Выбрать главу

— А я думала — мо… бацькі баішся?.. — вінавата сказала Хадоська. Яна выціснула: — А хто ж… кохту парваў?..

— Ён — Корч еты…

— Такі… чапляўся?..

— Чапляўся. Толькі — не дабіўся нічога.

— Чапляўся!..

Хадоська неспадзеўкі адвярнулася, закрыла твар далонямі, затрэслася.

— Ну, чаго, чаго ты! Не було ж нічога… Ей-богу, не було… Раўнуеш? От, дзівачка!.. Не трэба ён мне! Падумаеш, дабро якое!.. Бяры яго сабе!..

Яна ўжо не ведала, што сказаць: Хадоська не слухала, аж заходзілася ад плачу. Са слязьмі яна раптам і пайшла ад Ганны, не выбіраючы сцежкі, спатыкаючыся на бульбоўніку, пералезла цераз плот і ценем пасунулася па полі. «І трэба було мне вякнуць, што чапляўся ён!» — пашкадавала Ганна, з трывогай сочачы за яе постаццю…

Абтрэсваючы зямлю, абабіраючы бульбіны з нітак-карэнняў, яна думала то аб тым, якое недарэчнае гэта Хадосьчына каханне, то — найбольш — пра непрыемную плётку. Было ці не было, а гразь гэтай плёткі, чула яна, надоўга прыліпне, не хутка і не ўсе павераць, што нічога не было, што Яўхім ды не дабіўся. Паспрабуй дакажы, што няпраўда, — будуць гадка пасміхвацца, абзываць будуць, глядзець, як на абпэцканую. Не сама запэцкалася, дык другія запэцкалі, а гразь усё ж на табе. І будзеш з ёю. І не змыеш. Хто паверыць, той паверыць, а хто не, той — не!..

І няхай не верыць, хто не хоча! Што яна — жыць не будзе, калі хто будзе думаць пагана! Што ёй — жыць не жыць ад дурной плёткі? Як людзі да яе, так і яна да іх! Добра — дык добра, а не — дык не! У яе свой гонар ёсць!..

Ганна ўзяла лазовую каробку, закінула за плечы і цвёрда пайшла сцежкай к загуменнай дарозе, к гумну, к хаце. Так, бедаваць попусту яна не будзе! Не будзе гараваць без віны, не дурная! А людзі — як хто да яе, так і яна да іх! Сумная яна не будзе. Не з такіх!

Усё ж, як яна ні хацела, трывога не пакідала яе, прымушала глядзець наперад з непакоем і аберажлівай насцярожанасцю. Ужо не так проста, як дагэтуль, не лёгка і не бесклапотна думалася пра тое, што вось раптам хто-небудзь сустрэнецца, — як паглядзіць на яе, як яна — на яго? Раней пра гэта яна наогул не думала, а цяпер, падыходзячы к дарозе за гумнамі, нават прыцішыла хаду — пачула, хтосьці едзе на кані.

Зводдалек пазнала — трэба ж так здарыцца — ехаў на Гузе Васіль. Хвалюючыся, выйшла на дарогу, пачакала, пакуль не пад'едзе. Сустрэчы з Васілём і чакала і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. І вось, звесіўшы босыя ногі, бялеючы адзежай, Васіль акурат ехаў.

Чуў ці не чуў ён? А калі чуў — ці паверыў? Няўжо мог паверыць?.. «Мог — раўнівы, недаверлівы!..» — прайшла ў галаве ў Ганны неспакойная думка. Але другая адразу ж запярэчыла: «Не, не мог, не павінен верыць другім». Ёй — адной — верыць павінен! Калі не паверыць, не супакоіць яе ён, хто ж тады?

Бачыла, што і ён ужо заўважыў яе, занепакоіўся, першы момант знянацку нават каня прыпыніў. Потым строга штурхнуў каню ў бок нагою, панура, не гледзячы на яе, стаў набліжацца. Ганна насцярожылася.

Калі Васіль пад'ехаў, Ганна раптам убачыла, што ён не збіраецца спыняць каня — гаварыць нават не хоча! Яна ступіла наперад каню, спыніла.

Васіль, як і раней, не глядзеў на яе. Маўчаў. Маўчала трохі і яна, пакрыўджаная, абражаная.

— Чуў? — сказала нарэшце з выклікам.

— Чуў…

— Знаеш усё, значыцца?.. Паверыў?

— Гавораць — дак штось е… Дыму без агню не бувае…

— Аге, значыць, було ўсё?

— А можа, не? — ён не пытаўся, ён быў упэўнен.

— Дак ты лепей знаеш!

— Лепей не лепей. Другія бачылі, сказалі…

— Хто — другія? Хто — бачыў?!

— А не ўсё адно? Хто бачыў, той бачыў.

Ганна не знайшла што і сказаць. Ад крыўды, ад злосці на яго ў грудзях паліла, думкі блыталіся.

— Дак, можа, ужэ і не прыйдзеш? — сказала як бы з насмешкай.

Ён трохі памаўчаў.

— А чаго хадзіць?.. Няхай другія цяпер ходзяць!.. — Ён скрывіўся з крыўдай і, заўважыла яна, з гідлівасцю. — Багацейка! Карчыха!..

— Дурань!!!

— Канешне. Дурны. Усе бедныя дурныя. Корч — разумны!..

— Разумнейшы! У сто, у тысячу разоў!

— То-та і круцілася ля яго! І дакруцілася!

— Не твой клопат! Не твая бяда! А мне, можа, — анігадкі! Я, можа, і рада?!

Яна ўзрадавалася, калі ўбачыла: такі ўкалола. Аж засоп важка ад крыўды. Так яму і трэба!

— А то гавораць, — прамовіў ён, нібы спрачаючыся з некім. — Можа, не па сваёй ахвоце? Можа, ён сілаю?.. — Васіль хмыкнуў. — Сілаю!..

— Па-добраму, па згодзе ўсё було! — пацвердзіла яна. І раптам не вытрывала, сказала шчыра, з болем, з пагрозай: — Я етаго табе не забуду! Прыпомню калі-небудзь!

Яна адразу адвярнулася і пайшла з дарогі на гумнішча. Васіль і не зірнуў, ткнуўшы босай нагой у бок Гуза, падумаў са злосцю: «Бач, шчэ грозіцца: „Не забуду!“ Пакрыўдзілася шчэ!.. Сама такое вытварыла, а шчэ крыўдзіцца!..»