Ён не заўважыў, як конь прайшоў загуменную дарогу, як завярнуў на ўзболатак. Успамінаў слова за словам яе гаворку, тое, што казаў Зайчык Іван, зазірнуўшы к яму ў гумно: «Не першы раз ето! Даўно ўжэ склешчыліся, толькі што не бачыў ніхто… Шчэ як у Юравічах сядзеў, пачалося!..»
«От, хітрая! — успаміналіся Зайчыкавы развагі. — І з ім круцілася, і табе галаву дурыла. Думала, пэўне, як не той, дак еты!..» Калі згадваў гэта, сэрца пякло крыўднае, брыдкае: а ён верыў ёй, верыў усяму, што гаварыла! Казала — паганы Корч, насміхалася нават, а сама тым часам меціла на Карча, круціла з ім. Замуж не інакш сабіралася…
«Па-добраму, па згодзе ўсё було!» — прыйшлі яму на згадку Ганніны словы, і ён аж плюнуў: і з ім, з Васілём, абдымалася ды цалавалася, і з другім таксама — «па-добраму, па згодзе»! — І шчэ крыўдзіцца! Шчэ грозіцца!.. Сучка ты, сапраўдная сучка — не што іншае!.."
Спутаўшы Гуза на куп'істым узболатку, Васіль махнуў аброццю на каня, адагнаў яго трохі і ўжо звыклай хуткай хадою накіраваўся ў сяло, калі прыкры, цвярозы одум запыніў яго: спяшацца сёння не было куды. Спяшаўся ён другія вечары да яе.
Ён пастаяў, падумаў, што лепш было б, каб у Курані можна было і не ісці зусім. Застацца тут, на ўзболатку, накрыцца світай і заснуць, забыць пра ўсё на свеце. Ён панура павёў вачыма па знаёмых цёмных стрэхах, неспадзеўкі спыніў позірк на вострых абрысах дрэваў ускрай сяла — то былі Чарнушкавы грушы, — і ўжо не гнеў, не злосць, а шкадаванне, цёплы боль ляглі знянацку на душу. Боль страты. Яна ўжо не яго, яна — чужая. Ён страціў яе. Ён адзін, зусім адзін.
"Ну і няхай! — як бы запярэчыў ён сабе, свайму шкадаванню. — Е аб чым бедаваць! Хто яна мне такая? Пагуляў, пастаяў каля плота — і ўсё. Мало з кім пастаяць можно — дзевак у сяле вунь колькі!"
"Усё адно ніякаго толку не було б ад етаго стаяння… Не пара яна мне, усё адно. Толькі і дабра таго, што краса, — а хіба з той красы жыць будзеш, пабагацееш!.. Е аб чым гараваць — захачу, заўтра хоць з Верай Пракопавай загуляю. Не ёй, не Ганне, раўня: нешто прывязе ў хату. Зямля каля цагельні, мо перападзе трохі…"
Так, шкадаваць не было чаго, гэта Васіль ведаў. І ўсё ж гора страты — як ні дзіўна — не прападала. І хоць дзяўчат многа было, і нават лепшыя, не знікала адзінота. І было прыкра глядзець на цёмныя знаёмыя стрэхі, і не хацелася ісці ў сяло. І не пайшоў бы. Але помніў: там выглядае, чакае маці, дзед Дзяніс прыслухоўваецца, ці не чутны яго крокі. І Васіль нявесела пацягнуўся к сялу.
Стары Глушак, затоены, надзьмуты, маўчаў праз усю вячэру; толькі скончыўшы есці, памаліўшыся на абразы, кінуў на Яўхіма грозны позірк:
— Доўго шчэ будзе ето?
— Што?
— Па дзеўках доўго гайсаць будзеш?
— Хіба ўжэ і падысці няможно?
— Падысці! Блізко вельмі падыходзіш, жарабец гуляшчы!
Яўхім прамаўчаў на гэту абразу, каб не гнявіць старога, які больш за ўсё не цярпеў пярэчанняў, але Глушака маўчанне сына ўзлавала, здаецца, не менш. Стары аж прасіпеў ад злосці:
— Гайсаеш, пакуль не прынясе ў пялёнках байструка! На пацеху бацьку і матцы!
У Яўхіма ўсярэдзіне пахаладзела. "Дазнаўся пра Хадоську! Не інакш!.. Выказаў хто-небудзь ці сама, можа, расплакалася!.."
Тоячы пільны позірк, чакаючы, што будзе далей, Яўхім прамовіў стрымана:
— А вы не слухайце ўсяго — мало хто чаго напляце…
— Праўду кажуць! — абрэзаў яго стары Глушак. — Сам знаю!
Яго грубы тон: "Як з парабкам гаворыць!" — запаліў Яўхіма.
— Дак, можа, вы болей за мяне самога знаеце?
Глушак дзіўна, з сутаргай каўтнуў, як бы хацеў і не мог пракаўтнуць штосьці, — аж маршчыністы сухі кадык напружыўся. Грозна крыкнуў:
— Жаню!!!
Яўхім пачуў, як у ім расце злая ўпартасць.
— Можаце жаніць. Толькі не крычыце, як на парабка!
— Зараз жа!
— Можно і зараз. Мне ўсё адно… Я і сам думаў ужэ…
Маці, якая, прыбіраючы пасля вячэры посуд, сачыла за іх гаворкай з трывогай, адразу ўзрадавана адгукнулася:
— Пара! Дзякуй Богу, узяўся за розум! — Было відаць, што ёй вельмі хочацца патушыць спрэчку — пахваліўшы сына, яна тут жа лагодна падтрымала старога: — А то і праўда, дакуль слухаць бацьку гаворкі етыя, што Яўхім тое ды Яўхім другое? Думаць ды перажываць за цябе на старасці!.. — Яна тут жа параіла: — Матруну Хвелькаву з Алешнікаў! Прыдання скрыня поўная! Карову даюць! Хвельчыха сама казала!..
— Пастой! Раскудахталася! — спыніў яе Глушак. Ён наставіў пранізлівыя тхарыныя вочы на Яўхіма. — Значыць, надумаў?