Выбрать главу

— Тата ідзе, — падхапіліся з услону абодва хлапчукі.

Зайшоў мужчына, з выгляду вясковы інтэлігент — у шэрым адпрасаваным касцюме, у бліскучых гамашах і белай саламянай кепцы. У хаце было ўжо змрочна, і твару яго нельга было разгледзець.

— Добры вечар, — сказаў ён, спыніўшыся ў парозе. — Цесця толькі што бачыў, той сказаў, што вы да нас пайшлі. Адкуль жа вы ідзяцё?

— 3-пад Баранавіч, — адказаў Чыжык.

— А куды?

— Пад Гомель, — зноў сказаў Чыжык.— Да сваіх бацькоў. Мы ўжо даўно дайшлі б, ды тыя дарогі ўвесь час абстрэльваюць. Завярнуліся, ды па лясах... Было, што і блудзілі-.

— Да немцаў не траплялі?

— Не, пашанцавала. Абыходзілі ўвесь час.

— Та-ак!.. А яна табе — хто? Радня?

— Жонка, — адрэзаў Чыжык. Зося ўздрыгнула і паклала на яго плячо галаву.

Гаспадар прайшоў да стала, зняў з лямпы шкло, падкруціў кнот. Дастаў з кішэні запалкі, чыркнуў. У яго быў даволі маладжавы твар з прыплюшчанымі бялёсымі вачыма. Трохі выпіраў наперад круглы падбародак з ледзь прыкметным нейкім юнацкім шчаціннем. Паставіў шкло, яшчэ больш выкруціў агню, прыязна і як бы разгублена ўсміхнуўся.

— Слухалі сёння радыё. Ужо гаварылі пра Добрушскі напрамак.

Чыжык не зварухнуўся. У апошні час ён прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да- людзей і навін. У дарозе вучыў гэтаму і Зосю. Ён. толькі сказаў:

— Цяжкавата будзе нам цяпер дабірацца.

— А вы кіруйцеся на Петрыкаў, і так во лясамі, — сказаў гаспадар. — Як трэба будзе, я вам усё растлумачу. У мяне і карты ёсць — дойдзеце.

— За карту немцы, калі знойдуць, галаву знясуць, — сказаў Чыжык. — Так дойдзем.

Зайшла гаспадыня, паставіла вядро на ўслон, пачала цадзіць у гліняныя збаны малако. Адразу за ёй увайшоў дзед Купрыян. Спыніўся ў парозе, гукнуў:

— Вечар добры чэснай кампаніі!

— Добры вечар, — адказала дачка. — Што ж, бацька, не знаёміш з людзьмі?

— А вы самі пазнаёмцеся, — сказаў Купрыян і падмігнуў Чыжыку. — Бач якая — пазнаёмце! А калі я і сам яшчэ не ведаю, хто яны такія? Во пасядзім, пагамонім — пазнаёмімся. Як жа цябе хоць клічуць?

— Ваня, — адказаў чырвонаармеец. — Ваня Чыжык. А гэта мая жонка. Завуць яе Зося. Ідзём на Гомельшчыну — там бацькі мае, дзед. А працаваў я ў Нясвіжы, у прамгасе, і жылі мы ў Нясвіжы.

Зося пасля гэтых слоў толькі мігнула вейкамі. Упершыню такое гаварыў Ваня Чыжык, але яму відней. Так, відаць, трэба было. I ў яе вачах свяцілася толькі ранейшая даверлівасць да яго.

— Дакументы ж у вас хоць якія засталіся? — запытаўся малады гаспадар, прыглядаючыся да пабітага, у сіняках твара чырвонаармейца.

— Няма, — адказаў Чыжык.

— А навошта яны цяпер, тыя дакументы, — сказаў дзед. — Добрага чалавека і без дакументаў пазнаеш, а дрэннага нам не трэба.

— Ого, без дакументаў! — мнагазначна сказаў малады, пільна разглядаючы пакрытыя рубцамі з яшчэ незагоенымі ранамі рукі прышэльца. — Без старых дакументаў у дарозе прападзеш. Немцы правяраюць.

Малады ўпотай як бы насміхаўся. Чыжык змаўчаў. Зося паціху, як дзіця, сапла, даверліва схіліўшы галаву на яго плячо. Прыемны спакой расплываўся па ўсім целе. Нідзе не грукалі стрэлы, не рваліся бомбы. Пад печчу дамавіта спяваў цвыркун. Цурчэла малако на цадзілку. Гаспадар выцягнуў аднекуль бутэльку, паставіў на стол.

— Во, за гэтым як след і пазнаёмімся, — пажвавеў Купрыян.

— А гэта ў цябе што? — кіўнуў малады на Чыжыкавы рукі.

— Ды так, драбяза, — адказаў Чыжык. — Ноччу прабіраліся праз лес, зваліўся ў нейкую яміну, рукі ледзь не паламаў.

Малады згодна заківаў галавой. I зноў нечага ўсміхнуўся.

Гаспадыня тым часам паставіла на стол халаднік, гуркі, нарэзала сала.

— Мыйцеся, госцейкі, ды частуйцеся.

Чыжык скінуў пінжак, стаяў, як чалавек, які даўно не трымаў у руках мыла. Гаспадыня пашапталася з мужам, падалася ў пярэдні пакой, вынесла скрутак бялізны.

— На, — звярнулася яна да Зосі, — пераапранецеся пасля. Тут табе і яму. Ноччу, тата, прапаліце лазню.

— Мы самі прапалім, — адгукнуліся малыя.

— Ну, дык ідзіце, цягайце дровы ды запальвайце. Вады там у бочках назапашана да чорта. Хвёдар, падай ручнік.

Малыя выбеглі.

Дзед Купрыян, гаспадар і гаспадыня пасадзілі Чыжыка з Зосяй у кут, у якім не ставала звыклых Зосінаму воку абразоў. Выпілі па чарцы. Стары пасля гэтага збегаў некуды на вуліцу, прывёў маладога хлопца з гармонікам.

Чыжык расказваў пра сваю работу ў Нясвіжы, пра дарогу, пра сваіх бацькоў. Гаспадар кіўнуў у бок Зосі, прашаптаў запытальна:

— Яна — палячка?

— Не. Гэта яна жыла там доўга, дык у яе як бы акцэнт.

— Ага, — здагадліва кіўнуў гаспадар і прыязна-спачувальна паглядзеў на Зосю. Чыжыку спадабаўся гэты яго погляд, і ён ласкава ўсміхнуўся Зосі. Зося ўсміхнулася ў адказ. Купрыян схіліў лысую галаву, загаварыў: