Ноччу Чыжык забраўся ў кусты, даўшы сам сабе слова, што заўтра ж выб’ецца да якога-небудзь паселішча. Было халаднавата, Чыжык драмаў седзячы. Уверсе глуха шумелі сосны. Сярод начы ён раптам убачыў агонь наперадзе. Вогнішча было раскладзена пэўна ў яме, водбліскі скакалі па камлях дрэў. Мільгалі цені, узблісквалі штыкі.
Чыжык напружыўся. Няўжо свае? Але магло быць і так, што гэта былі немцы. Які-небудзь вартавы пост замёрз і па неахайнасці расклаў вогнішча. На кароткі час, каб толькі трохі сагрэцца. Вогнішча і сапраўды хутка затухла. Чыжык не мог так адсюль пайсці. Калі гэта былі свае, дык яны яму патрэбны. Калі немцы — дык яму патрэбна была цяпер іхняя зброя. Не ісці ж яму з голымі рукамі да варожых акопаў.
Чыжык дачакаўся блізкага золаку і пачаў асцярожна паўзці наперад, сціскаючы ў руцэ нож. Пад адной з ялін ён прыкмеціў цень чалавека.
«Ага, гэта ў іх вартавы», — сказаў сам сабе Чыжык і яшчэ больш стаіўся.
Вартавы драмаў, стуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Вінтоўка тырчэла між ног.
«Перш за ўсё трэба вырваць вінтоўку, — разважаў Чыжык, — а тады ўжо зблізку будзе відаць, хто ён такі».
Чыжык лёгка прапоўз якіх дзесятак крокаў і стаіўся за вялікім пнём. Адсюль ён нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг. Але як? Прыгразіць штыком, паказаць знак рукою, каб маўчаў. Не, усё роўна паспее крыкнуць. Усё роўна давядзецца заблытваць свае сляды па кустах. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога.
У яміне пачуліся галасы. Вартавы ўздрыгнуў і выпрастаўся. Ад яміны ў яго бок рухалася цень, бразгаючы рэмнем вінтоўкі. Чыжык як не ўціснуўся ў зямлю. Ён нават схаваў галаву за пнём, слухаючы. I як не ўскрыкнуў ад радасці. 3-пад яліны пачуўся хрыпаты прастуджаны голас:
— Не сон, а адно мучэнне. Хоць бы дзяругу якую дастаць — усё цяплей было б. Гэты Саўчанка, д’ябла, усё гне сваё — не выходзь на дарогу. А я ўжо і смажанінай з гітлераўскай кухні разжыўся б. Двум тым кухарам па кулі б — во табе і ежа. А там у іх коўдры былі — сам бачыў, калі наглядаў. Бач, нявыгадна! Не страляй, бо якраз тут перадавая. А яны вазьмі дый махані за дзень кіламетраў на дваццаць. Цяпер даганяй. Ну, як, — нічога не чутно, усё спакойна?
— Усё, — адказаў з-пад яліны вартавы.
— Не ўсё, — адгукнуўся тады з-пад пня Чыжык. — Я яшчэ тут.
Цені адбегліся, закляцалі затворамі. Ляглі.
Глуха шумеў лес уверсе. Пахла мохам, грыбамі, спарахнелым дрэвам. Сыпалася раса. Было холадна, і чамусьці стала страшнавата.
— Не страляйце — свой, — падаў голас Чыжык. — Вы хто, — акружэнцы?
Наперадзе пашапталіся, гукнулі:
— Акружэнцы.
— Да сваіх дабіраецеся?
— А табе што?
— Чуў, што да сваіх. Мы таксама. Нас тут ззаду група, — на ўсякі выпадак зманіў Чыжык. — Мяне паслалі выведаць. Так што не страляйце. Калі б мы вас хацелі знішчыць, дык знішчылі б, калі вы раскладалі вогнішча. Падпусціце — пагаворым, пазнаёмімся.
Тады зноў зашапталіся, і, нарэшце, той голас, які нядаўна буркліва скардзіўся на нейкага Саўчанку, сказаў:
— Выходзь.
— А страляць не будзеце?
— Калі адзін — не будзем.
— Ладна! — махнуў Чыжык рукою. — Апрануты я ў цывільнае, так што не дзівіцеся.
— Мы і самі хто ў чым, — пачулася ў адказ.
— Ісці са зброяй ці без зброі?
— Без зброі.
Чыжык падняўся з-за пня. Падумалася: лепш было б дачакацца да раніцы ды прыгледзецца, ці мала ўсякіх людзей можа цяпер бадзяцца па лясах. Дзе-нідзе і з турмаў паўцякалі. К немцам не падаліся, але і да сваіх не прысталі. Усё гарачка праклятая. Толькі адступаць цяпер было позна. Канешне, гэта свае. Дзе там да такога злачынцам.
— Угавор, — сказаў ён на ўсякі выпадак. — Калі што якое — па вас адкрыюць агонь.
— Ладна, — незадаволена прагучаў хрыпаты голас. — Свае ў сваіх не страляюць, свае сваіх не б’юць. Вунь немец кроў смокча, а ён...
Двое паволі падняліся з зямлі. Падышлі. Абодва былі ў зашмальцаванай чырвонаармейскай форме. Насцярожана трымалі вінтоўкі.