— Наш край лясны. Да нас немцу не дабрацца, хай ён там хоць са скуры вылезе. Дудкі, фрыц чортаў. А калі што, дык у нас лес пад бокам — туды не вельмі каб пасунешся. Не ведаючы, і ног не вынесеш. Сюды ім няма ніякага ходу.
...Ноччу выйшлі на ганак. Зусім побач спакойна шумелі, перагукваліся птушынымі галасамі блізкія лясы. Нават не відаць было абрыдлых трасіраў. Ціша і спакой. Толькі конікі вызвоньвалі адным ім вядомыя песні. Ад зямлі пахла палыном, спелым агародам. Але цішыня была насцярожаная, трывожная.
Падыходзячы да лазні, малады гаспадар сказаў:
— Стары няпраўду кажа. I сюды дабярэцца фашыст. Толькі пакуль дабярэцца, мы ў лясах чорт ведае дзе будзем. Шукай — не знойдзеш. Зброя? Зброю дастанем! Чаго вам цягнуцца на Гомельшчыну? Яшчэ якая тая дарога будзе. Загінуць можна за будзь здароў. Людзі вы, бачу, добрыя — заставайцеся. Месца знойдзецца, а спатрэбіцца, я ж кажу, дык і зброю знойдзем.
Чыжык і Зося былі ўзнепакоены зусім іншым. Яны амаль прапусцілі ўсе яго словы паўз вушы.
— Там на акне свечка, — зусім і не падазраючы аб іх настроях, сказаў гаспадар. — А вада ў бочках.
У лазні і сапраўды гарэла свечка. Плавала пара. Зося стаяла збялелая.
— Як жа цяпер быць? — запыталася. Падумала, сказала здагадліва. — Будзеш тут сядзець, пакуль я памыюся. Потым ты.
Ён незадаволена хмыкнуў.
Што можа быць больш прыемнага, як лазня ды чыстая бялізна ў такі во час. А пасля мяккая пасцель на гары, на шырокім ложку. Спевы конікаў, поўная ціша, спакой.
— Зося, мілая, — сказаў Чыжык, упершыню вось так абняўшы яе і яшчэ як след нават не верачы ў гэта.
Ад яе пахла лазняй, бярозавым венікам, яшчэ нечым няўлоўным, чыста жаночым і... жаночымі слязьмі.
Шумеў лес, крычалі дзеркачы на блізкіх паплавах. Вось здалёк данесліся няўлоўныя як бы грымоты і заціхлі. I ўслухоўваючыся ва ўсё гэта, падарожнікі выразней адчулі трывогу.
Праз акно ў памяшканне пад дахам шчодра лілося сонечнае святло. Па дварах на розныя галасы заліваліся пеўні, чырыкалі канаплянкі ў падстрэшшы. Блізка шумеў лес — надзейны абаронца вялікай вёскі, можа быць заснаванай шмат стагоддзяў назад хітрымі вандроўнікамі. На вуліцы чуліся дзіцячыя галасы, смех — зусім мірнае жыццё, як і няма вайны. Міжвольна прыгадваліся словы гаспадара: чаго цягнуцца ў небяспечны шлях на Гомельшчыну, і тут не дастануць, а калі што, дык і зброя знойдзецца. I цела прасіла жаданага адпачынку, слабелі мускулы. Да таго ж у асабістым жыцці адбывалася падзея, у якую нават цяпер не верылася.
Чыжык ляжаў на ложку і з цікаўнасцю пазіраў, як Зося апранаецца. Гаспадыніна кашуля не такая, як Зосіна. На грудзях не было прыгожай выбаркі, акантаванай крыжыкамі і дробнымі кветкамі. Гэта была звычайная сялянская кашуля, і Зосі яна была велікаватая. 3-пад кашулі вызначаліся грудзі, увішны, як бы перашчыкнуты ў таліі стан. Тое, што губы былі як бы засмяглыя, а на шчоках выступала здаровая чырвань — яшчэ больш ухарошвала Зосю. Не, няма і не было ў іхняй вёсцы такой прыгожай дзяўчыны, як Зося.
Белы Зосін тварык ад загару пачарнеў, вялікія блакітныя вочы наліліся як бы цёмнай сінню і блішчэлі затоенай, адной ёй вядомай, думкай. Капа чорных, зблытаных пасля лазні валасоў рассыпалася па ўсёй спіне.
— Зося... — не вытрымаў ён.
Яна зноў падышла да яго. Сказала:
— Паказвай спіну!
Уся спіна яго была пакрыта крывавымі рубцамі, на правым баку — загноеная рана. Зося паклала сваю галаву, ад якой яшчэ пахла даўнімі духамі, яму на грудзі і паціху заплакала. Плакала яна па-дзіцячаму, прыкусіўшы ніжнюю губу, неяк дзіўна ўсхліпваючы. I была яшчэ ў гэтым плачы як бы нядаўняя злосць на самую сябе.
— Ты ляжы, я зараз, — падхапілася яна і затупацела па лесвіцы ўніз.
Чыжыку ляжаць не хацелася. ён споўз з ложка, і ногі яго адразу падкасіліся ад болю. Чыжык загарнуў кашулю і пачаў разглядаць сябе ў люстэрка. Усё цела было ў крывавых ранах і сіняках. Твар быў падрапаны, сіні. Дзіўна, што ён амаль зусім не адчуваў болю.
Зося падымалася па лесвіцы, і ён сеў на ложак, сарамліва прыкрываючы ногі коўдраю.
Зося трымала на плячы драўляны куфэрак з чырвоным крыжам на дзверцах, з надпісам «Хатняя аптэчка». Сэрца ў Чыжыка ўпала.
— Ты... Ты сказала ім? — спалохана запытаўся ён.
— Я нічога не сказала, — прагаварыла Зося, ставячы куфэрак на стол. — Я сказала, што ў цябе рукі, пальцы баляць і табе трэба дапамагчы. Ты ж сам гаварыў учора, што зваліўся ў яму. Я толькі пра рукі ім сказала.
— Ну, ну... — буркнуў Чыжык.
— У лякарствах я нічога не разумею, Ваня, — прызналася яна. — Бацька вучыў толькі малітвам ды як сябе трымаць на людзях. Выбірай сам, — і яна раскрыла куфэрак.