Выбрать главу

Ён сядзеў у яміне, абыякава пазіраючы на іх, слухаючы сумны шум лесу, часам бездапаможна перабіраючы пальцамі металічныя гузікі на гімнасцёрцы. Аднак у самы разгар спрэчкі ён не вытрымаў і сказаў:

— Па-мойму, трэба шукаць надзейнага чалавека, які ведаў бы гэтыя мясціны. Карты няма, і нападаць усляпую рызыкоўна.

— А навошта яго шукаць, — адразу адгукнуўся Чыжык, — калі я прыблізна ўсё тут ведаю.

Чыжык ухапіў пруток і пачаў чарціць ім па пяску пад сваімі нагамі.

— Во тут, зірніце, Гомель. Мы яго абышлі. Гэты лес цягнецца ад Гомеля да Навазыбкава. Мы прыблізна на сярэдзіне лесу. Дарога ад Гомеля на Навазыбкаў во тут, прыблізна справа.

— Прыблізна, — буркнўў Саўчанка. — Ты кажы больш дакладна. На вайне не можа быць прыблізна.

— А мы не ў школьным класе і не ў акадэміі, — у тон яму адказаў Чыжык, успомніўшы кінафільм «Чапаеў». — Цыркулем мераць няма чаго. Немцы дзе? На дарозе. А дарога во ў гэтым баку, на поўдні. Значыць, туды і трэба ісці. I адыходзіць трэба не на той бок дарогі, а на гэты, бо з таго боку чыгунка, і немцы будуць яе ахоўваць.

Саўчанка згодна заківаў галавой, па-ранейшаму без усякага захаплення. Засяроджаны на сваім, ён бачыў далей. Ён бачыў, як настойліва пакідае яго ўлада камандзіра, і адчуваць гэта было балюча. Аднак ён і не зусім быў упэўнены ў сваіх думках, бо і патроны, і харчы, і абутак сапраўды патрэбны былі, дый і нельга было спрачацца — хіба ж ён быў супраць таго, каб «пашкумутаць» немцаў? Разам з тым ён ужо загадзя страшэнна ўзненавідзеў партызаншчыну. За час адыходу ён не раз быў сведкаю, як людзі адбіваліся ад гурту, ледзь толькі траплялі ў свае або знаёмыя мясціны. I яму вельмі не хацелася, каб і яго група, хоць і на кароткі час, а ступіла на тую ж дарогу.

Так ці іначай, а даводзілася згаджацца.

Туман рассейваўся ў лесе. Выбліснула сонца між дрэў, асвяціўшы гурбу пажоўклага лісця. Лісце і яшчэ сыпалася з бярозы і клёнаў, што акружалі яе. Рабілася цяплей, і далёкі гул матораў у небе толькі нагадваў грымоты навальніц, даўно і назаўсёды, здавалася, страчаныя. Ад гэтага было і прыкра і сумна. Раптам наляцелі ўспаміны пра Зосю, наляцелі і запаланілі ўсё сэрца, усю душу. Чыжык схіліў галаву, адчуўшы на вачах слёзы. Па гэтых сваіх слязах ён раптам адчуў, якое ён усё ж, па сутнасці, яшчэ дзіця, яшчэ юнак, яшчэ нясталы чалавек, яшчэ падростак ці што, Гэта былі зусім не новыя адчуванні, яны ўзнікалі заўсёды, калі ён бачыў, што ёсць нейкі зрух і сам ён сталее.

Лісце шамацела, падаючы. Свяціла сонца, пахла грыбамі. Раптам успомніўся палкавы камісар — тое, пра што нікому не гаворана. Захацелася расказаць, але і на гэты раз ён стрымаўся, Цяжка.

Бабарыка ды і іншыя кляцалі затворамі, аглядаючы патронныя магазіны. Саўчанка крутануў барабан нагана, засмучона цмокнуў языком. Барабан быў амаль пусты. Падумаў, паморшчыўся, нехаця пакорпаўся ў сваёй камандзірскай сўмцы, якая вісела на баку, і раптам рашуча дастаў гранату, сунуў яе Чыжыку.

— На. Ты ж павядзеш. Як дзейнічаць — ведаеш?

Чыжык, успомніўшы баі ў крэпасці, толькі хмыкнуў. Паклаў гранату ў кішэню, пачаў выбірацца з ямы.

— Пайшлі, — толькі коратка сказаў ён.

За ім выбраўся Саўчанка, потым Бабарыка, потым іншыя.

Вайна — вялікае няшчасце. Аднак Чыжык, ведучы цяпер групу да дарогі, наперакор усяму адчуваў, што ён любіць ваяваць. Пасля столькіх дзён перапыінку ён радаваўся, што зноў ідзе на сапраўднае баявое заданне і што ў яго кішэні сапраўдная баявая граната. Яму ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Можа быць яго, Чыжыка, зусім і не стане ў гэтай хуткай бойцы, аднак ён радаваўся ёй і той небяспецы, якую трэба будзе перажыць. Проста нават незразумела было, як гэта той Бондар, да якога цяпер ён чамусьці не меў ніякай злосці, не можа адчуваць такога? Хіба ж не тое было і там, у крэпасці? Хіба ж не лез ён часам толькі з-за гэтага ў самае небяспечнае месца, з радасцю пасля зазначаючы сам сабе, што жывы. Хіба і не таму капаў ён сабе выхад з завалу і не таму пакінуў Зосю і родны дом? I... ці не таму адчувае ён такую схільнасць да Саўчанкі, быццам гэта самы блізкі для яго чалавек? Раней ён не задумваўся над усім гэтым, а цяпер, пад шум лесу, усё стала акрэсленым і ясным.