Неяк не хацелася верыць таму, што чуў. Усё чакаў, што выкіне што-небудзь зноў. Але не, не зарагатала. Пад канец дык проста збянтэжыла Васіля, аж пачырванеў.
— А што вочы такія ў цябе — дак мне ето, папраўдзе, даспадобы! Такіх ні ў кога няма болей. І сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты. Усё адно як грэбуеш дзеўкамі ці баішся!
— Е чаго пагарджаць ці баяцца.
— Ну, а так здаецца!..
Памаўчалі. Ганна стала ладзіць Хведзьку і сабе пасцелю. Хутка яна, абняўшы адной рукой брата, другой адбіваючыся ад камарэчы, ляжала каля вогнішча, а Васіль яшчэ сядзеў, праз меру ўважліва пазіраў на агонь. Было вельмі радасна ад таго, што яна сказала пра кпіны свае і пра яго вочы. І ўжо як і не было злосці на яе. Была толькі радасць і турбота, якая мяшалася з гэтай радасцю і з якой невядома што было рабіць. Усё-такі класціся тут, каля Ганны, хоць яна і прасіла, было не проста, няёмка.
— Дзядзечко, а вы чаго седзіце? — не ўтрываў нарэшце Хведзька.
— Не хочацца нешто спаць…
— А ты ляж, паспрабуй… Заснеш, можа… — параіла Ганна.
Васіль стаў ладаваць світу на другі бок вогнішча, але Хведзька — вось жа зараза! — папрасіў:
— Сюды ідзіце, бліжай!
Васіль, каб не падумалі чаго-небудзь непатрэбнага — што ён баіцца Ганны, напрыклад, — перанёс світу бліжэй.
Доўга не спалася Васілю ў гэту ноч, такую звычайную і незвычайную. Укрыўшыся з галавою ад камароў, ён толькі прыкідваўся, што спіць, але сон не ішоў да яго. Расплюшчваючы вочы, бачыў Васіль з-пад світы, як ападаў, гас агонь, як сівелі вугольчыкі, бачыў у парадзелай цемры воз і каня непадалёк, які час ад часу пырхаў, бачыў, як пануе далей белым возерам туман. І ўсё, што ён бачыў, было дзіўна сагрэта Ганнінай блізкасцю, яе стомленым дыханнем, якое ён слухаў, нечым цёплым, невыказным, незразумелым, што паявілася ў гэты вечар, што бянтэжыла яго і ад чаго аж млелі перапоўненыя радасным чаканнем грудзі.
Але змора нарэшце ўзяла сваё.
Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі.
— А хітра прыладзіўся, Дзятлік! — падміргнуў Яўхім. — Такі нібы варона, а як да дзеўкі — не промах!
Васіль спасцярожліва азірнуўся на Ганну — яна ўжо не спала, усё чула, — і губы яго задрыжалі ад гневу.
— Адыдзі ты!..
Яўхім дабрадушна ўсміхнуўся.
— Не бойся, не адаб'ю. Такога цвету — па ўсяму свету!
Ганна едка адгукнулася:
— Чаго не ясі, таго ў рот не нясі! Шчасце якое! Патрэбен ты мне, як хата сабаку!
— Патрэбен не патрэбен, а, мабуць, не адмовіла б!
— Малы жук, ды — вялікі гук!
Яна сказала гэта з такой абразлівай насмешкай, што Яўхім адразу не знайшоў, што і сказаць. Не зважаючы на яго, Ганна папрасіла Васіля ласкава:
— Я хутка паснедаць чаго зраблю. Прыходзь. Добра?
— Добра…
— Ну, язык Бог даў!
Яўхім плюнуў, павёў плячом і ляніва пацягнуўся да свайго табара.
Раздзел другі
1
Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, — сціплая, непрыкметная, за нязграбным плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не даваў ёй ніякай увагі, мылі яе, песцілі толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе як бы не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі.
І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»
Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце — у самай добрай пары дзяўчына, у самай красе сваёй! Калі толькі вырасла!
Глядзелі на Ганну, разважалі і — за малым выключэннем прыдзір з жанок — згаджаліся: выспела, нявеста, нічога не скажаш! Часам пры гэтых гаворках — асабліва жанкі — успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дачка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча — дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая — худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. І косы чорныя, густыя, аж блішчаць, бы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца.