Яго паставілі ля крэпасной сцяны, і тоўсты обер-лейтэнант узняў угору руку. Канвой па гэтай камандзе падняў вінтоўкі, кляцнуў затворамі.
Обер-лейтэнант нарыхтаваўся падаць наступную каманду. Канвой застыў у чаканні. Твар нямецкага палкоўніка перасмыкнуўся, вочы заззялі помслівай урачыстасцю. Запанаваў той момант, калі «плі» не было яшчэ сказана і ўказальны палец ворага лёг на курок. Чуць-чуць націснуць — і прагучыць стрэл.
Палкавы камісар вельмі добра адчуў гэта. Ён падцягнуўся і, пазіраючы гітлераўцу ў вочы, сказаў.
— Няхай жыве Камуністычная партыя!..
Суха трэснуў залп.
Палкавы камісар быў з беднай сям’і і паступіў на службу ў армію адразу пасля грамадзянскай вайны. Там ён уступіў у партыю, там выхоўваўся.
Яму даводзілася ваяваць з басмачамі і іншымі бандамі. Палкавы камісар за доўгі час службы ў арміі, — у паходах, на прывалах, дома ў кабінеце, — як і ўсякі іншы чалавек, любіў памарыць.
Мары былі ўсякія. Але найбольш думалася пра тое, што, калі давядзецца памерці пад кулямі, дык ён прыме смерць стоячы, пазіраючы ёй у вочы, з адкрытымі грудзямі. Тады ўся постаць яго выпроствалася, грудзі ўздымаліся і ён пачынаў пазіраць горда і строга. За доўгі час службы ў арміі ён і не падазраваў, наколькі ўвабраў усё гэта ў сябе.
Увесь зрашэчаны кулямі, увесь акрываўлены, мёртвы, ён не пахіснуўся, не ўпаў. Ён стаяў пры сцяне, шырока расставіўшы ногі, як жывы, кроў лілася з яго ран і бледнасць усё больш пакрывала яго шчокі. Гітлераўскі палкоўнік, тоўсты обер-лейтэнант і салдаты пашарэлі з твару, пазіраючы,
як мёртвы стаіць перад імі, не вельмі каб абапёршыся на крэпасную сцяну.
— Майн гот! — спалохана ўскрыкнуў набожны обер-лейтэнант, шпарка падбег і піхнуў палкавога камісара ў плячо. Палкавы камісар пахіснуўся і марудна лёг пад сцяною на правы бок.
Тоўсты обер-лейтэнант шпарка нагнуўся над ім, намагаючыся нешта зрабіць, але ў гэты час ля паўднёвых варот крэпасці, сярод руін, пылу і дыму, суха трэснуў адзінокі стрэл. Обер-лейтэнант шпарка перагнуўся, ляпнуў сябе правай рукой па паясніцы, паспрабаваў ухапіць ротам паветра і бразнуўся вобзем. Зноў і зноў зачасцілі адзінокія стрэлы, і некалькі гітлераўскіх салдат закурчыліся, размазваючы па зямлі кроў.
Зноў замітусіліся па руінах атрады. Зноў затрашчалі стрэлы і нават дзе-нідзе пачалі рвацца гранаты. Праз паўгадзіны гітлераўскаму палкоўніку далажылі, што ў крэпасці нікога не знайшлі, а калі толькі і быў яшчэ хто, дык ён — забіты.
Але ў той час, як усё гэта гаварылася, прыбег яфрэйтар і далажыў, што толькі што трапным стрэлам забіты салдат. Стралялі з аднаго боку — з боку паўднёвых варот, дзе найбольш руін і рознага жалезнага ламачча.
Наплываў вечар, грузавікі вывозілі з крэпасці трупы.
Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і ў першы раз, нікога не выявілі.
Назаўтра ўжо з раніцы зноў трэснуў стрэл і зноў гітлеравец упаў на крэпасной плошчы. Тады рашылі пайсці на хітрасць. Адшукалі старога паляка, які ўсё яшчэ верыў у пана Езуса, пачапілі на яго плячо аб’ёмістую торбу, нагрузілі яе хлебам, каўбасамі, флягамі з вадой. Паляк, з тонкімі вусамі, з бародкай клінам, у шэрым фрэнчы з самаробнага сукна, у галіфэ і бліскучых ботах, з канфедэраткай часоў Пілсудскага на галаве, угодліва пакланіўся палкоўніку. На плошчу ў сектар абстрэлу выпхнулі макет салдата. Адразу ж прагучаў стрэл. Макет упаў. Паляк скінуў канфедэратку і самаахвярна перахрысціўся на касцёл.
— Езус-Марыя!
— Ідзі, — загадаў палкоўнік. — У яго няма ні ежы, ні вады,— гэтаму ён паддасца. Скажы, што нямецкае камандаванне даруе яму жыццё, калі толькі ён складзе зброю і выйдзе да нас.
Паляк яшчэ раз перахрысціўся і таропка пайшоў наперад, часта азіраючыся і ўвесь час размахваючы канфедэраткай. Левай рукой ён выстаўляў наперад ад сябе торбу, з якой тырчэлі флягі, каўбасы і хлеб. Нямецкія салдаты нейкі час праводзілі яго, хаваючыся за руінамі, потым адсталі.
Паляк знік сярод грудаў цэглы і металічнага лому.
Ён вярнуўся няхутка — увесь збялелы і ўтрапёны. Яго вочы ліхаманкава блукалі, як у чалавека, які толькі што перажыў небяспеку, губы ўздрыгвалі.
— Ну, што? — строга запытаўся палкоўнік.
— Я сказаў усё, як пан загадаў, — адказаў паляк. — Ён адабраў торбу і толькі пасмяяўся. Сказаў, што выйдзе, калі вернецца Чырвоная Армія. Ён увесь скрываўлены і абдзёрты... з вінтоўкаю, пся маць! А адкуль выйшаў — не ведаю, не бачыў...
Аказваецца, крэпасць жыла, працягвала змагацца.
Справы чырвонаармейца Чыжыка