Выбрать главу

Вуліца была на самай ускраіне горада. Усё тут больш паходзіла на вёску, чымся на горад. Такія ж драўляныя дамы, хлявы, у якіх жыхары трымалі кароў і коней, гэтак жа па раніцах будзілі тут начную цішу санлівыя пеўні. Тратуараў у вулачцы не было, і Чыжык нячутна пакрочыў па пясчанай мяккай дарожцы. За час хадзьбы ён добра ўзмакрэў і раз-поразу выціраў разгарачаны твар насоўкаю, якую не так даўно падаравала яму Зося.

Нарэшце ён дайшоў да двара, спыніўся ля знаёмай брамкі. Недзе наперадзе за густым вішаннікам і слівавымі дрэвамі быў Зосін дом. Чыжык прыслухаўся: галасоў у двары не было чутно. Тады, адышоўшыся, ён адшукаў у частаколе знаёмую шчыліну і праціснуўся праз яе. Наперадзе, сярод кустоў парэчак, забразгатаў ланцугом сабака. Чыжык паціху паклікаў яго. Сабака вьшырнуў з-за дрэва. Чыжык кінуў яму кавалак хлеба і пашыбаваў да дому, што віднеўся наперадзе. Дом быў высокі, з дзвюма зашклёнымі верандамі, якія выходзілі ў двор. Пры верандах, чапляючыся за папярэчыны, густа раслі вінаградныя лозы. У сад выходзілі чатыры высокія акны. Чыжык падышоў пад апошняе, перадыхнуў. Яму ўявілася, як там, за гэтым акном, ва ўтульным асобным пакойчыку, устаўленым фікусамі і пальмамі, спіць цяпер яго Зося. Пракляты бацька! Каб не ён, Чыжык зараз пайшоў бы да яе проста ў дом. А мо паспрабаваць? А што, калі там Бронік? Мускулы напружваліся пад гімнасцёркай.

Чыжык пастаяў, раздумваючы, і ўрэшце пачаў стукаць пальцамі ў шыбіну акна. За акном затупацелі, і зараз жа знаёмы Зосін тварык прынік да шыбы. Правай рукой яна прытрымлівала кашулю, што атуляла грудзі. Зося зжахнулася ад нечаканасці і ў наступны ж момант знікла ў цемені. Чыжык яшчэ больш насцярожыўся. Ляснулі дзверы, пратупацелі ногі, абутыя ў тапачкі. Але тых, чужых крокаў не чутно было. Чыжык уздыхнуў з палёгкаю. Дзяўчына спынілася па той бок каліткі, пазіраючы на яго.

— Зноў? — толькі і знайшлася што прашаптаць яна. — Зноў збег? Ой, глядзі, Ваня, як бы не ўляцела табе ад начальства! — а рукі ўжо адкідвалі зашчапку, як заўсёды, паспешліва. Потым Чыжык сядзеў з ёю на знаёмай лавачцы сярод бэзавых кустоў, пасля піў квас, якім яна частавала яго, прынёсшы са склепа. Ён піў, а яна дакарала:

— Дурны ты! Ну, навошта мне той Бронік! Гэта ж я хітравала, бо баялася — забудзешся яшчэ на мяне, — і гладзіла яго твар, валасы невялікай сваёй далоняй.

Салаўі не сціхалі. У блізкіх палях перагукваліся ў жыце перапёлкі, а недзе далей на пожні крычалі дзеркачы.

— Я сама заўтра да крэпасці падыйду, — шаптала Зося. — Роўна ў дванаццаць. I ты падыйдзі тады да варот. А служыць трэба сумленна, я табе не здраджу. Чуеш?

Цяпер Чыжыку сорамна было свае рэўнасці, і тыя думкі, што не давалі спакою ў казарме, здаваліся смешнымі. А яна не сунімалася:

— Ці ж добра так? Ці ж доўга так да знявагі? Хіба лёгка мне будзе, бо гэта ж з-за мяне, я вінаватая...

Няшчадна пяклі камары ў рукі, у твар.

Заспявалі другія пеўні.

— Чвэртка трэцяй гадзіны, — сказаў узнепакоена Чыжык і падняўся.— Больш ніколі не буду так рабіць, але і ты не крыўдзі мяне, гавары толькі праўду. Ведаеш, як цяжка... А заўтра ў дванаццаць я буду ля цэнтральных варот. Так што прыходзь.

Яна правяла яго да частакола, і яны развіталіся, яшчэ раз дамовіўшыся напаследак — пабачыцца ўдзень.

Займалася раніца. На ўсходзе ўсё больш бялела неба, спявалі пеўні, хацелася спаць. Чыжык прабіраўся праз агароды, увесь час думаючы пра Зосю. Скончыцца тэрмін службы — і яны пажэняцца. Адно дрэнна — Зося каталічка і не хоча выходзіць замуж без касцёла, ён жа не прызнае ні бога, ні чорта. Але і гэта як-небудзь уладзіцца. Затое як прывязе ён яе ў сваю вёску — усе здзівяцца: самым лепшым вясковым прыгажуням далёка да Зосі... Ну і Чыжык, скажуць...

Аднак чым бліжэй падыходзіў ён да крэпасці, тым большы непакой авалодваў ім. Турбаваў днявальны. А што, як угледзеў? Як тады быць?

Наперадзе над травой узвышалася знаёмае скляпенне. Займалася зарава, птушкі галасней перагукваліся ў кустах. На тым баку абводнага канала ля крэпасных варот гэтак жа гарэла электрычная лямпачка, але вартавых не было. У небе спакойна прагулі самалёты, яшчэ больш наганяючы дрымоту і сон. Чыжык узняў галаву і здзівіўся: самалётаў было шмат. Раптам над самай крэпасцю ляснула, загарэлася і павісла ракета. Нешта тонка і напорыста заскавытала ў паветры, усё мацней і мацней, наганяючы тугу. Чыжык успомніў нейкі кінафільм, у якім ён чуў свіст бомбаў, і міжвольна ўпаў на зямлю. Яшчэ праз момант бліснуў агонь, і паветра скалануў нязвыкла-страшэнны выбух. Вакол сыпалася зямля, лісці з дрэў, ад старога скляпення пырснулі ва ўсе бакі кавалкі цэглы.