— Пакуль парадак у табары сваім навёў, — загаварыў Хоня, як заўсёды жвава, бадзёра, — думаў, спазнюся саўсім! Вочы пазычаць, баяўся, прыйдзецца! Аж не — хоць ты задавацца пачні, — ледзь не першы!
— Калі б так у арміі цягнуліся, дак камандзір так на цыгундар узяў бы, што не рады булі б! — сказаў Міканор.
— А ты б і тут ўзяў бы, а! — параіў Зайчык. — Даў аднаму штрап, другога — у кутузку! Забегалі б, нябойся!
— Хто забегаў бы, а каго не вельмі-то і падагнаў бы! — разважліва прамовіў Хоня. — Вучоныя ўсе! Воля, знаюць!
— Дзісцыпліны трохі — непагано б, не сакрэт, — сказаў Міканор.
Курылі, гаманілі, то пазіралі ў бок цагельні, ад якой паўзлі яшчэ калёсы ды ішлі, хісталіся ў хадзе некалькі постацей дзядзькоў, то аглядваліся на той бераг, дзе збіраліся алешнікаўцы: там таксама людзей было нягуста.
— А сонца, бач ты, прыпякае! Высоко ж узлезло!
— Хто мяне выпер са двара ні свет ні зара! — пашкадавала Сарока. — Шчэ б магла і свінням зварыць, і тое-сёе другое зрабіць!
— Усяго не пераробіце, цётка Аўдоцця!
— Тое-сёе шчэ б ухапіла, чым тут тырчаць няміла!
— А вы б падрамалі, як каторыя, — адазвалася са смехам Ганна, зірнуўшы на некалькіх дзядзькоў, што разлегліся ў траве.
Хоць сабралася людзей пакуль небагата, Міканор адчуў: нельга болей марнавацца. Хто прыйшоў, з тым і пачынаць трэба. Няхай прывыкаюць да парадку: і тыя, хто тут ужо, і тыя, якія прыйдуць. Будуць ведаць, як пазніцца.
— Ну што ж, валаводзіцца няма калі! — як бы ажыў Міканор. Нуда чакання адразу адступіла. — Пачнём! — Ён зірнуў на Чарнушку і на бацьку, які прывёз і ссыпаў воз зямлі: — Вы, дзядзько, і вы, тато, будзеце вазіць землю… Цётка Аўдоцця, вам — капаць землю і накідаць на вазы. — Міканор не даў ёй слова сказаць, павярнуўся к Андрэю Рудому. — Вы, дзядзько Андрэй, — Міканор глянуў на барадатага Пракопа, — будзеце з дзядзькам Пракопам, дзядзькам Іванам і Васілём масціць грэблю. — Міканор спаткаўся вачыма з Ганнай, улавіў кпінку: бач, як раскамандаваўся! Выгляду не падаў, што зніякавеў трохі, прамовіў цвёрда: — Ганна і Хадоська будуць вам памагаць!
Міканор мелькам заўважыў, што бацька не едзе, раўніва сочыць за ім, як бы баіцца, што ён, Міканор, у чым-небудзь памыліцца, ці не ўпэўнен, што паслухаюцца яго. І разам з тым — збоку відаць — ззяе шчасцем: бачыць сына на чале столькіх людзей — усіх, лічы, Куранёў!
Міканор паказаў на дзве вялікія вехі, пастаўленыя яшчэ зімой, на радкі дробных вешак, якія ўткнуў толькі што.
— От так, ушыркі. Тут — пасярэдзіне — грэбля. Тут — па баках — канавы, штоб вада сцякала… — Ён угледзеўся ў другі бераг. — Там, на тым баку, відно вешкі. Відно? Там — канец грэблі. Туды трэба весці грэблю. Роўна, як штык! Ясно?
Міканор і сам адчуў, што на долю яго выпала не абы-якая роля. Гэтае адчуванне было ў ім не ўпершыню, было яно і на сходзе, калі яго назначылі, і потым, калі думаў пра грэблю; але цяпер справа, якую раней толькі ўяўляў, станавілася ўжо дзеяннем не аднаго яго, а многіх людзей, і важнасць гэтай ролі як бы вырастала. Не на каго іншага, а на яго, Міканора, глядзелі людзі, чакалі загаду, куды ісці, што рабіць; ад яго залежала размеркаваць, паставіць усіх так, каб работа пайшла добра, суладна. І няхай тут небагата сабралася, але ж не адзін тут такі, што ў бацькі яму годны гадамі, і камандаваць усімі, што ні кажы, цяжэй, чым аддзяленнем, якое б яно ні было…
За службу пабачыў Міканор, што свет навокал вялікі, але ў гэтым свеце не было для яго нічога большага, як гэтая купка людзей, як грэбля, якую яму належала пракласці цераз балота.
— Ну от, — сказаў ён строга, як бы паказваючы, што загады, якія ён толькі што даў, ёсць не што іншае, як загады. — Астатнім — капаць канавы!
Ён адмераў кожнаму дзялянку, не вагаючыся, не закасваючы штаноў, як бы кідаючыся ў атаку, рынуўся ў рудую з прозеленню твань — уехаў аж па грудзі. Чуючы, як мякка і цёпла ахінула цела балотная гушча, Міканор амаль без націску ўсадзіў у твань рыдлёўку, узняў на ёй бліскучую аладку, з якой весела цурчала вада, шмякнуў наводмаш. У ямцы, толькі што зробленай рыдлёўкай, было ўжо ледзь не даверху вады. Міканор зноў уваткнуў рыдлёўку, побач ямкі, зноў узняў аладку твані, кінуў цераз плячо.
Хутка ўжо не адна, а дзесятак рыдлёвак ускідваліся, пляскалі мокрым цестам твані. Міканор чуў гэты пляскат, лавіў позіркам узмахі рыдлёвак, і яго брала весялосць. Быў неяк асабліва дужы. Хацелася спрачацца з другімі сілаю, спрытам — гнацца навыперадкі. Браў і браў балотнае цеста, кідаў і кідаў наводмаш.
Успаміналася: вось так жа капаў акопы, толькі што яны былі ці ў сухіх хвойніках надпрыпяцкай грады, ці ў пяску між вербалозу. Там, на градзе, ладная вайсковая рыдлёўка часта скрыгатала аб каменне. А тут — багнаватая мяккасць, і не чуеш, як улазіць жалеза… Багна аплывае з беражка. Пясок таксама аб'язджаў…