Выбрать главу

Праз тры гадзіны Агата пра працу мадэлі думала ўжо без пагарды. Ёй аж да млосці надакучыў фен, якім ёй дзьмулі ў твар, — валасы ўсё адно не хацелі лётаць, затое вочы тут жа пухлі, чырванелі і слязіліся, так што ўсё цяжэй было рэагаваць на дызайнерку, якая стаяла побач з фатографам і ўвесь час трымала палец ля вуснаў ды перад кожным кадрам прыгаворвала — смайл, смайл. Усміхнуся, каб табе чэрці ў пекле ўсміхаліся! Паскачу, каб табе на патэльні паскакаць! Але ж трэба, трэба, і хай Яначка паглядзіць, як яна спраўляецца, не ўсё ж ёй адной прыгажуняй быць. Можа і яна, Агата, зусім нават нічога, хай гэтая багацейка не думае, што яна нейкі недачалавек ці як, от зараз зараблю і сама ёй майку куплю ды падарую…

А Яначка плача за кантрабасам ля дальняга кута павільёна. Маса доўга не мог дабіцца ад яе чагось большага, чым пара кухталёў і пажаданняў трасцы. Ён нават прыцягнуў ёй з другога паверха цацачнага труса і разыграў з ім адцінанне галавы. На жаль, нават жорсткае абыходжанне з цацкай Яначку не суцешыла, таму хлопец вырашыў скарыстаць сакрэтную зброю: у валізе між кампазітак на ўсялякі выпадак хавалася шакаладка. Вялікая, чорная, з разынкамі ды міндалем, твая ўлюбёная, ну, бяры! Але дзеўка адпіхнула яго руку ды яшчэ горай завяла:

 — Ы-ы-ы, ыдыёт! Мне нельга — я то-о-оўстая! Так яны мне сказалі, унь тыя твае, ы-ы-ы, кляенты!

Для мадэлі няма страшнейшай ганьбы, тут нават дасведчаны Маса разгубіцца.

Дарога дадому быццам тая ж, што і раніцай, але зусім не тая. Дзеўкі сядзяць па сваіх кутах, маўчаць. Адна змораная і ўжо не шчаслівая — пабачыла, якая ў Яначкі бяда, дык нават сорамна за сваю колішнюю радасць зрабілася. Другая пакрыўджаная да самага нутра, быццам сяброўка наўмысна яе з-пад камераў адпіхнула, у-у-у, змяюка, у давер уцерлася, а гэта ж я сама яе ўгаварыла ехаць, забавіць хацела, парадаваць…

 — Нічога ты не тоўстая, — Агата нарэшце кідаецца прабіваць сцяну непрыязнага маўчання. — Яны проста самі не ведаюць, чаго хочуць. Ты ж бачыла ў іх на кампутары — яны ўжо чалавек дзесяць перабралі.

 — Ай, маўчы ўжо лепей! — У Яначкі няма ахвоты не толькі гаварыць, але і слухаць гэтую здыхлю. — Хіба не бачна?

Яначка кладзе руку побач з Агацінай. Смуглая рука вылепленая гожа, ладна, і побач з ёй Агацін дроцік глядзіцца страх як негарманічна — локаць выпірае, праз бледную скуру ўсе жылкі відаць, не рука, а дапаможнік па анатоміі. І каму такое можа падабацца?

 — Яначка, я табе сто разоў казала і вось сто першы кажу — ты вельмі прыгожая! А гэтая дызайнерка проста ненармальная. Яна мне прапаноўвала іхныя гэтыя спадніцы і ўсё майно, калі я буду з ёй гёрлфрэнд, — далібог, яна ненармальная! Так, так, прапаноўвала, і не глядзі на мяне, ну канечне, я не згаджуся… Ну, хочаш, угаворым Масу, зараз жа пазвонім ім ды скажам, што я не буду здымацца далей? Глядзі, я папрасіла ў іх для цябе таго труса, у яго, праўда, галава адвальваецца, але я падшыю…

Вось так пакрысе настае мір і спакой. Агата яшчэ не ведае, што яе чакае замест чыпсаў і чарговага кіна ў ложку.

А Яначка ў акно глядзіць, маршрут прыкідвае і абдумвае. Дзверы ў бусіку адкрываюцца лёгка, нават вельмі лёгка. Маса неяк казаў, што трэба ўпор паставіць, на ўсялякі выпадак, а то яшчэ адкрыюцца самі на якім павароце. А там жа трафік, жах проста, гэты вялікі горад — самая сапраўдная мясарубка. Агатка, не абапірайся так на дзверы! Вой, мушу цябе папярэдзіць, там паварот наперадзе, рэзкі!

Шчоўк. Ускрык. Візгат тармазоў. Удаём жах. Супакойваем Масу.

Ах, місі, які страшны выпадак! Ах, місі, так шкада тваю сяброўку! Доўбня ты доўбня, Маса, трэба было ўпор паставіць. Але мы нікому не скажам, што ты вінаваты, праўда? Ну, хто яе будзе шукаць, яе ж, нелегалку, ніхто не ведае. Кладзі яе хутчэй і едзем, пакуль паліцыю не прынесла. Скажы таму чмыру, што ў бальніцу, — і едзем хутчэй, пакуль яна мне тут усе апраткі сваімі мазгамі не запэцкала. Я ведаю добрую гару, там глыбокую нару. Не-не, там ніхто не ходзіць, толькі я на прабежкі выбіраюся. Ну, канечне, ведаю. Не бывае, кажу табе, нікога, ужо месяц бегаю, прыглядаюся, нікога не сустракаю. І пазвані каханай, яна, напэўна, злуецца. Давай купім ёй тофу, тут на рагу вуліцы. М-м, смачна.

Але больш нельга, я цяпер на дыеце.

Непадзельны

Агата і Яначка дзеляць хлопца. Падсвядома, натуральна ж. Але ўжо лепш бы яны яго адлавілі, звязалі ды пасеклі. Агаце, скажам, лыткі, а Яначцы кумпячок, і кожнай па сінюткаму воку ды паску чарнюшчых валасоў. Табе біцэпс і мне біцэпс, ну а што не дзеліцца, тое можна карыстаць па чарзе. Дык не. Будуць глядзець адна на адну ваўком, праз кожную дробязь гвалт усчыняць, а чаму такая пакута — самі не ведаюць. Учора Яначка на Агацін ложак села, а потым цэлую лекцыю выслухоўвала пра прыватную ўласнасць як базіс духоўнай раўнавагі. З раніцы Агата Яначкін лэптоп скарыстала, музыку паслухаць, дык такога піску было, нібыта Яначка сама на ім музыкі ніколі не слухала, і ўвогуле, атрымай назад сваю лекцыю. Потым Яначка скінула з расчоскі валасы, як звычайна, проста на падлогу. З чаго гэта Агата выбухнула, як скараварка, і ўсяляк нішчыла тыя няшчасныя валасы, быццам спадзявалася, што іхняй гаспадыні ад гэтага таксама нешта перападзе?