— Сплю, — адказвае Чыжык.
— Не спі, — кажа камісар.
— Ведаю, — адказвае Чыжык.
— Ну, а яна як сябе адчувае? Ці спадабалася ёй у вашай сям’і, ці да спадобы бацька і маці, бо той ёй не бацька, а вораг.
— Спадабалася, — адказвае Чыжык. — Таму і вёў яе сюды.
— Ведаю, не расказвай, — прагаварыў палкавы камісар. — Ну, а як жа з патронамі і з тым патаемным ходам? Во, бачыш, — і ён паказаў яму акрываўленыя рукі. — Патроны канчаюцца...
Нешта цяжка, як бы ўсё гэта і ўсё, што ёсць на зямлі, раптам навалілася на грудзі, пачало душыць, зусім не стала паветра. Чыжык прачнуўся. Скроні гулі і балелі. Цяжкі непераадольны сон па-ранейшаму скоўваў усяго. Але Чыжык ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Потым яму захацелася плакаць. Але слёзы ніяк не ішлі, і з-за таго было балюча.
Ён павярнуўся на бок, паклаў галаву Зосі на грудзі і так заціх, зрэдку ўздрыгваючы.
На ўсход
Яму здавалася, што гэта будзе вельмі цяжка — развітацца. Немагчыма было нават уявіць такога моманту, бо пакідаць Зосю не хацелася. Асабліва цяпер, калі было пра ўсё перагаворана і яны зблізіліся яшчэ больш. А атрымалася ўсё вельмі лёгка і проста.
Яшчэ да ўсходу сонца маці, бацька і Гарпіна праводзілі яго да той самай снараднай ямы, што была недалёка ад разбітага нямецкага грузавіка і якую ён палічыў не так даўно бомбавай варонкай. Тут развіталіся. Бацька, цяжка абхапіўшы сына, усё ж не вытрымаў і запытаўся:
— А цяпер куды?
— Пайду на ўсход. Буду дабірацца да свае арміі.
— Ну, як ведаеш, — сказаў ён, а ў самога пад вусамі блукала задаволеная ўсмешка.
Далей яны пайшлі ўтраіх — трэцяй была Гарпіна — па тым самым лузе, толькі не па той дарозе, а направа і ўбок. Тут Гарпіна перавезла іх на лодцы і сказала:
— Я цябе чакаць тут буду, Зося.
3 братам яна развіталася не вельмі каб прыязна.
Яны пайшлі ўдвух.
Трава была не пакошаная і на ўзгорках пабурэла на сонцы. Варта было крануць ботам, як з яе асыпалася буйная раса. За лугамі сінеў лес. Там, за лесам, неспакойна барвавела неба. Усюды крычалі дзеркачы, пачыналі спяваць птушкі. Часам грымела, але тут гэта нагадвала чамусьці толькі навальнічныя грымоты і наганяла сон. Недалёка ад лесу пэўна мясцовы ляснік выкасіў ладную дзялянку, і Чыжык з Зосяй селі пад капу.
— Ну, во, на гэтым канчаецца наша жыццё, — сказаў ён і засмяяўся. — Цяпер ты прыстроеная і я спакойны. 3 Гарпінай дружы, яна — нядрэнны чалавек.
— У вас усе людзі добрыя, — адгукнулася Зося.
— Твая праўда, — згадзіўся Чыжык. — Толькі людзі ўсякія бываюць.
Зося згадзілася і заківала галавою.
I ад таго, што іхнія думкі заўсёды як бы супадаюць, што і яна і ён — гэта нешта як бы адно, Чыжыку стала балюча.
Ён прашаптаў:
— Ты мяне чакай. Я абавязкова вярнуся.
— Беражы сябе, — прашаптала яна.
Разгаралася раніца. Луг, Дняпро ззаду, капа, водбліскі зарава на траве і яны ўдваіх — гэта была частка вялікага неабдымнага свету. Дробная частачка. Як у лесе ў кожнай птушкі існавала сваё жыццё, так і ў іх існавала цяпер сваё асабістае жыццё. Развітваліся яны доўга, балюча...
— Дай яшчэ раз абдыму, — казала Зося. — Ты ж такі харошы. Пачакай яшчэ, не ідзі. Беражы сябе. Ты ж сам казаў, што берагчы сябе трэба.
— Ага, ага... — згаджаўся Чыжык.
Яму сорамна было цяпер за нядаўнюю сваю рэўнасць. Але калі ён пачынаў успамінаць усё больш падрабязна, сорам мінаў.
Ён ведаў, што Зося ўсім спадабалася — хіба ж можа чалавек з такой душою не спадабацца? — і радаваўся.
Узыходзіла сонца. У лесе, па ствалах дрэў, гулялі водбліскі, але луг быў яшчэ ў ценю. За лугам, на ўзгорку, узвышаўся сярод вёскі будынак
школы, і на яго бляшаным даху таксама ўспыхвала сонца. Над самай ракой радзеў туман. 3 нізін патыхала аерам. Увялае сена пахла, напамінаючы Чыжыку аб мінулым ужо леце. Хутка трэба б капаць бульбу, а тады пойдуць дажджы. I ён хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі, адчуванняў яе і сваіх уласных прыгожых мар. Але ж трэба было ісці, і ён закінуў сваю торбу за плечы. Абодва ўсміхнуліся — яна жаласліва, а ён бадзёра.
Ён думаў, што яна будзе плакаць, а яна рашыла перажываць усё мужна і толькі счарнела ўся. Ужо з лесу Чыжык яшчэ раз азірнуўся. Зося стаяла ўсё на тым жа месцы насупраць капы і пазірала яму ўслед. Правай рукою ён сарваў з галавы кепку і памахаў ёю над галавой. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца, а Чыжык пайшоў.
Ён ішоў і думаў, што добра было б вярнуцца з вайны з ордэнамі, пабудаваць свой дом, выгадаваць сваіх дзяцей і ўвесь час шанаваць Зосю. Хіба ў другі раз знойдзеш такую? Дзе там! Ну, наконт ордэнаў можна не думаць. Але ж вось ён неяк прадбачыў, што абавязкова зноў прыйдзе цэлы і непашкоджаны. Вунь з якіх боек выйшаў, кулі ўсяго абдрапалі, цэлай сцяною быў прысыпаны, суткамі не еў і не піў. А тут будзе лягчэй — болей прасторы. Галоўнае — дабрацца да сваіх.