Выбрать главу

I Чыжык зразумеў, што на час яго асоба павінна адступіць як бы на другі план.

У сям'і

Двор быў амаль пусты, толькі капашыліся куры на прызбе ў пяску ды ў хлеве тупаў конь. Бацька такі ж, як і сын, прысадзісты, але з густой чорнай барадой, у картовых паласатых штанах і сіняй кашулі, падпяразанай рамянём, расчыніў перад Іванам вароты хлева.

— Во, бачыш, якую каняку маю. Небараку. У каго былі добрыя — немцы пабралі, а майго кінулі.

Конь быў стары, гнядой масці і, калі паварочваў да іх галаву, дык відаць было бяльмо на левым воку.

— А парсюкоў я, як і ўсе, — пад нож. Схаваў усё ажно ў хмызняку. Паграбец там зрабіў. Пачастуем вас свежанінай. А яна, твая маладзіца, з вучонай, глядзі, сям’і? — і кіўнуў у бок Зосі, што мылася пад павеццю — Гарпіна палівала ёй з драўлянага гарца ваду на рукі.

— Не, не з вучонай, — адказаў Іван.

— Бач ты! А і ты, брат, увесь у мяне. Такую бабу выбраў, — падмігнуў ён. — Куды там!

Што наважваецца рабіць далей Іван, бацька не распытваў. Ён і наогул амаль ніколі не ўнікаў у яго асабістыя справы. А цяпер была вайна, і што-небудзь раіць, асабліва ў такім становішчы, ён проста не адважваўся. Хай сын сам разбярэцца — яму відней.

Гарпіна гаварыла з Зосяй.

— I ты зусім не вучылася?

— Я ж кажу: бацька не пусціў. Ён са старым норавам. А грамату я ведаю — чытаю і пішу — і па-польску, і па-руску, — памаўчала, дадала: — Во яшчэ: у ксяндза вучылася. Нагаравалася — жах! Ксёндз быў малады — не даваў праходу. Ледзь адчапілася ад яго.

— Гэта і сапраўды жах! — падхапіла Гарпіна. — Маладая, здольная дзяўчына і не вучылася ў школе. Я цябе абавязкова падвучу. Кніжкі ў мяне ёсць. Згода?

— Згода, — сказала Зося і рассмяялася.

— Добра. Толькі скажы мне, як жа гэта вы ўмудрыліся сустрэцца з Іванам? Ён, што ж, з акружэння выйшаў?

— Не ведаю, — адказала Зося. Падумала і дадала: — Ведаю, ды толькі ён сказаў мне, каб не гаварыла.

— Угу, — заківала Гарпіна галавою. — Ясна. Ну, то і не гавары — ліха з ім. Будзе пасля толькі лішняя сварка. Ён у нас заўсёды такі — любіць сакрэты.

— Хадзем, хадзем, сынку, у хату, — пацягнуў бацька сына за рукаў. — Хадзем. Хай яны тут адны нагаворацца — ведама, кабеты. А мы пасля ўжо з маладой як след пазнаёмімся.

У хаце ля прыпечка завіхалася маці. Рукі яе ўсё яшчэ трэсліся ад перажытага, з вачэй цяклі слёзы, і яна раз-поразу выцірала іх фартухом. Над агнём на трыножцы скварылася свежаніна, булькаталі толькі што разбітыя яйкі. Маці прагна пазірала на Івана — усё не магла наглядзецца. Вось і цяпер прыпала галавою да грудзей, усхліпнула.

— Дзякаваць богу, у баку ад шашы жывём. Рэдка гэтыя пачвары наведваюцца. А што блізка ад шашы вёсак папалілі — не злічыць! Такая стралянііна была! Гэта добра, што ты з жонкаю. Ну, а як жа там цяпер яе бацькі?

— Нічога, жывуць, — прагаварыў Іван. — Настояла на сваім. Як ёсць, так і пайшлі. Ноччу. Яна з імі і не развіталася.

— Ты глядзі... — здзівілася маці. — Бывае ж на свеце такое!

Зайшлі Гарпіна і Зося — абедзве аднолькавага росту — і Іван міжвольна параўнаў іх абедзвюх. Гарпіна была хоць і кірпаносая, але хударлявая і як бы змучаная, а Зося — нават вялікая дарога амаль зусім не перайначыла: такая ж ласкава-вясёлая.

Малады Чыжык толькі дзівіўся з маці. Прыход незнаёмай Зосі ў сям’ю прынёс ёй жывую радасць.

Маці прынесла з сенцаў сыр, масла, каўбасы, халадзец, вяндліну. Нарэзала свежых гуркоў, накрышыла цыбулі. Сын толькі дзівіўся, для чаго ўсё гэта яна робіць: усё роўна ж усяго не з’есці. Маці, уладкоўваючы ўсё на стале, растлумачыла:

— Там, у гэтай Заходняй, кажуць, людзі бедна жывуць. Дык каб ты, Зося, не падумала, што і мы галадаем, як там некаторыя крычаць. Дзякаваць богу, добра жывём, усяго хапае — і хлеба і да хлеба. А ў апошнія гады, дзетачкі вы мае, ох жа як добра зажылі! А ўсё таму, што ў калгасе. Аднаасобнікамі мы самыя бяднейшыя людзі былі. А гэтае лета такое ж урадлівае, ды во злыдзень усё разбурыў... — і яна зноў усхліпнула.

Старая ганарылася жыццём у калгасе, які разбурыў цяпер люты вораг.

У двары паказалася некалькі жанчын. Услед за імі зайшоў сівенькі дзядок Анупрэй. Потым — настаўніца біялогіі Зелянкоўская, хударлявая, высокая і жылістая, як мужчына.

— Гэта мы, сынку, гасцей паклікалі, — растлумачыла маці. — Нельга ж без гасцей, — і зноў пабегла ў сенцы.

Не было спакуслівых размоў, як у той вёсцы. Не гаварылі пра лясы. Усе адчувалі за сценамі гэтай хаты вайну, і кожны душою быў там, далёка наперадзе, з сваімі часцямі. I Зося гэта адчувала.

Ноччу Чыжыку прысніўся палкавы камісар. Быццам ідзе ён як бы з самога туману цераз агароды, вялікімі крокамі, заходзіць у хату, нагінаецца над ім і пытаецца:

— Спіш?