— Пастаў, Міканорко, бочку гарэлкі, дак не тое што я — усе прыпусцяць навыперадкі! Ей-богу, Міканорко, прыляцяць, от пабачыш! Толькі скажы, і прыляцяць!.. Можно, канешне, тую гарэлку і не везці, а толькі паабяцаць — будзе, маўляў! А потым, як сабяруцца, скажаш — няма!.. Вот смеху будзе!
Ларывон, якому трэба было прыехаць з канём, заявіў наадрэз:
— Што я — гарбаты? Другія — без коней, а мне дак каня губіць!..
— Прыходзь без каня! — ускіпеў Міканор. — У балото палезеш, канаву капаць!
Здавалася, пасля ўсіх гэтых спрэчак, усёй прыкрасці такім прыемным павінна было б прыйсціся ветлівае абыходжанне Глушака, які не толькі сказаў адразу, што абавязкова прышле Яўхіма з канём, але нават пахваліў, што добрую справу ўзяліся рабіць. Хоць таксама ж ветліва, без лішняй гаворкі, правёў Глушак іх за вароты, у Міканора было такое адчуванне, як бы даткнуўся да чагосьці слізкага, халоднага.
Усё сяло абышоў Міканор, ні аднаго двара не мінуў. Вяртаўся дахаты ўжо ў добрых поцемках, стомлена, узрушана думаў: зноў столькі прыйшлося ўгаворваць, упрошваць, дакараць — нібы гэта грэбля не ўсім, а яму аднаму трэба.
«Вот жа людзі! Што б ні сказаў зрабіць — усё насуперак. Як бы бяду якую ім рыхтуеш…»
Раніцай, ледзь у расхрыстанай зрэбнай сарочцы, басаногі, выйшаў на ганак, кінуў вачыма навокал, прыслухаўся: збіраюцца на грэблю ці не збіраюцца? Убачыў за плотам Васіля, які паіў з жолаба каня, па халаднаватай, роснай траве падышоў да хлопца, паздароўкаўся.
— На грэблю сабіраешся?
Васіль адвёў вочы ўбок, буркнуў, як адмахнуўся:
— Пойдзе нехто…
— Чаго ето — нехто?
— Ну, мабуць, дзед пойдзе.
— Чаму — дзед? А ты?
— А мне тут работы — па горло.
— Усім дома работы багато. Не сакрэт. Дак калі кожны будзе дзядоў ды баб пасылаць, а сам дома сядзець — вот грэблю зробім!
— А тут ты за мяне рабіць будзеш?
— І тут, і там ніхто за цябе рабіць не будзе! — Міканор загаварыў грозна, загадна: — Тут — як сабе хочаш рабі: хоць дзеду, хоць Валодзьку паручай, а на грэблі — кеб буў сам!
Міканор павярнуўся і злосна, цвёрда пакрочыў дахаты. «От жа — натура: так і глядзіць, кеб збоку пераседзець! — ледзь не лаяўся ён, думаючы. — Аж калоціцца, кеб не перарабіць за другога! Малако шчэ матчынае не абсохло на губах, а ўжэ за ўсіх хітрэй буць хоча! — Не першы раз успомніў вайсковую службу: — Папаўся б ты мне там такі! Я цябе б — не сакрэт — умэнт чалавекам зрабіў бы!»
Нічога, нічога, дайце час — ён, Міканор, і тут каго-нікаго па-людску рабіць навучыць!
На грэблю выехаў удвух з бацькам не вельмі рана, каб адразу ўслед пацягнуліся і іншыя. Але праз тыя паўсяла, што ехаў вуліцаю, давялося ехаць адным, ніхто не далучыўся ні на калёсах, ні пешкі. Так адны і выехалі ў поле. Усё ж не трывожыўся — бачыў, што людзі збіраюцца, раней ці пазней падыдуць. Душу поўніла святочная радасць: вось ён, той даўно чаканы дзень!
Дзень выдаўся як на заказ. На лагодным, агромністым прасторы неба не было ні адной хмурынкі, толькі зіхацела вясёлае, іскрыстае сонца. Агароды, куп'істы выган, на якім Чарнушкавых Хведзька сцярог аблавухую свінню, ціхія зараснікі за сажалкаю, поле, што выходзіла з-за зараснікаў, — усё радасна, святочна праменілася, нібы таксама ведала, які сёння ранак.
Усё-ткі чым бліжэй пад'язджаў да грэблі, чым далей, азіраючыся на хаты, не бачыў нікога следам, настрой хмурнеў. Калі ж праехаў цагельню і спыніў каня на ўзболатку, пачуў сябе зусім ніякавата. Камандзір без войска!
Праўда, на другім баку, дзе віднеліся на выспе алешніцкія стрэхі, таксама не было ні душы. Нават Гайліс яшчэ недзе збіраўся. Міканор заўважыў, што над тванню, над іржавай балотнай вадзіцай яшчэ дыміцца пара. Паспрабаваў супакоіць сябе: рана выкаціўся…
Каб не траціць попусту час, ён паслаў бацьку вазіць пясок, а сам стаў размячаць пачатак грэблі. Паставіў некалькі вешак, пралажыў канаўкі, згадаўшы, што такія канаўкі рабіў летась, калі паказваў, як капаць акопы. За гэтым заняткам ён і ўбачыў дзве постаці, што ішлі к грэблі, аб нечым гамонячы. Зводдалек пазнаў Сароку і Зайчыка.
Каля Міканора Сарока як бы схамянулася, агледзелася.
— Бегла, баялася — кеб не спазніцца, а прыбегла — адна мая спадніца!
— Спадніца — адна, а штаноў — трое! — паспрабаваў падтрымаць яе жарт Зайчык.
— І спадніца адна, і штаноў мала — нешта Курані заспалі!
Слухаючы яе вясёлую гамонку з прымаўкамі, Міканор заўважыў: каля цагельні паявіліся яшчэ калёсы. Ужо калі яны былі блізка і Міканор добра бачыў, што едзе Чарнушка з дачкою, з-за цагельні выплішчылася яшчэ постаць з жалезняком. Міканор яшчэ здалёк разгледзеў: Хоня ідзе.