Выбрать главу

У бездань неба ляцелі рознакаляровыя трасіры.

Махнуўшы на ўсё рукою, Чыжык папоўз між варонак далей ад крэпасці, пакуль не наткнуўся на цудам уцалелы куст. Тут ён пачаў прагна злізваць з травы і з кустоў буйную расу. Падумалася, што Зосі і саду з яго вішнёвым пахам даўно няма. Таксама не паверылася, каб у горадзе быў

хто-небудзь жывы — яны зніклі ў вечнасці, як зніклі многія сотні жывых і знаёмых Чыжыку людзей. Чыжык уступаў у новую паласу разумення, якая яшчэ нядаўна здалася б яму немагчымай і неверагоднай. Цяпер гэта была рэчаіснасць. Ён сустрэў яе тым, шта падняўся на ўвесь рост і марудна пайшоў знаёмай сцежкай, якая надзейна хавала яго не так даўно ад каменданцкіх патрулёў. За агародамі, у спадзе пад вербамі, ён напаткаў знаёмы ручай, упаў і пачаў прагна піць. Піў, сціснуўшы зубы, а блізка ў траве ў гэты час квакала жаба. Чыжык зазначыў сам сабе, што ўжо не заходзяцца ў спевах, як нядаўна, салаўі. У ручаі міргалі зоры, і зморанаму чырвонаармейцу не хацелася думаць. Падняўшыся, ён зноў пайшоў, цяпер часта спыняючыся і ўслухоўваючыся. У той жа час ён вельмі баяўся зваліцца з ног. Невыносна балела ў скронях.

У горадзе стралялі, і, пакуль цёмна, трэба было хутчэй з яго выходзіць. Але ён адчуваў, што не зможа пайсці так.

Мінуўшы бэзавы кустарнік і вішнёвую алею, Чыжык нечакана для самога сябе апынуўся перад густым садам, які па-ранейшаму паціху драмаў у летнім змроку. У святле зорак блішчэў шклом знаёмы дом. Чыжык вельмі здзівіўся, што ёсць яшчэ во такія сады і дамы, значыць, і людзі. Нічога тут не перамянілася.

Чыжык нырнуў у шчыліну паркана і спыніўся. Нечага не ставала. Ён напружыў памяць і зразумеў: не ставала звону сабачага ланцуга. Сабакі не было. Ланцуг вісеў на дроце. Чыжык дайшоў да знаёмага акна і адразу ж паціху стукнуў у шыбу. Ён не хаваўся, як некалі, а стаяў перад акном у рост. Дзіўна. Мо трэба было схавацца, але ён стаяў, як укапаны. Чуў за акном крокі. Бялявы тварык раптам прынік да акна. Чыжык адчуў, што гэта не сон. Затым ён пачуў спалоханае: «О-о!» — і тварык знік. Мільганула дзявочая кашуля, голыя плечы. Потым па верандзе пратупацелі крокі. Нешта роднае і дарагое стаяла за каліткаю і задыхалася, прыглядаючыся да яго. Зноў ён пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Зося, як гарачы вецер, кінулася да яго.

— А божа ж мой... Ты? Жывы? — і, не верачы, яна абмацвала і цалавала яго, а Чыжык хістаўся.

Яе рукі адразу сталі ліпкія. Ён быў увесь у крыві. Адзенне звісала з яго, відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі.

Яна амаль панесла яго на знаёмую лаўку. Блізка ў цэнтры час ад часу стралялі, і яе бровы ўздрыгвалі. Чыжык жа не звяртаў на стрэлы ніякай увагі.

— Не цалуй, — сказаў ён чужым голасам, — баляць губы. Што новага?

— Усё новае, — сказала яна.

— А Бронік што?

— Я іх баюся. О, як баюся! I яго, і бацькі. Бацька знюхаўся з Бронікам — жах! Мне ж цябе і схаваць нельга! Адсюль уцякаць хутчэй трэба, пакуль не развіднела. Няўжо ты пойдзеш ад мяне? Няўжо болей я цябе не ўбачу? Як жа я буду жыць без цябе? Няўжо яны думаюць, што мы павінны расстацца?

Ён маўчаў. Новае пачуццё загаварыла ў ім.

— У мяне цяпер слабая памяць, — сказаў ён. — Я даўно еў і піў. Вось ніяк не магу прыпомніць. Мне ўсё здаецца, што твой бацька быў у крэпасці. Чакай, чакай. Няўжо ўсё гэта снілася? Яго як быццам бы прысылалі немцы, і ён упрошваў мяне здацца. А я адабраў у яго торбу з хлебам і каўбасамі і паслаў к чорту. Стой, Зося, дзе мы? Гэта ты, га?..

На ўсю гэтую размову было патрачана вельмі мала часу. Яшчэ праз момант Чыжык прагна піў малако. I само сабой напрасілася рашэнне, разбітыя вусны самі сказалі:

— Табе тут не месца.

Яна адразу кіўнула галавою. У апошні час яна гэтак жа думала. Давала сама сабе слова ўцячы. Цяпер прыглядалася да яго ран. Дрыжала. Раптам спахапілася, пабегла. Прынесла вопратку і шпарка пачала пераапранаць Чыжыка ў цывільнае. Прыгадалася, як прыбягаў ён да яе з крэпасці і толькі міжвольны гонар, радасць і захапленне ім адчувала яна ў гэты час.

Яны хутка апынуліся за горадам. Вузкай сцяжынкай пайшлі па нізіне на ўсход. Моцна пахла аерам. Цёплы туман, як сырадой, плаваў усюды. У тумане крычалі дзеркачы і іншыя начныя птушкі. Аднак зямля, калі перабіраліся цераз канавы і даводзілася хапацца за яе, абодвум здавалася халоднай.

Ззаду ж, за туманам і цеменню, заставалася крэпасць. Хацелася крычаць і плакаць. Можа з-за таго, што зямля жыла і ўсё жыло на ёй.

Адпачынак

Лясы і лясы. Бежанцы на дарогах і незнаёмыя, падазроныя асобы ў цывільным.