала большаць. Прыехала з Алешнікаў двое дзядзькоў з маладзіцамі, прыбіўся нейкі матчын сваяк з Хвоенкі, барадаты, шапялявы; нарэшце, прыдыбаў з другога канца Куранёў кульгавы Сямен з Насцяй, Міканоравай сястрой. Пакуль дзядзькі гаварылі з Міканорам, а жанкі растарэквалі каля прыпека, матка з Вольгай і Насцяй, а потым і з бацькам узяліся клапаціцца каля стала.

— Дак, можа, ужэ сядзем, — сказала ласкава маці. — Папробуем, чым Бог надзяліў… — Пасадзіўшы жанок, дзядзькоў, тады, як бацька стаў наліваць гарэлку, адазвала Міканора ў дальні кут, занепакоена зашаптала: — Памаўчы бо пра Бога і пра святых… Гасцей хоць не трывож…

— Пастараюся, калі сцерплю… — не то з жартам, не то зусім сур'ёзна паабяцаў ёй Міканор.

Ён не трывожыў ні гасцей, ні маці: тут трэба было лічыцца з законамі гасціннасці, законамі, якія ён не меў ніякага права не шанаваць; нельга ж было наганяць нядобры цень на бацькоў. Еў і піў, асабліва спачатку, усё ж без ахвоты: чуў, што нібы робіць саступку бацькам у спрэчцы з-за кабанчыка і брагі; але чым больш п'янеў пад пільным прыглядам гасцей, што насядалі кожны раз, калі спрабаваў паставіць шклянку недапітай, тым слабей чуў свой папрок сабе. Потым і зусім забыў ніякавасць: і піў, і жартаваў, і галёкаў, як усе.