— Сам капай, калі мелко!
— Я за цябе капаць не буду! А ты — прыйшоў, дак рабі! Як трэба!
— А не хочаш, дак каціся адсюль! — падтрымаў Хоня. Ён падчапіў весела: — Ды матку за сябе прышлі!
Міканор бачыў, як злосна пачырванеў Ларывон: дапякло ўсё-такі! Толькі знайшоў Бугай у адказ, што мацюкнуўся, але Міканор ужо кончыў спрэчку, ішоў далей. Пачуў яшчэ ўслед за сабой вясёлы рагаток Яўхіма.
Спыніўся між тых, якія масцілі грэблю. Іх цяпер было багата больш, як спачатку. Міканор знарок не назначыў тут старшага, бо ведаў, што і без прызначэння кіраваць ухопіцца Андрэй Руды. І праўда, яшчэ з канавы бачыў Міканор, як Руды завіхаўся, бегаў, камандаваў… Вось і цяпер пануры Пракоп абсякаў сякерай з алешынкі галлё, а Руды мітусліва, горача штосьці даводзіў яму. Але Пракоп, здалося, слухаць не хацеў, адвярнуўся. Андрэй забег на другі бок, наперад.
— Аб чым спрэчка?
— Да от, та-скаць, галіны не ўсе адсякае, — кінуўся з надзеяй к Міканору Руды. — Тыя, каторыя тырчаць уніз ці ўверх, — сячэ. Яны, та-скаць, мяшаюць пакласці дзераво на землю, тырчаць. Ён, следавацельно, ссякае, і — правільно, што ссякае.
Пракоп ужо стаяў, панура сціскаў валасатай рукой сякеру, маўчаў. Міканор перабіў Рудога:
— Дак аб чым жа спрэчка?
— А аб тым, што счышчае галлё ён не ўсё. Тыя, каторыя зверху і знізу, ссякае, а тыя, каторыя па баках, та-скаць, — абсякаць не хоча! Думае, следавацельно, — можно масціць на іх другія друкі і паплеціны. Што, та-скаць, саўсім няправільно!
— Чаму няправільно?
— Дак па іх патом будзеш ехаць, як на спружынах! Падкідваць будзе!
Пракоп з пагардай плюнуў. Было відаць: тое, што казаў Руды, ён лічыў такім глупствам, што і гаварыць не хацеў. Міканор стаяў між іх і адчуваў, што абодва чакаюць яго слова, абодва ўпэўнены ў сваёй перамозе. Яму ніколі не даводзілася масціць грэблю, але тое, што казаў Руды, здалося яму выдумкай. Чаму нельга пакідаць галля, калі з ім дрэвы толькі будуць лепш чапляць адно за адно? «Жыць не можа, кеб не вымудрыць чаго-небудзь!» — падумаў пра Рудога.
— Я думаю, што вы, дзядзько Андрэй, дарэмно баіцеся! — цвёрда заявіў Міканор.
Руды загарэўся:
— Я — дарэмно? Уся новая навука, та-скаць, етай думкі трымаецца! А тое, што робіць Пракоп, ето — шкоднае заблуждзеніе!
Міканор нейкі час рабіў з імі. Тое, што ён быў побач, стрымлівала абодвух, але Міканор адчуваў, што як толькі ён адыдзе, спрэчкі і нелады пачнуцца зноў. Трэба было паставіць некага тут за старшага.
Да Андрэя як да чалавека ў Міканора было больш веры: робіць шчыра, ад усёй душы, Пракоп жа ў вочы ніколі проста не зірне, тоіць нешта, здаецца. І ўсё ж Міканор выбраў за старшага Пракопа: гэтага будуць слухацца! У гэтага будзе лад.
Яшчэ раней заўважыў Міканор, што зямля з бакоў грэблі асыпаецца ў канаву, і падумаў, што трэба сплесці пляценьчык.
— Работа е ў мяне для вас, дзядзько Андрэй, — сказаў Рудому. — Важнецкая, акуратная!..
4
Васіль быў між тых, якія масцілі грэблю. Ён трымаўся Пракопа і, было відаць, стараўся дагадзіць яму. Люба было бачыць Міканору, як хлопец стараўся. Нібы і не ён хацеў быў адкруціцца, паслаць дзеда. Але хутка Міканору кінулася, што Пракоп злосна зіркнуў на свайго памочніка — Дзятлік нібы не бачыў таго, што рабіў. Тады Міканор і заўважыў, што хоць Васіль увіхаўся каля старога са ўсёй нібы душой, ён не так памагаў, як замінаў. Куды больш, чым за Пракопам, Васілёвы вочы сачылі за Ганнай Чарнушкавай. Іншы раз, мусіць, адну яе і бачыў.
Хітраваў, таіўся і тут: глядзеў спадылба, зладзейкавата, як бы асцерагаўся, што хто-небудзь паквапіцца, абкрадзе яго. Няпроста было хаваць гэта: увесь аж гарэў то нястрымнай цікаўнасцю, то нецярплівым чаканнем. Чакаў недарэмна, нярэдка яна сустракалася з ім вачыма, вясёлымі, прыхільнымі, — і Васіль хораша, радасна яснеў. Толькі міг відно было гэтае шчасце, бо тут жа галава асцярожліва схілялася…
Міканор бачыў, як насцярожыўся, спахмурнеў Васілёў твар, калі да Ганны, фарсіста водзячы плячыма, з папяроскай на губе, падышоў Яўхім Глушак, стаў смешкам штосьці гаварыць, памагаць цягнуць алешыну. Ганна хацела была адабраць алешыну, але ён не аддаў, з гуллівай усмешачкай ішоў разам, пакуль не данеслі да Пракопа, да Васіля, які нават вачэй не падняў. Са смехам пайшоў Яўхім з Ганнай назад, а Васіль, разгублены, ваўчкаваты, стаў памагаць так няўдала, што Пракопа прарвала:
— Аслеп ты, ці што!
Васіль словам не павінаваціўся, не захапаўся, толькі яшчэ больш затаіўся. «Раўнівы! Ну ж, раўнівы!» — падумаў Міканор. Ён з увагай зірнуў на Ганну, як бы шукаючы адгадкі, чаму да яе так ліпнуць: і Яўхім чапляецца, і Васіль сохне. Зайчык і той не пройдзе блізка, каб не падурэць. Хадоська ж чамусьці надзьмулася… Столькі неспакою ад адной Чарнушкі!