Чыжык пабялеў, здзіўлена ўставіўшыся вачыма на палкавога камісара.
— Было, таварыш палкавы камісар, — ледзь чутна прашаптаў ён, седзячы на сене.
— Не дзівіцеся, што я ведаю пра гэта. Магло ж здарыцца так, што той днявальны, які прапусціў вас і ад якога вы хавалі ў прыбіральні адзенне, выследзіў вас, а пасля далажыў?
— Магло.
Палкавы камісар цяжка ўздыхнуў.
— А дзяўчына, гэтая Зося, вельмі прыгожая? — зусім інакшым голасам неспадзявана запытаўся ён, зусім так, як некалі.
— Вельмі прыгожая,—выдыхнуў Чыжык і памкнуўся наперад.
У каштанавых вачах камісара ўспыхнулі прыязныя аганькі і адразу ж патухлі.
— I ты яе сапраўды кахаў?
— А як жа! — ужо гучней сказаў Чыжык.
Камісар усміхнуўся.
— Вунь як усё выходзіць... — сказаў ён. — Хіба адно такое каханне і хіба толькі яно гіне? Падумаць страшна, — і ён схіліў зарослую валасамі сваю галаву, і відаць было, што яму шкада гэтага кахання, магчыма, да слёз. — Вунь як усё...
— Нашы прыйдудь, — сказаў Чыжык.
— Абавязкова, — згадзіўся камісар. — Біцца ж будзем да апошняга патрона.
Ён зноў змоўк і зноў схіліў галаву. Нечакана махнуў рукою, як бы адганяючы нейкі прывід. Шпарка запытаўся:
— Той ход цяпер завалены?
— Завалены,— паведаміў Чыжык. — Мы спрабавалі разабраць — не паддаецца. Ды ўсё роўна, калі і прабярэшся, — трапіш ім у рукі. Па адным перастраляюць.
— Кажуць, у той яміне ты хаваеш патроны і нямецкую зброю?
— Хаваю,— прашаптаў Чыжык.
— Малайчына, — пахваліў камісар. — Хлопец ты запаслівы. Хавай. Але помні: пра іх будуць ведаць, не адзін ты. Барацьба будзе да апошняга дыхання і можа стацца так, што застануцца лічаныя патроны. Тады будзе скарыстаны твой запас...,
Гэта была не такая ўжо і даўняя праўда, і яна была не такой ужо і дзіўнай. 3 ёю можна было пагадзіцца нават у беспрытомнасці. Ён выразна бачыў увесь змардаваны яго твар, даўгія валасы, трохі пакручастыя, яго каштанавыя вочы, што пазіралі холадна і пагардліва.
— Чыжык, — з болем сказаў ён. — Чаму ж ты не прынёс свае запасы?
I скрыўленыя Чыжыкавы вусны шапталі:
— Мяне прыдушыла... Сцяною... Я крычаў, ледзь не захлынуўся. А цяпер мяне і самога злавілі. Тут няма ніякага выйсця — проста дзіву можна дацца, як усё зроблена. I галоўнае — ніхто пра гэты засценак не ведае...
Аднак ён усё ж апрытомнеў як след. Адчапіўся ад хваравітых успамінаў. Смерць стаяла над ім, і ўся яго істота вельмі яскрава ведала гэта. Уся яго істота прагнула, каб ноч цягнулася як мага больш, каб здарылася нешта неверагоднае, з-за чаго ён застаўся б жывы. Як і палкавы камісар, ён пры жыцці, аказваецца, зусім не ведаў свайго характару. Калі ён успомніў Зосю, калі зразумеў, што назаўсёды траціць яе, — салёныя слёзы раптам пацяклі з яго вачэй. Ён сам здзівіўся гэтаму, бо не толькі не плакаў, але нават не стагнаў на надакучліва-балючых допытах, калі выломвалі рукі і білі, хто як мог.
I таму, што ён вельмі хацеў, каб апошняя ноч цягнулася незвычайна доўга, яна ляцела для яго з ліхаманкавай шпаркасцю, хоць і сапраўды была надзвычай доўгай, як і ўсякая зімовая ноч. Ён то сядзеў, то ляжаў. У думках гаварыў то з Бабарыкам, то з батальённым камісарам і прасіў адпомоціць за сябе і за Зосю. Патроху пачаў адчуваць, што пры жыцці, у апошні год, усё ж лічыў бліжэйшым чалавекам Зосю і мала звяртаў увагі на бацьку і маці. Ён пачаў пакутаваць ужо з-за гэтага. Цяпер ён з болем успамінаў, што недаравальна холадна развітаўся з бацькамі ў апошнюю сваю сустрэчу.
Яму здавалася, што і вецер за сцяною скуголіў і стагнаў. Некалі, лежачы на беразе Дняпра, ён доўга чуў незразумелы, працяглы і тонкі свіст. Нехта як бы на самаграйцы выводзіў самыя неверагодныя разумныя мелодыі. Ён тады падхапіўся, здзіўлены, бо блізка нічога не было, і ўбачыў амаль побач адзінокую надламаную чарацінку. Спеў даносіўся з яе, спявала чарацінка. Вецер іграў на ёй сваю песню, якой яму хацелася... Чыжык зразумеў, што ўсё, што ёсць на зямлі, — і вецер, і вада, і трава, і дрэвы, — толькі разумнае.
Цяпер вецер шамацеў саломаю на страсе і яму хацелася ўчуць спеў толькі адной саломіны, але ён ніяк не мог злавіць яго. Усё кружылася, усё змешвалася ў ягонай галаве. Ён чуў толькі напорысты гул, скавытанне і глухія ўдары снегу ў сцяну.
Нейкі неспакойны пабочны енк уплятаўся ў гэты тлум. Потым моцна грукнула ў вароты — так ірваўся сюды вецер.
У яго занылі зубы. Сэрца рвалася на часткі. Падступаліся крыўдныя думкі, калі ўспамінаў, што ў жыцці вельмі многа залежыць ад выпадку. Гэта прыводзіла яго ў роспач, у адчай, прыносіла невыносны боль і без таго змардаванамў целу. Каб не выпадак... Вярнііце назад, на поле бою, — і ён будзе страляць, хадзіць у атакі, любіць сваю радзіму, будзе любіць сваю Зосю! Як жа яна цяпер без яго! I яна і дзіця? Ці выжывуць, ці дачакаюцца перамогі?.. Усе аднолькава рабіліся блізкімі і дарагімі. Усе...