Выбрать главу

Кос не было. Дзядзькі, падхапіўшы Міканорава пытанне, сталі лаяць кааперацыю — што за крама, калі ў ёй касы перад касавіцай не дастаць, — здзіўляцца Нохіму, у якога заўсёды ўсё ёсць, няхай сабе даражэй, але затое без паю. Крамнік, дробны, касавокі дзядзька, відаць, даўно прывыклы да такіх размоў, толькі галавой весела пакруціў: от ахвота часаць языкі без толку…

Купіўшы запалак, кніжачку «Што трэба зрабіць, каб добра расло жыта», Міканор зноў выбраўся на волю, на сонца. Зноў пакіраваў к дому, дзе жыў Гайліс; нельга ж было пайсці з сяла, не пабачыўшыся з ім. Калі ён і цяпер у полі, то прыйдзецца папытацца ў старой злюкі дарогу і падацца туды…

Але Гайліс быў ужо дома, толькі што выпраг каня з калёс, на якіх ляжаў плуг. Хударлявы, доўгі, з сухім, вуглаватым тварам і чубком жоўтых валасоў, ён адразу пайшоў насустрач, трохі пакульгваючы, але разам з тым па-вайсковаму зграбна. Сінія вочы глядзелі мякка і нават нібы сарамяжа, а поціск рукі быў дужы, рашучы.

— Даўно ўжэ не было! — засмяяўся ён вачыма.

Гаварыў Гайліс з акцэнтам. Словы, якія ён толькі што сказаў Міканору, выйшлі ў яго так: «Тафно фжэ не было». Куранёвец ведаў, што з Гайлісавай гаворкі нямала хто падсмейваўся, але Міканор нібы і не заўважыў акцэнту, такую павагу ў яго выклікаў дзіўны латыш, які браў мяцежны Кранштат і бачыў блізка Леніна…

— Сядай, — запрасіў Гайліс. Яны селі на бервяно каля хлява. Гайліс зноў пяшчотна засмяяўся: — Даўно ўжэ не былё! Тры месяцы?

— Тры…

— Даўно. Бірук у лесе! А мы тут, брат, такія справы заварочваем! Па-першае, у Алешніках і Глінішчах — машынныя товарыствы. У Алешніках — яшчэ і малочнае! — Дзіцячай радасцю сінелі добрыя вочы.

Міканора гэта таксама радавала. Але, як і тады, калі ў Марозавым пісьме чытаў пра Кісялёву ўдачу, да радасці прымяшалася зайздрасць, смутак: зноў нібы пачуў дакор сабе.

— Клуб стаў клубам. Кожны вечар адчынены. Бібліятэка. Гурткі: агранамічны, антырэлігійны, драматычны. Падрыхтавалі смешны спектакль. Называецца «Прымакі». Напісаў Янка Купала. Вельмі смешная штука — людзі жываты папарвалі! Мы этот спектакль вазілі паказваць у Глінішчы і Княжыцу. Таксама смеху было!

— К нам бы прыехалі!..

— Прыехалі б. Дык, д'ябал яго знает, як дабрацца! Артысты могуць патапіцца! Наогул, брат, твае Курані мне — як зуб баліць. Вельмі баліць. Як скула. У кааперацыю палавіна не ўступіла!

Калі гаворка пайшла пра грэблю, з хаты выйшла дужая, лагодная маладзіца з поўнымі голымі рукамі, паклікала абедаць. Міканор, хоць бачыў яе не ўпершыню, чуў сябе трохі няёмка: не ведаў добра дасюль, кім яна была Гайлісу, гэтая прынадная ўдавіца-салдатка, што прытуліла бяздомнага, добрага латыша. Жонка не жонка, усе навокал гаварылі, што вяселля не гулялі, а вось жа — цяжарная, праз месяц-другі народзіць…

Дзіўнае было іх жыццё, дзіўнае і знаёмства. Толькі адзін вечар пабыў у Любы-Харытоніхі ўзводны Гайліс, калі гналі за Прыпяць банду Балаховіча, але і праз год сярод усіх сваіх ваенных дарог не забыў сцежкі да яе хаты. Вярнуўся, асеў каля ўдавіцы…

Хаця — куды ж падацца было яму, маладому, адзінокаму, калі родны кут застаўся недзе там, па другі бок мяжы…

Гайліс запрасіў і Міканора паабедаць. Але Міканор сказаў, што няма калі, — трэба дабірацца назад, пакуль светла. Дамовіўшыся аб усім, што датычыла пачатку работы пры грэблі, ён ускінуў на плечы дзве важкія нізкі сякер і жалезнякоў, якія Гайліс вынес з сенцаў.

— Ето груз! Як пакаўзнешся ў воду — зразу на дно! — засмяяўся Міканор. Праз хвіліну, згорблены, ён тупаў ужо к балоту.

3

Заходзіў на двары, у хаты, у хлявы, на прыгуменні — дзе каго мог пабачыць, — загадваў заўтра ісці рабіць грэблю. Побач пакорліва цягнуўся Грыбок, то падтрымліваў нясмелым «аге», то зусім маўчаў.

Прыйшлося зноў Міканору не аднаго ўгаворваць, не з адным нават лаяцца. Нібы і не было ніякага сходу, ніякай пастановы — хоць ты пачынай усё спачатку. Праўда, Чарнушка, да якога Міканор з Грыбком збочылі найперш, сам слова не сказаў супроць, але затое жонка яго так накінулася, кленучы і балота, і грэблю, і сход дурны, што Міканор выйшаў з хаты, не даслухаўшы ўсяго.

Васіль Дзяцел на Міканораў загад нездаволена засоп, адвёў вочы ўбок:

— Тут са сваім няўпраўка… І без таго, як шкурат, круцішся…

— Пазней горай будзе адарвацца на грэблю.

— Горай-то горай… Да і цяпер…

Іван Зайчык сустрэў весела, ахвотна сказаў, што прыйдзе, — калі толькі Міканор з Грыбком пачастуюць гарэлкай.