— Дзякуй Богу!..
Яна не наважылася сказаць больш ні слова і нават пайшла з посудам к печы нясмела, асцярожна, баялася лішнім словам, няўдалым рухам узлаваць затоенага старога.
— Чаго маўчыш? — кінуў Глушак сыну.
— А чаго гаварыць. Я ж казаў ужэ.
— Казаў! — Глушак не ўтрываў, каб не папракнуць: — Няма таго, кеб як у людзей — у хату дабро несці!.. Дак — з хаты!..
— Нічога з хаты не пойдзе.
— Не пойдзе! Пусці толькі адну галячку, дак адразу наляціць цэлая гайня! І не агледзішся, як расшматаюць усё! Распетраць умэнт!
— Не распетраць!..
— Не мог узяць, як людзі, — не хацеў ніяк супакоіцца бацька, — каб з дабром якую!
Слухаючы бацькавы скаргі і папрокі, Яўхім адчуваў, што бацька саступіў яму, здаўся зусім, што сіла і права цяпер на яго, Яўхімавым, баку. Нараканні старога толькі больш выяўлялі яго слабасць. Разумеючы гэту сваю сілу, Яўхім тонам загаду перарваў старога:
— Хопіць ужэ! Лепей падумайце — каго за сватоў узяць!
— Аге, праўда! — нясмела, але ахвотна падтрымала Яўхіма маці.
— Сватоў — етаго дабра — знойдзецца!..
— А ўсё ж абы-каго ўзяць — не гонар!
— Возьмем не абы-каго!.. За сватоў будуць Пракоп і Аўдоцця, — сказаў бацька, як гавораць пра тое, што ўжо вырашана, і Яўхім адзначыў сам сабе: стары загадзя аб усім падумаў.
— А калі — у сваты? — запытаў Яўхім усё тым жа патрабавальным тонам.
— Не церпіцца дужа? Перахопяць, можа?
— Перахопяць не перахопяць. Адкладуваць — не рацыя!
— А, усё адно! Хоць — у ету суботу!
Стары надзеў шапку, злосна патупаў у кутку каля лаўкі, чагосьці шукаючы, — не знайшоў, памкнуўся пайсці на двор. Каля дзвярэй затрымаўся:
— Мо так і трэба. Цяпер усё — не па-людску!..
Выходзячы, ён моцна стукнуў дзвярыма.
2
Ганна ўбачыла Глушакоў з агарода, на якім брала буракі, — як выпрасталася, трымаючы бурак у руцэ, так і засталася стаяць, не зводзячы здзіўленых вачэй з двара. Хоць не пыталася, з аднаго позірку здагадалася, зразумела, чаго прыйшлі неспадзяваныя госці. Ды і як жа было не зразумець: Глушакі ішлі ўдвух, бацька і сын, — Яўхім красаваўся святочнай паддзёўкай, блішчаў прылізаным чубам, стары трымаўся так важна, што здалёк было відаць — чалавек ідзе не па абы-якой справе. І пры іх — пануры барадаты маўчун Пракоп і Сарока Аўдоцця — сваты, не інакш!
Ганна бачыла, як на ганку Сарока штосьці сказала старому Глушаку, але той толькі кіўнуў, каб не затрымлівалася, заходзіла хутчэй, і яна, нагнаўшы на сябе выгляд чалавека бывалага і сур'ёзнага, — можаце, маўляў, не сумнявацца, справу сваю ведаю, — упэўнена падалася ў хату. За ёй увайшлі і іншыя.
Здзіўленне прыходу Глушакоў у сваты было для Ганны першы момант такое вялікае, што яна як бы забылася на ўсё, не было нават заклапочанасці ці неспакою. Але за гэтым яна заўважыла на вуліцы некалькі маладзіц, што мігам зляцеліся к яе хаце, паглядвалі на вокны, перагаворваліся ўражана, — убачыла сябе як бы збоку, пад чужымі позіркамі, і ёй стала неспакойна. Прыцягнуліся — нешта трэба рабіць з гэтым, нешта сказаць… Трэба будзе ў хату ісці, паказвацца, стаяць перад імі… Перад сватамі, перад старым Карчом, перад Яўхімам!.. Стаяць, чакаць, што надумаюць бацька, мачыха, якую долю вызначаць ёй!..
Чым лепш даходзіў да Ганны сэнс таго, што звалілася на яе, тым трывожней станавілася на яе душы — клопат здаваўся ўсё больш важкім, усё больш грозным. Яна не толькі не хацела гэтага неспадзяванага сватаўства, ёй цяпер было страшна падумаць пра замужжа з Яўхімам, якога яна пасля здарэння ў лесе — хоць нізашто не паказала б яму — дзіўна баялася! Яе асабліва трывожыла тое, што Глушакі сваты былі не абы-якія, ім не так проста даць гарбуз, паказаць, як ісці туды, адкуль прыйшлі, ні з чым, — з Карчамі ў Куранях усе лічыліся, і бацька і мачыха таксама…
Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла? Захопленая думкамі-трывогамі, узрушаная невядомасцю, якая прыйшла к ёй разам з Карчамі, Ганна ўсё стаяла на агародзе, апусціўшы рукі з закасанымі рукавамі, не выпускаючы бурака.
Яна ўбачыла, што з хаты выйшаў, ідзе да яе бацька, мімаволі азірнулася ў той бок, дзе жыў Васіль. На той час, здалося, забыла абразлівую спрэчку, гатова была дараваць усё, такім любым пабачыла раптам бераг, ад якога адрывала, несла яе кудысьці злая плынь. Вечары з туманам на балоце, вільготны плот, нецярплівае цяпло яго абдымку!..
Але на Васілёвым селішчы нікога не было.
Бацька падышоў ціхі, разгублены, хвіліну маўчаў, не ведаў, як пачаць.