— Надумаў…
Глушак быў ужо гатоў памірыцца з сынам, але Яўхім, як бы стараючыся ўхіліцца дачаснага прымірэння, папярэдзіў:
— Жанюся. Толькі — адно…
— Што?
— Толькі — кеб з тым, з кім хочу!
Глушак насцярожыўся:
— Дак, можа, і выбраў ужэ?
— Выбраў…
— Аге. — У хаце стала вельмі ціха, Глушачыха каля прыпечка, Сцяпан за сталом глядзелі то на аднаго, то на другога. — Цяпер такія парадкі, што слухаць бацькоў не трэба! Лішняе — слухаць бацькоў!.. Каго ж выбраў?
Бацькаў позірк чакаў, патрабаваў і разам з тым — загадзя — асуджаў, і Яўхім, хоць у думках гатоў быў да гэтай размовы, нечакана адчуў, што баіцца. Ён, аднак, адагнаў боязь — як рабіў звычайна, цяжкі вузел рассек адразу:
— Ганну!..
— Якую?
— Чарнушкаву…
Глушак не паверыў:
— Чарнушкаву?!
— Яе.
Глушак глянуў на сына, як на звар'яцелага. Рука сама сабой перахрысцілася на абразы.
— Ету?.. — Глушак каўтнуў кадыком, хацеў знайсці слова, каб назваць яе, як трэба, і не знайшоў, быццам не было такіх слоў. — У цябе… усе капылы? — запытаўся ў сына.
— Не згубіў.
Па тым, як сказаў Яўхім, было відаць, што ён будзе цвёрда трымацца свайго.
— Ты доўго думаў?
— Доўго. Адну яе хачу.
— Адну яе! — Глушак загарэўся, закіпеў: — Разарыць захацеў! Пусціць па свету! З торбай!..
— Тато! — хацеў супакоіць яго Яўхім, але старога Глушака гэта толькі ўзлавала.
— Па свету! З торбай дранай! "Дайце, людзі!.. Скарыначку!" На старасці!..
— Не кажыце, чаго не трэба!
— Маўчы! Указ знайшоўся! Рано ўказваць стаў! Шчаня!.. — Глушак так зірнуў, што Яўхім мімаволі прамаўчаў. — Дажыў! Выгадаваў! Гадаваў, ждаў падмогі! І выгадаваў! Даждаўся!
Злосць яго на Яўхіма змянілася здзіўленнем і крыўдай.
— Абкруціла! Узяла! Галадранка, а абкруціла як!.. І рукі, і ногі звязала! Бейбусу такому!
— Я сам выбраў. Яна шчэ і не знае.
— Не знае. Абкруціла, прыбрала! Дый не знае!
— Не знае. Шчэ, можа, і не пойдзе.
— Не пойдзе! Даўно, пэўне, не спіць, глядзіць! Калі на чужое дабро ўссесці!.. Толькі ж — не дажджэцца!
— Аддзяліце, калі хочаце. Але — адну яе.
— Ету круцёлку!.. — зноў прарвала Глушака. — Ету пакідуху! К сабе ў хату! На сваё дабро!.. Блудніцу ету!
— Яна — не блудніца! — заступіўся за Ганну Яўхім.
Сцяпан сказаў горача, непахісна:
— Яна — бедная, праўда. Але лепей за яе ў сяле — няма!
— Няма! Маўчы ты, смаркач! — уз'еўся Глушак ужо на Сцяпана. — Не ўтыкай нос, куды не просяць!
— Бо вы, тато, нізашто нагаворваеце!
— Нізашто! Я — нізашто? Чулі? — Глушак паправіўся, кінуў позірк на старую. — Чула?!
— Ціхо ты, Халімонко! — паспрабавала адно супакоіць жонка. — Людзі пачуюць!..
— І няхай чуюць! Няхай усе знаюць, якія дзеці ў Глушака Халімона!.. Каго выгадаваў на сваім хлебе! На радасць сабе!
Ніхто нічога не адказаў. І ад таго, што ўсе ўжо маўчалі і спрачацца не было з кім, стары таксама прыціх. Але спакой, з якім сказаў ён апошнія словы, толькі лепш выдаваў цвёрдасць яго адказу Яўхіму:
— Аб етай кеб і не думаў! На ету дазволу майго, бацькаваго, не будзе!
Раздзел пяты
1
Маўклівая вайна ў Глушаковай хаце, якая пачалася з таго вечара, калі Яўхім аб'явіў, што хоча жаніцца з Ганнаю, ішла без перамір'я некалькі тыдняў. Ні стары Глушак, ні Яўхім, ні хто іншы не заводзілі больш спрэчак, але маўклівасць, якая цяпер заўсёды была ў хаце, нядобрая маўклівасць і ўпартыя цвёрдыя позіркі, якімі часам перакідваліся бацька і сыны, лепш за ўсё гаварылі аб непрымірымым размежаванні ў сям'і.
Вайна, якую вялі Глушакі, была вайной нерваў, вайной цярплівасці. І трэба сказаць, што абодва бакі — і Яўхім, якога горача падтрымліваў брат, і бацька — вялі яе са ўсёй упартасцю, з усіх сіл, верачы, што другі бок адумаецца нарэшце, здасца. Гэтая маўклівая ўпартасць усё ж найбольш адбівалася на маці, якая то схілялася да старога, то да дзяцей, хацела і не магла прымірыць іх і часта плакала ўпотай.
Здавалася, што міру ў хаце ніколі ўжо не будзе, але неспадзявана ўпарты стары не вытрываў, скарыўся.
— Хай будзе па-твойму, — памаліўшыся, адышоўшы ад абразоў, сказаў ён Яўхіму. — Не мне, а табе жыць з ёю!..
Жонка, пачуўшы гэта, узрадавана павяла вачыма на сына, як бы хацела парадавацца разам з ім. Але Яўхім нават не варухнуўся — як стаяў каля люстэрка, прычэсваючы чуб, так і застаўся стаяць.
Маці перахрысцілася на абразы: