Выбрать главу

«І нашы куранёўцы не горай за другіх, — плылі паволі думкі ў Міканора. — І з нашымі можно рабіць… Абы толькі падняць ды павесці… А так яны пойдуць… Людзі як людзі… Нічого, мы шчэ пакажам з етымі людзьмі!..»

Ён весела адагнаў млоснасць, устаў першы.

— Дак, можа, — перадыхнулі ўжэ?

— Перадыхнулі, — устаў і Чарнушка. — Можно ехаць.

За імі пачалі ўставаць і другія…

Амаль два тыдні дзень у дзень збіраліся куранёўцы на грэблі, капалі канавы, цягалі галлё, вазілі, раскідалі зямлю. Пад канец другога тыдня грэбля вымяралася ўжо не дзесяткам-другім крокаў: без малога на вярсту між балотных алешнікаў, беразняку, шызых купчастых лазнякоў напрасткі ішла жаўтлявая цвёрдая паласа, па якой так лёгка, так радасна было і ісці і ехаць возам.

Дні гэтыя былі ці не самыя турботныя і, мусіць, самыя шчаслівыя ў Міканоравым жыцці. Яшчэ б які тыдзень-другі — і абодва канцы грэблі маглі б сысціся, яны былі ўжо як дзве рукі, што вось-вось павінны былі злучыцца. Але акурат у гэты час жыццё на грэблі стала хутка ўціхаць. Што ні дзень людская ўвішнасць тут спадала і спадала, усё менш і менш прыходзіла на грэблю. Людзі жылі іншым клопатам.

І як ні шкада было Міканору, гэтага ніяк няможна было змяніць: падступіла касавіца. А за касавіцай блізілася жніво: значыцца, сціхала на грэблі не на дзень, не на два — надоўга.

Сціхала, і нічога няможна было зрабіць, трэба было і самому ісці касіць. Касіць і чакаць, калі зноў прыйдзе час для грэблі, чакаць доўга. Да позняй восені, да зімы.

Раздзел чацверты

1

Ішоў жнівень. Дні плылі спякотныя, неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае, сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Трава на вільготных узлессях, купы і купкі хмызняку на падсохлых узболатках, асіны каля цагельні буялі, былі ў пары самага росквіту. Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі. Звон гэты і шматгалосы птушыны спеў у шчодрых, пранізаных сонцам зарасніках сплеценага галля і лісця чуліся тут цудоўнай песняй жніўня.

Поле жыло ўжо іншым настроем, ціхай, шчымлівай журбою. Журба гэтая ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені. Знакі звядання там і тут прыкметна прабіваліся ўжо і ў лесе. Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галошанне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей. Сіратлівыя бабкі гэтыя выглядам сваім як бы казалі: вось усё, на большае не спадзявайся, большага не будзе, гэта ўсё, чым магла адплаціць за працу няшчодрая на аддарункі тутэйшая зямля…

Спявала, дажынаючы паласу, і Ганна, якой час ад часу памагала, падгалошвала мачыха.

— Да перастаньце вы ўжэ, — не вытрываў нарэшце Чарнушка. — Усё роўна як на могілкі сабраліся везці!..

— А не падабаецца, дак не слухаў бы, — адказала, аціраючы з гарачага твару пот, мачыха. — Грошай не просім жа!..

— Грошай… Да кеб булі грошы, дак не пашкадаваў бы, заплаціў, штоб не гулі, памаўчалі… І так маркота, а тут — як на хаўтуры!..

Бачачы, што мачыха не жне, Ганна паклала зжатую жменю белаватых чэзлых сцяблоў на разгорнутае на пожні перавясла і таксама разагнулася. Хвіліну стаяла так, выпрастаная, нерухомая, у выцвілым зрэб'і, з падаткнутым фартухом, з хустачкай, казырочкам насунутай на бровы, — чакала, калі перастане ныць, памякчэе здранцвелая спіна. Стаяла, нічога не бачыла, нічога не думала, жыла ціхай радасцю: можна трохі перадыхнуць. Потым, калі села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля костачкі, выставіла яе, смугла, да чарнаты загарэлую, распісаную да кален белаватымі пісягамі і закарэлымі плямкамі крыві, паслініла палец і прыклала да паколіны. Паглядзела на рукі — яны таксама былі чорныя, з белаватымі пісягамі і знакамі сляпнёвых укусаў.

У галаве яшчэ стаяў шорхат жытнёвых сцяблоў, мернае жыканне сярпа. Стомлена жмурачыся ад зіхотнага сонца, яна перавяла позірк на поле: нібы ўпершыню заўважыла, як сумна спусцела навокал апошнімі днямі. Рэдкія бабкі тырчаць, дзе-нідзе віднеюцца вазы. На адны з іх складваюць снапы, другія, перавальваючыся з боку на бок, як жоўтыя жукі, цягнуцца к Кураням.