Выбрать главу

«У першых радках майго пісьма, — гаварыў Іван, — спяшаюся паведаміць табе, што я, не сакрэт, канчаю курсы і скора паеду на новую сваю работу, а куды — гэта ўжо сакрэт…» Міканор нібы пабачыў гарэзную Іванаву ўсмешачку — і тут, прычэпа, не ўтрываў, каб не пакпіць з любімага Міканоравага слоўца! І не забыў пра гэта слоўца, помніць!

З радасцю сустрэчы з таварышам няпрошаная, кволая заныла зайздрасць: цікавая праца будзе ў Івана. Некалькімі радкамі ніжэй таварыш, як бы незнарок, намякнуў, што будзе служыць на граніцы. І ён, Міканор, мог бы з ім быць, і яму ж казалі ісці на тыя курсы. Ды ён не згадзіўся — снілася, звала дамоўка…

Яшчэ раз сум і зайздрасць варухнуліся, калі ў канцы кароценькага пісьма прачытаў: «Ледзь не забыў! Прывітанне табе ад Кісяля! Нядаўна прыслаў вестку — таксама дома заварочвае. Камуну арганізаваў!.. От табе і Кісель!»

«Камуну… А тут — і з грэбляй ніяк не дасі рады!» — папракнула Міканора думка.

Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі, хлапечымі сарочкамі і світкамі. Людзі ўсё выходзілі і выходзілі з-за хаты. Нізалася мірная гамонка старых, гаспадароў, вясёлы гаварок моладзі. Ва ўсім чуўся спакой святочнага дня і радасць волі: мабыць, кончылася царкоўная служба.

Міканор успомніў бацькаў наказ — паглядзець, ці не прадаюць кос, — і ўжо намерыўся падацца ў краму, калі к дому ціха падкаціла тачанка з Апейкам. Апейка кіраваў сам, вітаўся з людзьмі, што здароўкаліся з ім і кланяліся. Каля плота, калі ён стаў прывязваць каня, некалькі чалавек акружылі яго, пачалі аб нечым раіцца, распытваць. Міканор пастаяў поблізу, але Апейку было не да яго, і ён сеў на парозе пачакаць, калі старшыню адпусцяць.

— А! Якраз дарэчы! — узрадаваўся Апейка, убачыўшы Міканора. — Успамінаў ужо, думаў, як бы дабрацца! Толькі як дабярэшся? Аэрапланам хіба, дык не далі! — Ён загаварыў клопатна: — Болей за паўволасці адарвана. Кіраванне, называецца!.. Ну, што ў вас? Сяўбу скончылі?

— Пасеялі.

— Настрой які ў людзей? Чутак ніякіх не ходзіць, страшных? Пра вайну, пра чарцей балотных?

— Ды не, ціхо. Іншы раз хіба Маслака прыпомняць, матка якая сына пастрашыць. А так — ціхо.

— Спакойна. Гэта добра. Пара і вашым к спакою прывыкнуць. За грэблю калі возьмешся?

— Дак от думаю цяпер.

— Самы час. Бярыся, не валаводзься попусту. Упусціш момант — не сабярэш нікога.

— Дак от, кеб Алешнікі не запазніліся. Кеб у адзін дзень. Зразу з абодвух бакоў.

— Абяцалі, што не падвядуць. Ну, але калі такі неспакой у цябе, сам пасачу, каб не спазніліся… Жалезнякі і сякеры атрымаў?

— Дак дзе там! Першы раз чую, што яны е. Нікога ж шчэ не бачыў… — Было відаць, што Міканора вельмі ўзрадавала гэта навіна.

— Рабочыя з Рэчыцы прыслалі… Трэба будзе падмога якая ад мяне — прыязджай у любы час! Чым магу — памагу!

— Хіба, калі папужаць каго трэба будзе, налегці.

— А ты не сілаю, а свядомасцю старайся браць. Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Паднімі іх над балотнай тванню, выведзі з царства затхласці, пакажы — што навокал робіцца, што наперадзе будзе! Ты ж бачыў многа сам, ведаеш нямала! Зацікаў жа другіх, запалі іх!

— Спробуваў.

— І што? Не паддаюцца? — вочы Апейкі кальнулі.

— Туго. Нецікаўны нейкі народ у нас. Цёмны, ведамо…

— Усе цёмныя, пакуль не стануць светлымі. Працаваць нам трэба з імі, па-ленінску — цярпліва, з верай у іх, з любоўю! З ленінскай любоўю! Не адчайвацца зразу, працы тут не на дзень і не на год!

Падбег зачырванелы Дубадзел. Апейка загаварыў да яго:

— От тут Міканор збіраецца брацца за грэблю і непакоіцца, каб не падвялі Алешнікі.

— Выйдуць усе. Як адзін, — пакляўся Дубадзел, зірнуўшы на Міканора так, нібы той абразіў яго.

Неўзабаве Апейка з Дубадзелам падаліся ў сельсавет, а Міканор, развітаўшыся з абодвума, пайшоў у краму. Яшчэ перад крамай яго зноў спынілі, падступілі з роспытамі пра дарогу, пра куранёўскія навіны. У краму ледзь уціснуўся. У духаце, перамешанай з пахамі дзёгцю, газы, поту, калыхалася святочная гамонка, вісеў тытунёвы дым. Пакуль Міканор праціснуўся к прылаўку, і сам узмакрэў, хоць выкруці сарочку.