Выбрать главу

— Кінь буракі ды прыбярыся… Сваты там… — Ён не адразу дадаў: — Корч і яго Яўхім…

Ганна не адказала. Бацька паглядзеў на яе з любоўю, са шкадаваннем, уздыхнуў:

— Сядзяць за сталом… Цябе ждуць…

Ён гаварыў так, што было чуваць — шкадуе яе і спачувае, але не ведае, што параіць, як памагчы. Ліха ж яго ведае, што прынясе дачцэ гэтае багацейскае сваяцтва, пра якое і не думалася і не гадалася, — як яно там будзе ў іх з карчоўскім хлопцам? На дабро, на шчасце ці на паганае?

— Не хачу я… — шчыра сказала Ганна.

— Баішся?

— Не хачу… Не хачу ісці…

— От прыперлася яно!.. — як бы сам сабе, раздумліва прамовіў бацька. — І кеб хто другі, а то ж — Карчы!..

Ганна, якая заўсёды так добра чула бацькаў настрой, заўважыла: за клопатным роздумам пра яе таілася ў бацьку ганарліва-задаволеная думка — завіталі, кланяюцца, просяць, багацеі! Ёсць, значыцца, і ў яго скарбы, не горшыя за кублы Карчовы!

— Дак што ж рабіць? — нібы папрасіў парады ён. — Што сказаць!

— Тое і скажыце, што думаю.

— Не згодна, значыць?

Але ён нават не крануўся ісці пераказваць яе словы сватам, вялікі клопатны роздум па-ранейшаму панаваў у ім.

— А можа, яно… і нічога? А?.. Можа, мы дарэмно ето?.. Яўхім хлопец такі… любая б за яго…

Ён не так раіў ці казаў пра свае думкі, як пытаўся. Чарнушка ўбачыў — Ганна нязгодна, нецярпліва кінула позіркам на яго, зразумеў, што яна слухаць не хоча, і ўраз абарваў развагі. Няёмка, як бы вінавацячыся, уздыхнуў:

— Эх, кеб знаць, як яно потым бувае!..

Ганна нічога не сказала, яна заўважыла: з хаты выбегла мачыха, подбегам, рашуча рушыла да іх. Яшчэ зводдалі было відаць: мачыха ўгневана.

— Ты што ж ето! Кінуў гасцей — і ні слыху ні дыху! Зваць пайшоў, называецца! — Яна перавяла дыханне, напала на Ганну: — І ты добрая! Такіх сватоў чакаць застаўляеш!

— Можа, бегці трэ было насустрач?

— Бегці не бегці, а і строіць з сябе няма чаго!.. Радавацца б трэба! Такое шчасце!

— Уга, шчасце!

— Шчасце! Першыя гаспадары на сяле!.. Няхай цяпер і пішуць, што галадранцы — улада! Няхай пішуць! А багацеі булі і будуць першыя!

— А мне што з таго? Першыя ці апошнія?.. Булі б да сэрца…

— Да сэрца! Старцам жыць, з перцам есці! Захацела!.. Ды ці Яўхім — не да сэрца? Да ці е ў Куранях хоць адна, кеб не сохла па ім! Штоб не хацела, кеб да яе прыйшоў!

— Мабуць-такі, е.

— А калі е, то — дурная! Бо ніхто другі не раўня яму! І ў Алешніках няма такога! І ў Глінішчах! Нідзе!.. Пражывеш век, гора не паспытаеш! У малацэ ды ў масле купацца будзеш!

Ганна адчувала, як гарачы шэпт мачыхі гоніць бацькавы нерашучасці, сумненні, — старая добра ведала, што трэба рабіць цяпер, ведала нават, што і як будзе заўтра.

— Ты от не любіш, калі я пра Дзятліка кажу. Дак я і не буду! Толькі от скажу — калі на тое выйдзе, калі ён і прывядзе сватоў і ты пойдзеш за яго, усё адно шчасця не бачыць табе! Не будзе яго!

— Вы ўсё наперад знаеце!

— Не будзе! От памянеш маё слова! І сама б знаць павінна! — наступала мачыха, не перадыхаючы і не даючы запярэчыць Ганне. — Што яму, беднаце горкай, трэба найперш? Красы, можа, тваёй? Кеб глядзець, як на ікону, не раўнуючы? Аге! Вельмі рады будзеш красе, калі згаладаешся!.. Скрыню добрую — от і ўся краса, якая трэба яму!

— І ўсё вы знаеце! — сказала Ганна з пагардай, стараючыся не паддавацца ўгавору мачыхі: ведала, як многа ў яе словах праўды.

— А то, можа, не?! — адразу рынулася зноў у наступ мачыха. — Можа — не?!. Мо па красе тваёй сохне!.. Чаго ж ён тады круціць пачаў? То ад двара нашаго не адыходзіў, воч не спушчаў, а то — і глядзець не глядзіць! За вярсту аббягае!..

Мачыха заўважыла, як пры гэтых словах нядобра пацямнеў Ганнін твар (дайшло-такі, у самае сэрца трапіла!), — спалохана, баючыся лішне раззлаваць, перамяніла гаворку, прамовіла супакойліва:

— Ну, добра, добра! Не буду, калі не даспадобы!.. Пра нас, пра бацьку падумала б!.. Як яму дажываць век, у нішчымніцы?.. Не малады ўжэ, не тыя часы, калі рабіць мог, ні дня, ні ночы не чуючы. Пакосіць сена да паўдня, дак спіна — крукам, тыдзень потым стогне. Сноп на вілы падыме — рукі, як галінкі сухія, дрыжаць. Скора ўжэ і саўсім на печ ляжа — хто скарынку падасць, старому?..

Бацька адгукнуўся з папрокам:

— Ну, от бо, завяла!

— Завяла! Праўду кажу!.. І пра браціка, пра Хведзьку, не грэх падумаць! Усё ж такі не чужы табе — бацькава кроў, родная!.. Дзяліць — калі што якое, прымак там ці хто прыстане — няма чаго!.. Зямелькі — далонька… Ды і тая… Не табе… казаць!..

Мачыха не дакончыла, губы яе горка скрывіліся: ах, што гаварыць гэтай каменнай дзяўчыне, у якой ні шкадавання ні к каму, ні нават клопату аб сабе! Яна адвярнулася, закрыла вочы ражком хусткі, худыя плечы яе задрыжалі…