— Ты вельмі рэдка прыходзіш, Ваня. Вунь Бронік — ён наведваецца кожны дзень.
— Я ж у арміі, Зося, — цярпліва адказаў на гэта Чыжык. — У арміі свой закон, прыйсці не заўсёды можна.
Ён развітаўся, дамовіўшыся, што будзе ў гэтую нядзелю. Зося згадзілася прыйсці да крэпасці. Але ён бачыў, што яна не надае ўжо гэтай сустрэчы і яго словам амаль ніякага значэння. Не адчувалася ў голасе і ранейшай Зосінай радасці.
I нечакана новае няшчасце: заняты сваімі неспакойнымі думкамі, ён не пачысціў як след зброю і камандзір. узвода загадаў не адпускаць у горад.
Аб усім гэтым думаў і ўспамінаў Чыжык, стоячы канцавым у шарэнзе.
Невясёлыя, прыкрыя думкі!
Захад між тым усё больш прыкметна змрачнеў. Прайшоўся, дыхнуў цёплы вецер на двары, патрывожыўшы лісце таполяў, электрычную лямпачку на слупе і занёсшы сюды гаркаваты пах палыну. Прагучала каманда падрыхтавацца да «адбою». Чыжык яшчэ патаптаўся ля ўваходных дзвярэй, дзе група чырвонаармейцаў дакурвала апошнія папяросы перад сном, і падаўся ў казарму.
Заснуць ён не мог. Зноў успомнілася апошняя размова з Зосяй і тоўсты Бронік. Рэўнасць не давала Чыжыку спакою. Яму здавалася, што цяпер, калі ён ляжыць у ложку, тоўсты Бронік абдымае яго Зосю. Не здарма ж ён завітвае туды кожны дзень. Не здарма ж Зося стала такой безуважлівай і халодна-кплівай. Нешта як бы змянілася ў ёй самой. Канешне ж, яны сустракаюцца цішком ад яго. Гэта — сёння. А што будзе заўтра, калі ён не прыйдзе на сустрэчу?
Чыжык неспакойна варочаўся, не забываючыся аднак прыкідвацца, што спіць. Нарэшце не вытрымаў. Падцягнуў да сябе нагавіцы, падапхнуў іх пад споднюю кашулю, уважліва паглядаючы ў бок дзвярэй, дзе цікалі ходзікі і быў днявальны. Падняўся, насунуў на ногі боты і падаўся да выхаду. Ходзікі паказвалі без чвэрткі дванаццаць. Днявальны драмаў, седзячы на стуле. Ён амаль безуважліва акінуў Чыжыка памутнелым позіркам і зноў схіліў галаву. Чыжык прагрукатаў ботамі па калідоры і завярнуў налева. У прыхожай ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры, заўважаны ім яшчэ з вечара. Чыжык шпарка сунуў за яго свае нагавіцы, пахадзіў, разважаючы, ці не забраць нагавіцы назад, але ўрэшце махнуў рукой і зноў падаўся ў казарму.
Пацягнуліся напружаныя, даўно зведаныя хвіліны. Зося і Бронік так і стаялі ў вачах. Чыжык схаваў пад споднюю кашулю гімнасцёрку, накінуў на галаву шапку і зноў патупаў да выхаду. I зноў днявальны акінуў яго абыякавым позіркам.
Апынуўшыся ля аркуша фанеры, Чыжык пастаяў, прыслухаўся. У казарме панавала цішыня, яе зрэдку перарываў гучны ўсхрап. Нікому не было аніякай справы да Чыжыка.
Чыжык яшчэ счакаў, потым шпарка дастаў свае нагавіцы і нырнуў у двор. Тут быў цёмны куток між крэпасной сцяной і збудаваннямі, увесь зарослы палыном, конскім шчаўем і дзядоўнікам.
Пры самай сцяне чарнелася не вельмі каб шырокая яміна. Чыжык шпарка апрануў нагавіцы і гімнасцёрку, боты насунуў на ногі без ануч і, схапіўшы шапку, знік у яміне.
Стары склеп, выкладзены цэглай і змацаваны каменем, на першы погляд, не меў выхаду. Толькі з-за цікаўнасці Чыжык аднойчы забраўся сюды... Пахла сырасцю, патыхала холадам. Чыжык, сагнуўшыся, прабіраўся вузкім праходам, папярэдне адваліўшы важкі валун. Часта налятаў на груды бітага ламачча, паліў запалкі. Так ішоў ён даволі доўга, увесь час баючыся дакрануцца да мокрых, зацягнутых плесенню сцен. Наперад уяўляў сабе, як захопіць іх — Зосю і Броніка — і што з гэтага атрымаецца. Калі толькі Бронік пачне кідацца, дык Чыжык хутка прымусіць яго сціхнуць. А наогул лепш было б кпліва пажадаць ім шчасця і багатага жыцця і адразу пайсці — адзін раз і назаўсёды...
Чаго толькі не робіць першае каханне! Ён не ўпершыню прабіраецца во так гэтым старым, нікому невядомым ходам.
Нарэшце наперадзе вызначылася як бы прасветліна, дыхнула свежым паветрам. Выхад быў у старым запушчаным скверы. Ён заканчваўся напаўразбураным і напаўзаваленым цэглаю скляпеннем. Чыжык, апынуўшыся зноў на паверхні, абабіў з вопраткі гразь і пясок, азірнуўся. На тым баку вуліцы ля цэнтральных варот ён убачыў вартавых, асветленых зверху электрычнай лямпачкай. Выйшаў нарад пагранічнікаў, прыпыніўся і, пад каманду старшага, з вінтоўкамі на плячы пашыбаваў па берагу абводнага канала крэпасці, гулка адбіваючы крок.
Спеў салаўёў, аднастайнае крумканне жаб у блізкай крыніцы, пах чаромхі і бэзу расчулілі Чыжыка. Спакойная летняя ноч, цёплая і парная, туман над гэтым забытым усімі скверам, мігценне далёкіх зор, — усё гэта дыхала на яго ласкай і як бы нейкай спагадаю. Чыжык ішоў аднаму яму вядомай сцежкаю, узбоч агародаў і садоў. Ля крыніцы, цераз якую была пракладзена кладка, прыпыніўся. Лёг на зямлю, пачаў піць ваду. Потым трапіў у вуліцу і шпарка перабег яе, радуючыся, што не натрапіў на патрулёў.