— Адыдзі, сказаў!
Яўхім хацеў узяць ад яе руку, яна не пусціла. Ухапілася другой за пінжак.
— Яўхімко, я… я… — Хадоська захліпвалася ад слёз.
— Пусці!
— Яўхімко! Я… Я — грубая*!
* Цяжарная.
Як ні быў рашуча настроен Яўхім, ён на момант абмяк.
— Што?
Яўхім паглядзеў на яе, зразумеў: кажа праўду. Вочы пачырванелыя ад слёз, скрыўлены болем рот, мокрыя, дрыготкія, як студзіна, шчокі — ва ўсім было відаць вялікае гора. Яна ўся курчылася, дрыжала ад бяды, ад пакуты. Вось, значыцца, чаму яна такая хваравітая!
Дабегаўся, дагуляўся! Дакруціўся так, што далей ужо няма куды! Як і выкруціцца, невядома! «Добра, што ніхто не бачыў, як у свіран хадзілі!» Убачаць, усе ўбачаць!.. Не адышоў у свой час, дурань!
Як жа цяпер быць? Што рабіць?..
— Нагуляла, значыцца?.. Цяпер шукаеш, хто вінаваты?..
— Яўхімко! — застагнала Хадоська. — Бойся Бога! Ці ж я шчэ з кім, акрамя цябе?
— А хто знае! Толькі — ад мяне не магло!
— Яўхімко!
Але Яўхім не хацеў ужо слухаць. Кінуўшы яе ззаду, ён, аднак, неўзабаве прыпыніўся, вярнуўся да яе, што ляжала, уткнуўшы галаву ў траву, захліпаючыся ад адчаю, прамовіў мякчэй:
— От што! Вазьміся за розум, калі не хочаш, кеб людзі смяяліся! — Ён пачакаў, калі Хадоська сціхне, але зразумеў, што не дачакаецца, азірнуўся, сказаў нецярпліва: — У Глінішчах е знахарыха…
Хадоська як бы і слухаць не хацела яго шчырай парады. От і жадай ты дабра ёй, спрабуй памагчы гэтай слязліўцы! Усё ж са злосцю дагаварыў:
— Яна ето ўмэнт!.. Выкіне!.. Чуеш?
Хадоська ў адказ толькі прастагнала. Яўхім пастаяў трохі, потым, як бы пабачыўшы, што важдацца больш няма ніякай карысці, пайшоў сваёй дарогай. «От чорт! — думаў ён, прадзіраючыся праз хмызняк. — Трэба ж, кеб так выйшло! Було ж кеб што асаблівае, кеб любоў там якая, ці што. Кеб хоць сох так, як па етай, па Ганне! Дак не ж, балаўство адно… А цяпер от думай! Чакай, чым кончыцца!..»
Настрой быў цяпер зусім не такі, як да сустрэчы з Хадоськай, сапсаваны быў настрой. Яўхім ад гэтага неўзабаве нават стаў у зарасніку, задумаўся: ісці ці не ісці цяпер шукаць Ганну? Ужо як і не было нядаўняй нецярплівасці і лёгкасці — да ўсяго прыйшла неспакойная думка: «Кеб хоць не расплакалася етая слязліўка перад Ганнай… Яны ж як-ніяк прыяцелькі…»
Але думаў, трывожыўся Яўхім нядоўга. Хадоська — то адно, а Ганна — зусім іншае. Што ж яму цяпер — і глядзець ні на кога няможна? Манахам стаць у маладыя свае гады? Ад таго, што нейкая дурніца прыліпла?
І наогул, хіба гэта мужчынская справа — за дзеўку думаць? Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць!..
Яўхім палез далей праз зараснік — азірнуўся, прыслухаўся, дзе яна, неадчэпная Чарнушка?
4
Ганна, убачыўшы яго, не здзівілася, не занепакоілася — зірнула абыякава і зноў стала выглядваць, выбіраць маліны. Кусты былі цёмныя, густыя — яна разводзіла лісце, даставала ягаду за ягадай, клала ў жменю. Яўхім пастаяў, чуючы ў сабе недарэчную нясмеласць, падышоў да Ганны, сказаў лагодна:
— Памагці, можа?
— А мне і самой не трудно! — адказала яна, разумеючы яго няхітры подступ. Яна нават не зірнула на яго — як і раней, выглядвала, выбірала маліны.
Яўхім побач з ёй таксама пацягнуўся за ягадай.
— Усё-такі з памочнікам спарней!
— Гледзячы які памочнік!..
— А хіба — паганы? — паспрабаваў ён пажартаваць.
— Добры, значыцца?.. Любіць аржаная каша сама сябе хваліць!
— А чаго і не пахваліць сябе, калі другія не хваляць. Можа ж, і е за што!
— Уга! — толькі і сказала яна з насмешкай.
Яўхіму кінулася ў вочы, пад парванай ніжэй пляча зрэбнай кофтай, паска смуглай скуры, і горла перахапіла гарачая рэўнасць.
— Дзятлік твой, можа, лепей?
Ганна адказала спакойна:
— Як для каго…
На загарэлай, аж чорнай шыі яе пад зборам павязаных паркалёвай хустачкай чорных, з бляскам валасоў віўся лёгкі, дзіўна светлы пушок.
— Ні да чаго ўсё ето! — прамовіў ён як мог весела, бесклапотна.
— Што — ні да чаго?
— Выдумляеш, сама не знаеш што! Усё адно не выкруцішся!
— Ад цябе?
— Ад мяне.
— Уга! Спужаў! — Ганна засмяялася, і смех гэты распаліў упартасць у ім.
— А што ты такое асобае? Не дзеўка хіба?
— Дзеўка-то дзеўка. Ды і куры, кажуць, не ўсе рабыя. Не адзінакія… Не адзінакія, можа, і дзеўкі?.. Не ўсе ж, мабуць, як… Хадоська?!
Яўхім ад нечаканасці аж анямеў. «Знае? Знае ўжэ! Чаму яна ўспомніла? Выказала ета слязліўка?»
Трэба было ўсё ж нешта рабіць, выбірацца з пасткі. Можа, яна гэта проста так, незнарок сказала? Можа, яна і не ведае ўсяго?