Выбрать главу

Яшчэ больш прыемна стала, калі вугаль падпаліў сена і ўскінуўся жвавы агеньчык. Хведзька, які бегаў каля іх, хутчэй паспрабаваў сунуць галіну.

— Куды ты такую! Дурны, і дурны ж ты! — Ганна адпіхнула галіну і чамусьці засмяялася.

4

Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады.

Ганна памыла ў блізкай ямцы бульбу, насыпала ў кацялок і хацела паставіць яго пры агні, але Васіль перабіў:

— Давай я ралцы зраблю!

Ён, стараючыся не траціць паважнасці, па-мужчынску стала пакапаўся ў ламаччы, што было каля вогнішча, выбраў дзве дубовыя голькі, выразаў з іх ралцы і ўткнуў у зямлю. Зрабіўшы перакладзінку, паспрабаваўшы яе моц у руках, узяў у Ганны кацялок і павесіў над агнём.

— Так лепей, — прамовіў Васіль пад канец.

Ганна прамаўчала, але ў яе маўчанні ён пачуў згоду. Для Васіля гэта было ўцехай. Яны сядзелі адно супраць аднаго, глядзелі на ваду, што пачынала кружыцца, зацягвацца белай малочнай плеўкай, і хоць не гаварылі ні слова, дзіўна разумелі, чулі адно аднаго. Між іх жыла незвычайная лагода і добрая згоднасць. Не ўмаўляючыся, узялі яны кожны сабе абавязак і глядзелі яго: Ганна здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча, каб вогнішча не спадала. Пакуль варылася бульба, ён з Хведзькам некалькі разоў схадзіў у лес, падбавіў галля і толькі тады, калі запас быў зроблены добры, зноў сеў перад агнём.

Калі Ганна, зліваючы ваду, папрасіла яго вячэраць, Васіль, ад звычкі, якой трымаліся амаль усе ў Куранях, ад прыроджанай схільнасці да адзіноты, усё ж хацеў быў адмовіцца.

— Я пад'еў ужэ.

— Калі ты там еў! — як гаспадыня, запярэчыла яна. — Садзіся. Нядобра без гарачаго!..

Васіль паслухаўся, але без ахвоты. Ён прынёс ад свайго воза паўкаравая хлеба, брусок сала і жменю зялёнай цыбулі, паклаў перад Ганнай на хустку.

Вячэралі маўклівыя, насцярожаныя, нязвыклыя да такой, нібы сямейнай, блізкасці. Абдзіраючы ліпкую шкурку з бульбін, Васіль хмурыў лоб і ўсім сваім выглядам паказваў, што ён зусім не бянтэжыцца, што яму ведама, як належыць у такім разе трымацца мужчыну, але вачэй на Ганну не падымаў і ў думках злаваў на свае асабліва непаслухмяныя пальцы.

Толькі адзін Хведзька, мусіць, не зважаў ні на што: душачыся гарачай бульбай, прыкусваючы салам ды цыбуляю, выбіраў з кацялка бульбіну за бульбінай. Ён першы адступіўся ад кацялка.

Услед за ім выцер рукі аб штаны і Васіль.

— Шчэ еш, — сказала Ганна. — Ты ж не пад'еў.

— Не, хопіць…

— Нясмачная, можа, картопля?..

— Картопля як картопля…

Ён сапраўды не заўважыў, смачная ці нясмачная была гэтая бульба. Не да таго было. Ён нават быў рады, што гэта дзіўная, цяжкая вячэра скончылася. Падумаў, што сказаў, напэўна, нядобра, што трэба было б пахваліць бульбу. Але хваліць бульбу — гэта значыла хваліць і Ганну, а ён ніколі ў жыцці нікога не хваліў, тым больш дзяўчат. Гэтага ніхто з мужчын не рабіў.

Як мог стрымана, паважна, як і належыць мужчыну, Васіль падзякаваў.

— Няма за што, — адказала Ганна.

Васіль устаў, паглядзеў на сіняватае, глыбокае, зорамі вышытае неба.

— Пагода павінна буць!..

Ён хацеў быў ужо ісці да свайго воза, але Хведзька папрасіў:

— Дзядзечко, вы з намі застаньцеся!

Васіль нерашуча стаў. Ганна брала хустку, маўчала. Васіль кінуў на яе насцярожаны позірк.

— За Гузам глядзець трэба…

Ганна адгукнулася:

— Яго і адсюль відаць…

— Адсюль не так.

Ён намерыўся ісці, але Ганна, зразумеўшы гэта, ускінула на яго вочы, ціха, спалохана прызналася:

— Мне страшно…

— Чаго ето?..

— Бандзіты раптам аб'явяцца…

Яе шчырае слова, просьба ўразілі яго, адразу размякчылі ганарыстае мужчынскае сэрца. Такой просьбе ён не мог адмовіць. Сказаў, што застанецца. Прайшоў толькі да каня, паглядзеў, як трымаюцца путы, забраў з воза світку і зноў вярнуўся да вогнішча.

— Васіль, — сказала раптам Ганна дзіўна, нясмела і вінавата, — ты, мабуць, сердзішся… што я пасмяялася… Пра вочы і пра валасы — розныя…

Васіль нахмурыўся, прамаўчаў.

— Ты не сердзіся. — Яна пашкадавала. — Як што за язык цягне мяне — каб цябе зачапіць! Але ты не сердзіся! Я — не ад зла на цябе…