Выбрать главу

«Перавесці трэба, куды-небудзь далей. К Сароцы, капаць зямлю, ці што…» — падумаў Міканор.

Ён больш не тлуміў сабе галавы гэтым. Жыў іншым — вялікай, шырокай уцехай. Работа ішла ўсё раўней і дружней. Ужо ледзь не ўсе Курані завіхаліся на грэблі і каля яе. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань; з шорхатам, метучы торф, цягнуліся за людзьмі дрэвы і галлё; парыпвалі калёсы са свежай зямлёю, хораша жаўцелі ўсё новыя горкі, якія неўзабаве прападалі, рассыпаліся ў роўнядзі чыстай паласы, што ўсё даўжэла і даўжэла.

Тут пад нагамі была ўжо не падатная багна, не клятая-пераклятая чорная гразь, а цвёрды, надзейны грунт, пад якім чулася прыемная моц дрэваў. Перамяшаная з пяском зямля напаверх жаўцела весела, святочна…

Маладыя і пажылыя, мужчыны і жанкі, белыя і фарбаваныя зрэбныя сарочкі, кофты, паркалёвыя хусткі — калі яшчэ было, каб столькі людзей у Куранях сышліся разам, адзін к аднаму, на адзін клопат, на адно дабро. Міканор бачыў — на другім баку такія ж постаці, такія ж сарочкі і хусткі.

От, каб сабраць усіх так — і на балота. Ды каб не толькі з Куранёў і Алешнікаў, каб яшчэ з Глінішчаў, з Мокуці, з Хвойнага. От бы лугоў нарабілі, от бы зямлі прыдбалі — ураз бы лягчэй стала дыхаць. Толькі ж цемната якая: ты іх, як той казаў, тварам у малако тыкай, усё роўна не дадуць веры. Як бы не хочуць бачыць дабра свайго!..

Сонца ўгравала ўсё мацней, было душна і парна. Твары заплывалі потам, сарочкі не высыхалі. Усе праглі піць — Міканору прыйшлося паслаць падводу прывезці бочку вады. Яшчэ да таго, як падвода вярнулася, ляснік Міця вылез з канавы, аб'явіў не як просьбу, а як патрабаванне:

— Трэба перадыхнуць!

Некалькі галасоў дружна падтрымалі яго. За Міцем пачалі выбірацца з канаў, абціраць твань з рук, з твараў другія, і Міканор даў каманду зрабіць перадышку.

Усе сыходзіліся на грэблі: большасць мокрыя вышэй пояса, з абляпанымі тванню сарочкамі, з тварамі, бруднымі, чорна-рудымі, хто стаяў, курыў, хто садзіўся на мяккую, яшчэ не раскіданую горку, хто разлягаўся проста на зямлі. Гаманілі, жартавалі. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок.

Дзяўчына няласкава штурханула Зайчыка, але старога жартаўніка гэта толькі павесяліла.

— Вы б, дзядзько, етыя штучкі з якой равесніцай сваёй! З цёткай Сарокай бы!

— Ахвота мне — з Сарокай! З етым старым дзеркачом!

— Дак і вы ж, здаецца, не кавалер малады!

— Малады ці не малады, а на маладое — цягне!

— Вас ужэ на печ цягнуць павінно!

— Цягне і на печ. І да дзевак! Страх! — Падахвочаны агульнай увагай і смешкамі, ён зноў памерыўся ўшчыкнуць Ганну, але яна пагразіла:

— Дзядзько? Таўхану — дык у балото палеціце!

— Аге? — Зайчык ухмыльнуўся, а ўсё ж адступіў. — Злая ж, ліхо на яе! Таўхане — і праўда, у балоце выкупаешся!

Ледзь толькі ён, крыўляючыся, адышоў ад Ганны, да яе рушылі Яўхім з Ларывонам. Але тут, насцярожаны і строгі, падступіў і Васіль.

— От, кумедзія! — паківаў галавой Андрэй Руды. — Як каршакі, та-сказаць, — удваіх каля адной!

— Хто — удваіх? — не зразумеў Міканор.

— Дзятлік і Глушак еты! Удваіх, як каршакі, следавацельно. Каля адной!

— Дарэмна ён круціцца, Глушак… Не выйдзе ў яго нічого!

— Ето шчэ, та-скаць, віламі на вадзе пісано!..

Міканор толькі мелькам зірнуў на Васіля і Ганну, яму не здалося гэта такім цікавым, як Рудому. Уся ўвага Міканора была з Пракопам, які, уткнуўшы бараду ў шырокія расхрыстаныя грудзі, важка сунуўся ўсцяж канавы, панура аглядаў, штосьці думаў. Дзіўны, звераваты чалавек — заўсёды, здаецца, штосьці тоіць нядобрае. А сам жа нібы і не злы, і не паганы…

— Чаго глядзіце? — не вытрываў Міканор.

Лясун схаваў вочкі пад густой чарнатой броў.

— Так… Нічого…

— Глядзіць, ці не лепей на канаву перабрацца! — падчапіў Зайчык. — Работа там — зайздрасць бярэ!

— Каб яе рукі не чапалі, работу такую! — вылаяўся Нібыто-Ігнат, што сядзеў на капцы зямлі. — Рыешся ў гразі, нібыто чорт лазаты!

— Лето, та-сказаць, не зіма. І ў балоце, следавацельно, не так, як зімой. Цёпло, мякко, — хацеў пажартаваць Руды.

— А от пакапайся ў етым мяккім!

— А нашто яму! Яму і тут непагано.

— Я там раблю, куды, следавацельно, пастаўлены! — не здаўся Андрэй.

— Заўтра і ідзі! А я — нібыто — на сваё месца!

— Правільно! Па чарзе!..