Нямала палос ужо зжата зусім, на другіх жыта яшчэ млее маленькімі і большымі купамі. На кожнай паласе, дзе толькі стаяць бабкі ці расце жыта, варушацца людзі: хлопцы, жанкі, дзяўчаты, мужчыны, дзеці; шарэюць, бялеюць сарочкі, хусткі — усе Курані, здаецца, перабраліся ў поле. У каторых дзеці малыя, тыя прыехалі з калыскамі. Унь Хадора падышла да калыскі, што вісіць на састаўленых дручках, узяла малое, расшпіліла кофту, не садзячыся, прытуліла дзіця да грудзей…
Карчы ладуюць воз. Яўхім чапляе перадок рубля за вяроўку… Хадоська жне ўтраіх, з бацькам і маткаю. Хутка ўжо кончаць — стараюцца, з самага рання ідуць не разгінаючыся, руплівыя. Ім сёлета пашанцавала: жыта ў іх не такое паганае, як у іншых, будзе хоць што змалаціць.
А ў Дзятлікаў, у Васіля яе, жыта таксама нікчэмнае, мэндлікаў столькі і такія, што і глядзець горка. Як і ў іх, у Чарнушкаў…
Васіль ужо таксама блізка да канца паласы. Жнуць удваіх, маці з сынам. Жне і не азірнецца, сагнуўся, утаропіўся ў зямлю, бачыць толькі жытнёвыя сцяблы ды перавясла — хоць бы раз кінуў вокам на яе, на Ганну. Дык не ж…
Няўжо ж такі і не павернецца да яе, не гляне? — ужо раўніва думае Ганна, не сярдзіта, а больш лагодна, цікаўна, і не зводзіць вачэй з Васіля. Ну, калі не азірнецца, не адкажа позіркам, няхай дабра не чакае!.. Ганна думае ўжо, чым адпомсціць яму на такую няўвагу, але ў гэты момант Васіль, што звязаў сноп, як бы пачуў яе думкі, пагрозы — зірнуў на яе.
Ага, спужаўся! Не хоча, значыцца, каб злавала!.. Ганна сочыць цікаўна: Васіль не толькі азірнуўся, а стаіць ужо, думае штосьці, як на раздарожжы. Паклаў серп, шоргаючы нагамі па пожні, з усмешкай і радаснай і, як заўсёды перад яе бацькам, вінавата-сарамяжай ідзе да іх. Васілёва маці таксама перастала жаць, глядзіць услед сыну…
Такі як бы сарамяжы, рахманы, а колькі гонару, строгасці колькі ў ім! Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою, вярнуўшыся з Юравіч, калі спаткаліся першы раз адны. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! І хоць бы слова сказаў — стаяў, апусціў непадступна жорсткія вочы, капаў лапцем снег… Толькі губы ад крыўды крывяцца, дрыжаць… Аб чым яна тады гаварыла?.. Помніцца толькі, што спачатку было няёмка, як бы грэшная перад ім была, а потым неспадзеўкі стала смешна. Ледзь стрымалася, каб не засмяяцца: баялася, што зазлуе, пойдзе ад яе!
Недарэмна хацелася смяяцца: з той раніцы колькі вечароў, начэй былі разам, грэліся ў маразы, у завірухі, тулячыся да вугла яе хаты. А вясна — голадна было, кару ў муку падмешвалі. Другім свет нямілы, здавалася, — ці да кахання, а ні аднаго вечара, мусіць, не ўседзелі асобна!..
Толькі Корч часам прыб'ецца, прыстане, нагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Не ўгаворамі, а смешкамі — кплівая ўсмешка ўраз нішчыць Васілёву падазронасць.
Вось і цяпер Ганна ловіць Яўхімаў позірк — на хвіліну перастаў увязваць воз, глядзіць, як Васіль падыходзіць да яе, як сустрэнуцца. І да чаго ж упарты гэты Корч! Усё роўна як прыліп! Чым больш гоніш яго, тым, здаецца, больш ліпне. Ды яшчэ злуе — праўда, не паказвае, усмешачкай хавае злосць. Але Ганна ўсё чуе: думаў, кожная, абы толькі зірнуў, растане адразу, а тут раптам — дуля. Ну, цяпер ужо, мусіць, адчэпіцца, паспрабаваў, апёкся… Недарма ж да новай леснікоўны зазіраць стаў.
— Што ето вы, дзядзько, паселі ўсе? — сказаў Васіль, абы сказаць. — Сама пара рабіць, а вы — як на свято.
— Дак і ты ж, здаецца, не робіш?
— А я, гледзячы на вас!..
— І што ты, грэц яго, знайшоў ва мне, што ўсё глядзіш да глядзіш, — як бы пажартаваў бацька, але прамовіў сур'ёзна: — Упадабаўся я табе, ці што?
— А то — не, думаеце? — Васіль падміргнуў Ганне і разам з ёй засмяяўся.
— Пажаніць бы іх! — падышла Васілёва маці. — А то ж, сказаць, не днюе, не начуе дома. Схуднеў — адны шчэлепы тырчаць!
— Мамо, што ето вы нас усё жэніце? Толькі падыдзеце — пажаніць ды пажаніць!..
— Пажаніць, можно і пажаніць, — сказаў Чарнушка. — Дык ты ж, мабуць, не аддасі Васіля ў прымы? — Ён зірнуў на маці хітра, але ўсё з той жа панурасцю.
— А нашто ў прымы? Ці ў мяне хата поўна дзяцей?
— Поўна не поўна, а і мне без Ганны не выходзіць. Без Ганны я — як без рук…
— Дак то ж хіба далёко пойдзе? — спрачаецца не на жарт маці. — Як трэба будзе, дак яна ж тут як тут. Зробіць вам усё, што трэба!..
— Ето, як той казаў, пакуль: косю, косю — да ў аглоблі. — Чарнушка не даў сказаць Васілёвай маці, прамовіў панура: — Есці от што яны будуць? Што мы будзем? Ёй не тое што замуж ісці, а, можа, кеб з торбай па хатах не прыйшлося!
— Што ты кажаш, суседко! Перажывем неяк. Перагораем, буць не можа. Прывыклыя…