Выбрать главу

Самае крыўднае — бачыць усё, разумее ды яшчэ пасміхваецца, гуляе з Яўхімам, як кот з мышшу! Нібы і не гоніць зусім, нібы надзеі трохі пакідае: хадзі, дурань Яўхім, валачыся за ёй, зайздросць, як яна да Дзятліка туліцца.

Не, Яўхім не зусім страціў гонар — хадзіў, хадзіў за ёй, злаваў, ды, урэшце, рашыў: усё, канец гэтаму глупству, гэтаму здзеку, адзін раз і назаўсёды. Як рашыў, так і зрабіў — выкінуў з душы, з памяці, нібы і не ведаў ніколі такой…

Як на шчасце, паявілася леснікоўна. Вясёлая, гаваркая, прынадная дзяўчына як з неба звалілася разам з бацькам сваім, новапрызначаным лесніком. Праўда, звалілася трохі далекавата — вёрст пяць з гакам у адзін бок, але што Яўхіму былі гэтыя пяць вёрст! Была б ахвота мераць іх, а ахвота гэтая тады поўніла яго: як ашалелы, ляцеў лесам, балотнай сцежкай да Верачкі.

Верачка была зусім іншая. Праўда, не кідалася радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. За лесніковай пасадай так пахнуў смалою, млеў бор; у бары, без бацькі і маткі, што вельмі ж прыглядваліся да Яўхіма, Верачка неяк асабліва ружавела і чамусьці ўздыхала, уздыхала. Калі Яўхім прытуліў яе да сасны і абняў, яна не адштурхнула — сінія вочы Верачкі былі цёмныя, як вада перад навальніцай, губы прагныя… Здавалася, усё перамянілася. Няма больш хваробы гэтай, Ганны, ёсць толькі Верачка, адна — лагодная, пяшчотная, радая яму. І вось жа аказалася раптам, што ўсё гэта мана — нішто, аказалася, не перамянілася. Хвароба як была, так і асталася. І ўсё гэта адкрылася неспадзявана, умомант, у добрую ясную раніцу.

Колькі разоў успаміналася Яўхіму гэтая раніца, гэта сустрэча… Выпусціўшы з-пад шапкі з блішчастым казырком, ссунутай набок, хвацкі чуб, ішоў Яўхім па вуліцы. Ішоў к Верачцы. Не глядзеў ні на кога, рукі ў кішэнях сініх фарсістых галіфэ, папяроска ў ганарліва прыкрыўленым роце, нёс на казырку, на глянцы ссунутых гармонікам шыкоўных хромавых ботаў, адзіных у Куранях, сляпучы зырк сонца — быццам сам зырчэў. Ішоў — першы жаніх на ўсё сяло. Ззяла залітая святочным сонцам вуліца, ззяла і душа, поўная адчування маладосці, хараства свайго, сілы. Добра было ведаць, што блізка сустрэча на ганку лесніковай хаты, гарачы бор, Верачка, якая ружавее і ўздыхае…

І раптам усё знікла. Уміг. Як і не было. І бесклапотна-салодкае прадчуванне ўцехі, і леснікоўна, і ганарлівая сіла. І было б ад чаго: убачыў — проста яму на дарозе стаіць Ганна, таксама па-святочнаму вясёлая, у святочнай паркалёвай кофце з кветачкамі. Стаіць, жмурачы вочы ад сонца, лузгае семкі. Кагосьці, мусіць, чакае.

— Добры дзень! — павіталася з усмешачкай, гуллівай і хітрай, якая заўсёды дзіўна яго калола.

Яўхім, нібы незнаёмай, абыякава адказаў, намерыўся прайсці.

— Куды ето такі… наваксаваны?

Яўхім хацеў зрэзаць:

— Мабуць, не к табе!

— Уга! Я так і думала! — Яна засмяялася задзірыста. — Глядзі ты, усё адно як згаварыліся! І я не цябе чакаю!.. Да леснікоўны? — прытворна лагодна пацікавілася яна.

— Можа, да яе. А табе што? Зайздрасць бярэ?

— Канешне!.. Такі кавалер!.. Толькі — вочы ў яе, кажуць, у розныя бакі глядзяць. Праўда?

Яўхім зірнуў на яе як мог пагардліва і ўбачыў: яна задаволена смяялася — дадзела, раззлавала! Не ўправіўся Яўхім сказаць што-небудзь, каб яна прыкусіла язык, адвыкла назаўсёды кпіць з яго, як Ганна, азірнуўшыся, весела войкнула, спрытна і лёгка подбегам падалася прэч. На вуліцы паявіўся Дзятлік.

Яўхім плюнуў і, як бы нічога не здарылася, пайшоў сваёй дарогай. Ішоў, здавалася, як і дасюль, весела і бесклапотна, усё так жа пасмоктваў куплёную папяроску, думаў, што гэтая яе балбатня — пустое і сама яна нішто яму цяпер. І ўсё ж, падыходзячы да могілак, не вытрываў, азірнуўся — яна стаяла з Дзятлікам і чагосьці смяялася. З чаго, з каго?

Зайшоўшы за могілкі, за якімі яго нікому ў сяле не было відаць, Яўхім спыніўся, сеў на траву. Ісці да леснікоўны раптам расхацелася…

«Круцёлка языкатая! — не першы раз падумаў цяпер Яўхім, ступаючы побач з возам, што важка пакалыхваўся і рыпеў гужамі. — Ходзіць у зрэб'і падраным, а дзержыцца — як пані якая!»