Выбрать главу

Адсюль думкі Яўхіма пайшлі іншым кірункам. Думаў — як гэта недарэчна, бязглузда бывае часам у жыцці: адзін чалавек усёй душой табе прыяе, любіць бы яго ды любіць, а — не любіш, ён, дабрадзей, хіліцца да цябе, а ты абыходзіш, уцякаеш ад яго. А на другога і глядзець бы не трэба, не тое што блізка быць з ім, а ты і глядзіш, і сам ліпнеш душой да яго. І дзіўна, і прыкра было ўспамінаць: калі Ганна была ў полі, хоць і стараўся не глядзець у той бок, вочы як бы самі сабою сачылі за ёй. Бачыў, як жне, хутка, спрытна, як, разагнуўшыся, зморана ўзняўшы рукі, перавязвае хустку, як ідзе — памалу, але ганарліва — да біклажкі, п'е. Не мог глядзець абы-як — быццам абдымаў яе ўсю: увішныя голыя рукі, гнуткі, як у вужакі, стан, усё яе спрытнае, жаданае цела. Хоць не блізка была — чуў, як асабліва, горача пачынае біцца кроў, як сохне ў роце.

Трэба ж было дайсці да такога — з-за гэтай задзірлівай ганарліўкі вечарамі не сядзіцца ў хаце, начамі не спіцца. Выходзіш вечарам з адной думкай — як бы штосьці асобае — пабачыць, пачуць яе, і шкадуеш, злуешся, што яна рэдка ў гуртах дзяўчат і хлопцаў паяўляецца. Без яе як бы і вечар не вечар, і ноч не ноч. Калі ляжыш адзін у душнай хаце, сэрца аж гарыць, як падумаеш, што яна гэтым часам, можа, дзе-небудзь з Дзятлікам грэецца…

І трэба ж было, каб так усё павярнулася. Калі так далей пойдзе, то на Яўхіма, чаго добрага, пальцамі паказваць стануць, смяяцца… І сама яна, можа, найпершая, разам з гэтым недарэкам Дзятлікам… Не, хай толькі паспрабуюць ці яна, ці хто-небудзь — пабачаць!.. Ён і так даволі цацкаўся з ёй, хопіць далікацтва, трэба нарэшце ўзяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Узяцца так, каб дух ёй зацяло. Моцна, як мужчына!

«Прыціхне адразу. Памякчэе… Буць не можа, што не памякчэе!..» — падумаў Яўхім, раптам заўважыўшы, што пад'ехаў ужо к свайму гумну.

Сцяпан адчыніў вароты, і грузны воз пачаў асцярожна ўцісквацца ў зяпу гумна. Яўхім ішоў цяпер наперадзе воза, збоч каня, паглядваў, як уціскваецца воз, — і на момант на вочы яго насунулася цемра: воз закрыў святло, што біла з двара. Калі воз стаў сярод гумна, цемра ўжо як бы апала — святло зноў ішло ў вароты.

Пасля гарачага пяску і пылу дарогі нагам прыемна было чуць гладкі і цвёрды, як лёд, халадок току, свежую, прапахлую зямлёю і збажыною прахалоду гумна, што хутка сушыла пот на целе і адзенні.

Яўхім адматаў вяроўкі, што завязвалі рубель ззаду, кінуў іх на ток, зняў рубель і стаў падаваць віламі снапы Сцяпану, які стаяў цяпер ускрай сцірты, што стромка падымалася ў застаронку. Снапы ляжалі роўнымі радамі ўжо да палавіны страхі, а яшчэ не ўсё было звезена. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім Кураням на зайздрасць.

«Палавіну на продаж пусціць можно… У еты год, мабуць, у цане будзе — нават у Алешніках не вельмі ўрадзіло… Як спрытно прадаць, то разжыцца можно непагано! Каня купіць у Юравічах дабрэннага можно, цяліцу і шчэ й на лес адлажыць грошай… Бо як ні кажы, а будавацца прыйдзецца… Калі жаніцца, то і будавацца, не інакш… На сваю волю, на сваю гаспадарку, што б там ні было!..

А жаніцца б — пара! Даволі пагайсаў, пагуляў — не да сівых жа валасоў жарабцом бегаць… Мо тады і зараза етая — Ганна — з галавы выйдзе… Выйдзе, канешне, — у пустом полі ўсякая трасца расце!..»

Калі ехалі са Сцяпанам назад, пад порсткі ляскат драбінак Яўхім уявіў, як прыедзе з жонкай, маладой, багатай, якую ён прывязе аднекуль — можа, з саміх Юравіч, бо ў Куранях пад пару яму, вядома, нікога няма, — як павядзе яе на свой ганак пад зайздрослівыя позіркі куранёўскіх нявест… «І кеб яна, канешне, була пры етым, бачыла маю радасць, маю перамогу!» — зноў згадаў Яўхім Ганну.

Але радасці ён і тут не пачуў — нешта не было ахвоты ўводзіць у хату гэту невядомую жонку. Не радасць, а сум нейкі лажыўся на душу, шкадаванне — нібы з гэтым вяселлем не набываў, а траціў. Як ні хацеў, не мог уявіць гэтую сваю будучую жонку, чуў, бачыў адну Ганну…

Плынь думак ураз абарвалася, калі конь выкаціў калёсы к павароту дарогі, за якім можна было ўбачыць Чарнушкаву паласу. Яўхім з нецярплівасцю, з хваляваннем зірнуў — як там Ганна, яшчэ з Дзятлікам?

Дзятліка ўжо не было на Чарнушкавай паласе, а Чарнушкі ўсе жалі. Яўхім убачыў Ганну, што вязала сноп, і паспакайнеў.

3

Кладучы снапы на воз, Яўхім заўважыў, што Ганна адышла ад сваіх, узмежкам падалася да лесу.

«Адна!.. Куды яна? — мільганула ў ім цікаўнасць. — Па маліны, ці што?..»

Яўхім хвіліну сачыў за ёй, як бы чакаў адгадкі. Ён пачаў хвалявацца.