Выбрать главу

Зноў усюды грымелі стрэлы, і па начах відаць былі трасіры.

А ў адным лесе іх аклікнулі. Некалькі чырвонаармейцаў з вінтоўкамі наперавес бегла наўздагон. Гэта былі рэшткі нейкай часці, якая трапіла ў акружэнне. Патапава даведка не памагла.

— Відаць, што добры «чыжык», — кпліва сказаў адзін з чырвонаармейцаў, пагражальна размахваючы прыкладам.

Тады Чыжык скінуў пінжак, скінуў кашулю і паўстаў перад імі голы да пояса, увесь у рубцах і нядаўна загоеных ранах.

— Ого-го! — сказалі чырвонаармейцы. — Аднак здорава гэта цябе! — і прапанавалі: — Заставайся з намі.

— Не, — цвёрда сказаў Чыжык. — Трэба ісці!

Яго не распытвалі і не затрымлівалі. Чалавек ідзе да арміі — гэта зразумела было само сабой. Выкурылі толькі па цыгарцы разам на развітанне, моўчкі седзячы пад дрэвамі.

Чыжык быў бадзёры, жартаваў, нават рабіўся весялейшы, бо з кожным днём набліжалася ягоная Гомельшчына.

Зося вельмі хутка стамлялася. Яе туфлі даўно парваліся, і ішла яна босая, усё такая ж прыгожая і ласкавая. Пра дом, пра бацьку, пра Броніка зусім не ўспамінала.

Адчувалася блізкая восень. Яшчэ і бярозы не гублялі лісця, і сонца пякло няшчадна, аднак ноччу над паплавамі ўжо стаялі туманы, дыхала амаль няўлоўным пахам халадоў. Дзікія качкі, патрывожаныя грукатам вайны, увесь час насіліся над аерамі.

У адзін з такіх дзён Чыжык лёг на ўзмежку ля вытаптанай паласы жыта, пасярэдзіне якой тырчэў абгарэлы нямецкі танк, і сказаў:

— Во, гэта ўжо наша Гомельшчына... Хутка наш дом.

Зося прайшлася па мяжы, абышла з усіх бакоў танк. Вежа яго быль звернута набок, наперадзе чарнелася вялікая дзірка, праз якую вытыркаліся замасленыя анучы, на баках відаць былі чорныя крыжы. Танк гарэў зверху, і яго тушылі, бо ўвесь ён быў абсыпаны зямлёю. Зося ўпершыню бачыла такое...

Чыжык перажываў іншае. Ці ўсё добра дома ў сям’і? Вёскі вакол былі не разбітыя, іхняя таксама павінна б уцалець. Вось толькі старэйшая сястра! Актывістка, настаўніца, завуч. Але ў іх няма такіх, як Бронік або Зосяў бацька. Павінна было б усё быць добра. Ён наперад ведаў, што Зося ўсім спадабаецца. Ды і хіба гэта лёгка дзяўчыне — назаўсёды пакінуць бацькоў?

Зося раптам спынілася, Пачала парадкаваць на патыліцы валасы, трымаючы шпільку ў зубах. Ён зразумеў яе: ёй хацелася спадабацца свёкру і свякрусе. На ўзлеску, што пачынаўся за былым Грабскім хутарам, яна апранула сваё моднае салатавае плацце, якое несла ў вузельчыку, бо да гэтага ішла ў старым, падараваным гаспадыняй з лясной вёскі. Давалі лепшае, але Зося ўзяла самае горшае — баялася, што сустрэнуцца немцы. Яна тады замест сваёй прыгожай хусткі павязалася дзяружкай. Цяпер усё гэта паляцела ў кусты.

Ля Дняпра яны памыліся і пайшлі па лузе — трава да пояса.

Паказалася за лугам вёска. Цямнела.

...Нялёгкі шлях твой, чырвонаармеец, ой нялёгкі! Гэта толькі частка шляху — магчыма самая лепшая. Наперадзе чакаюць цябе неверагодныя выпрабаванні, і невядома яшчэ, ці выйдзеш ты з іх жывы. Можа стацца, што назаўсёды пакінеш адну прыгажуню сваю Зосю, што ідзе цяпер услед. Трэба сказаць, каб берагла сябе. Хіба ў гэтым ёсць што-небудзь саромнае, калі беражэш сябе?

Чыжык спакайнеў. Цяпер ён, лічы, прывёў Зосю да сваіх бацькоў, і яго сумленне было чыстае, як чыстым яно было перад памяццю аб палкавым камісары, які ўвесь час як бы крочыў поплеч з імі абодвума. Цяпер перад Зосяй правільны шлях і новае жыццё, да якога яна рвалася.

Разам з тым Чыжык думаў цяпер і пра іншае. Вядома, яго будуць распытваць, адкуль ён ідзе і што там такое з імі ўсімі здарылася. Але ён не скажа. Раней, да вайны, Чыжыку здавалася, што ён ахвотна такія гісторыі расказваў бы бясконца. Цяпер жа язык не паварочваўся. Не хацелася нават усяго таго ўспамінаць. Цяжкое перажытае, аказваецца, і расказваць цяжка, а часам і зусім немагчыма. I Чыжык рашыў гаварыць тое, што чуў не аднойчы: часць трапіла ў акружэнне, хто-ніхто вырваўся, і ён во прыйшоў.

Перад самай вёскай яны пайшлі поплеч. Зося зноў пачала папраўляць валасы, абцягваць плацце. Бацька купіў ёй гэтае плацце, не шкадуючы грошай, як толькі яна падрасла. I вельмі не любіў, калі Зося праходжвалася ў ім ля крэпасці, дзе заўсёды было многа маладых чырвонаармейцаў. Калі яна расказвала пра гэта, дык Чыжык злаваўся і ўсякі раз выходзіў з цярплівасці: ніяк не хацелася верыць, што Зосі мог сустрэцца не ён, а хто-небудзь іншы. Ён незадаволена натапырваў губы і бурчэў. Значыць, яны, казаў ён, сышліся выпадкова. Не загавары ён тады з ёю ў парку, і яна пазнаёмілася б з іншым. Хо, такую прыгажуню ды каб не заўважылі з іхняга гарнізона? А там былі хлопцы і прыгажэйшыя за яго. Што ён супраць іх! А пасля... Колькі гэтых самых выпадковасцей было пасля! Хіба ж не пазірала яна на яго спачатку скоса і нават уцякала? I каб не настояў ён на сваім, дык і зноў жа нічога не было б. Гуляла б Зося з кім-небудзь іншым, хто па душы. Адным словам, выходзіла, што ўсё атрымалася выпадкова, таму ўсё гэта зусім не трывалае, казаў Чыжык, да першага развітання.