— А гаспадары не прыйдуць?
— Не. Самога няма дома, а гаспадыня пайшла ў агарод.
Пасля гэтага Чыжык выбраў марганцоўку, ёд, іхціёлавую мазь. Потым скінуў кашулю. Сам гаварыў, чым мазаць. Уедліва і пякуча забалелі раны. Чыжык моўчкі зносіў боль.
Апранаючыся, ён аглядзеў свае гамашы, здзіўлена прыцмокнуў языком.
— Добры ў вас абутак робяць, — сказаў. — Прайшлі такую дарогу і зусім яшчэ цэлыя.
Унізе, за абедам, Чыжык паспрабаваў нават жартаваць, нязграбна варочаючыся ва ўсе бакі, бо балела.
Перш чым падступіцца да баршчу, выпілі з гаспадаром па чарцы.
— Эх, гаспадар! Патап Дзяменцевіч! — сказаў Чыжык. — Вайна — чаго не бывае. Можа быць выжывем — пасля вайны сустрэнемся, разлічымся. Пратрымай ты нас дзён пяць, трэба адпачыць пасля гэтай праклятай дарогі...
Ён запытальна ўставіўся вачыма на гаспадара.
— Дзівак-чалавек! — адказаў той. — Я ж сказаў учора; назусім заставайцеся. Не прападзём. Вунь жывіце на гары — чаго вам? Збажыны — усё поле непрыбранае, бульбы ўвосень колькі хочаш. Жні хто хочаш, капай хто хочаш, — і цяжка ўздыхнуў. — Ці багата вам на дваіх трэба? А давядзецца, я ж кажу, дык і за зброю возьмемся — чаго там? Не прападзём. Бач, жыццё якое! Нам яшчэ нішто, а іншым, як табе, прапашчае. То чаму цябе не ўзяць да сябе? Га? Мне трэба было б у арміі быць, а мяне, як сельсавецкага сакратара, напаследак райваенкамат пакінуў. Ну, так і застаўся, на сорам...
Ён памаўчаў, пасля загаварыў:
— Чорт!.. А я цяпер жыта кашу. Асыпаецца, прападае — шкада. У вёсцы ж пуста. Былі наведваліся спачатку бежанцы, ды рэдка, Ведама — нялёгка да нас дабрацца. Тут табе амаль ніякіх шляхоў.
Гэтыя словы не здаліся ўжо такімі дзіўнымі, як учора. I не здалося такім ужо неверагодным, пасля ўсяго перажытага, вось такое жыццё. Так заўсёды здаралася з Чыжыкам, калі ен вяртаўся адкуль-небудзь дадому. Спачатку многае не падабалася, выводзіла нават з цярплівасці, а потым ён сам з сябе ж з-за гэтага смяяўся.
За акном шчабяталі ластаўкі. Поплеч сядзела Зося — цяпер ужо назаўсёды яго. Фронт быў далёка — недзе пад Добрушам. «А калі што, дык і зброя знойдзецца»... Чаго ж турбавацца?
Да яго неадчэпна падступаўся санлівы спакой, падобны на ўсю гэтую вёску з лясамі. Змазанае лякарствамі цела неадольна прасіла адпачынку. Чыжык забраўся на гару, лёг на ложак, нейкі час слухаў, як у агародзе перамаўляюцца Зося з гаспадыняй, усміхнуўся, сам не ведаючы чаму, і заснуў мёртвым сном.
Вечарам прыйшоў дзед Купрыян. Супакойвалі яго расказы пра лясы.
Але Чыжык потым запытаўся нечакана:
— А як прыйдуць? Прыйдуць ды калатнуць так, што і лес не паможа?
I здзівіўся ўпартаму бляску вачэй і дзеда Купрыяна, і самога гаспадара.
Ноччу сніўся палкавы камісар, і чырвонаармеец, сагнуўшыся, ляжаў, адчуваючы тугу і ніякаватасць. Хутчэй бы, хутчэй усё загаілася ды адсюль вырвацца!
Не спала і Зося.
Міналі дні. Аднойчы ў поўнач Чыжык прахапіўся з адчайным крыкам, увесь у поце. Зося падала кружку халоднай вады, і ён прагна піў, разліваючы яе па грудзях і прасціне. Потым ляжаў з шырока расплюшчанымі вачыма, цяжка дыхаў. Адкінуў коўдру, глуха сказаў:
— Навошта марудзіць? Для чаго гэта? — і рашуча заявіў: — Сёння раніцою пойдзем. Хопіць — адляжаліся! Як-небудзь дабярэмся. У гэтага Патапа Дзяменцевіча, аказваецца, сельсавецкая пячатка. Мы напісалі даведку, што я і ты былі тут у гасцях, жывём у непаспартызаванай мясцовасці і вяртаемся да свайго дому. Ён кажа, што немцы вераць такім даведкам. Ты слухай, я цябе навучу, што пры выпадку гаварыць...
Праводзілі іх многія. Жадалі шчаслівага шляху, Чыжык спяшаўся. Яго неадольна цягнула наперад, кожная хвіліна надакучлівага чакання прыносіла толькі боль, горыч і незадаволенасць самім сабой. Не, ён прызвычаіўся ўжо да баявога жыцця — да атак і кулямётнага агню.
«Зброя знойдзецца», — успомніліся словы, і ён усміхнуўся. Аднак прагаварыў таропка:
— Пайшлі, пайшлі, Зося!
Сустрэча
Як бы цень самога палкавога камісара ішла ўслед за Чыжыкам. Яна саромела, падганяла, асуджала яго. Гэтулькі дзён! Гэтулькі дзён, як у цяжкім сне. За гэты час яны ўжо былі б дома, а там вызначылася б і што рабіць далей. Ён супакойваў сябе толькі тым, што трэба ж было падлячыцца і адпачыць. Ды і Зосі іначай не вытрымаць бы такога шляху. А гэта — не жартачкі! На гэта нельга забывацца. I прадукты ж на дарогу — хіба без іх дабярэшся?
Вёскі пачалі трапляцца неспакойныя. Іншым разам правяралі нават Патапаву даведку. Падазрона, прыдзірліва. Бурчэлі.
— Каб не такія, як вы во, злыдні, немцы трасцу прайшлі б.