— Хвала небу! — усклікнула Скюдэры, радасна бліскаючы вачыма, і хутка ды спрытна, як дзяўчынка, ускочыла са свайго крэсла, падышла да Кардыльяка і паклала рукі яму на плечы. — Прыміце назад, майстар Рэнэ, вашую ўласнасць, якую скралі ў вас гнюсныя нягоднікі.
І яна падрабязна расказала, як упрыгожанні трапілі ёй у рукі.
Кардыльяк слухаў моўчкі, апусціўшы вочы. Ён толькі раз-пораз кідаў невыразныя «гм», «так», «гэй», «уга» і то закладаў рукі за спіну, то ціха паціраў падбароддзе і шчокі. Калі ж Скюдэры скончыла, стварылася ўражанне, што Кардыльяк змагаецца з нейкімі думкамі, што наведалі яго падчас яе аповеду, і не можа прыняць якоесьці рашэнне. Ён цёр сабе лоб, уздыхаў, праводзіў даланёю па вачах, нібыта каб стрымаць гатовыя пырснуць слёзы. Нарэшце ён схапіў скрыначку з рук мадэмуазэль Скюдэры, павольна апусціўся на калена і прамовіў:
— Вам, высакародная пачцівая пані, гэтыя ўпрыгожанні прызначыў лёс. Так, я толькі цяпер разумею, што падчас працы над імі думаў пра вас, папросту працаваў для вас. Не адмоўцеся, прашу вас, прыняць і насіць гэтыя ўпрыгожанні як найлепшае, што зроблена мною, напэўна, за доўгія гады.
— Ах не, — адказала Скюдэры крыху гулліва, — ці вы мяркуеце, майстар Рэнэ, што мне ў маім веку пасуе так аздабляць сябе бліскучымі каменьчыкамі? І як вам толькі прыйшло да галавы так пышна мяне адорваць? Ідзіце, ідзіце, майстар Рэнэ. Калі б я была прыгожая, як маркіза дэ Фантанж, і такая ж заможная, я б не выпусціла каштоўнасці з рук, але нашто гэтым друзлым запясцям пыхлівая раскоша, навошта бліскучае ўбранне гэтай захутанай шыі?
Кардыльяк тым часам выпрастаўся і загаварыў як не ў сабе, бліскаючы вачыма і ўпарта працягваючы скарбонку Скюдэры:
— Злітуйцеся нада мной, мадэмуазэль, вазьміце ўпрыгожанні. Вы не паверыце, якую глыбокую пашану да вас за вашыя цноты, вашыя вялікія заслугі нашу я ў сваім сэрцы! Зразумейце ж мой сціплы падарунак толькі як імкненне выказаць вам мае самыя шчырыя пачуцці!
Паколькі Скюдэры ўсё яшчэ вагалася, Мэнтэнон узяла скрыначку з рук Кардыльяка, кажучы:
— Клянуся небам, мадэмуазэль, вы заўжды згадваеце свой немалады век, гаворыце, як няпроста нам, вам і мне, агораць свае гады і іх цяжар! Але ці не паводзіце вы сябе якраз цяпер як сарамлівая дзяўчынка, што з радасцю прыняла б прапанаваны салодкі плод, калі б толькі магла гэта зрабіць без дапамогі рукі і пальцаў? Не адмаўляйце ж слаўнаму майстру Рэнэ па сваёй волі прыняць у падарунак тое, што тысячы іншых людзей не могуць атрымаць ні за якае золата, ані за просьбы і маленні.
Мэнтэнон усунула скарбонку ў рукі Скюдэры, і тут Кардыльяк зноўку ўпаў на калена, пацалаваў Скюдэры край спадніцы, потым рукі — застагнаў, уздыхнуў, заплакаў, усхліпнуў, ускочыў і, як звар’яцелы, імкліва пабег прэч, перакульваючы сталы і крэслы, так што зазвінеў парцалянавы і шкляны посуд у шафах.
Скюдэры, зусім спалоханая, закрычала:
— Дзеля ўсіх святых, што гэта робіцца з чалавекам!
Але маркіза, відавочна, у асабліва вясёлым настроі, ажно да гарэзлівасці, звычайна ёй зусім не ўласцівай, ясна ўсміхнулася і сказала:
— Дык вось яно што, мадэмуазэль! Майстар Рэнэ смяротна закаханы ў вас і пачаў, па добрых, правераных часам звычаях сапраўднай галантнасці, атакаваць вашае сэрца дарагімі падарункамі!
Мэнтэнон гарэзіла далей, перасцярогшы Скюдэры ад залішняй жорсткасці да роспачнага каханка, і тая, даючы волю прыроджанай весялосці, рынулася ў бурлівую плынь тысячаў дасціпных прыдумак. Яна выказала меркаванне, што калі ўжо ўсё так паварочваецца, ёй, нарэшце пераможанай, напэўна наканавана стаць нечуваным у свеце прыкладам сямідзесяцітрохгадовай нявесты ювеліра з бездакорна арыстакратычным паходжаннем. Мэнтэнон вызвалася сплесці вясельны вянок для маладой і навучыць яе абавязкам добрай хатняй гаспадыні, пра якія такое малое дзяўчо, зразумела ж, ведае няшмат.
Калі Скюдэры нарэшце паднялася, каб развітацца з маркізай, то, нягледзячы на смех і жарты, зноўку стала вельмі сур’ёзнай, узяўшы ў рукі скарбонку з упрыгожаннямі. Яна сказала:
— І ўсё ж, шаноўная маркіза, я ніколі не змагу скарыстацца гэтымі каштоўнасцямі. Што б там ні казалі, яны аднойчы пабывалі ў руках тых слугаў д’ябла, якія з ягоным нахабствам ды, мусіць, і ў праклятым хаўрусе з ім рабуюць і забіваюць. Мяне страшыць кроў, сляды якой нібы бачныя на бліскучых каралях. Дый паводзіны Кардыльяка, мушу прызнацца, падаліся мне вусцішнымі і злавеснымі. Я ніяк не магу пазбавіцца цьмянага прадчування, што за ўсім гэтым хаваецца нейкая жахлівая, жудасная таямніца, і, прыгадваючы тую гісторыю цалкам, з усімі дэталямі, я, тым не менш, не магу сабе нават уявіць, дзе хаваецца гэтая таямніца і што ўвогуле сумленны, слаўны майстар Рэнэ, узор добрага, прыстойнага грамадзяніна, можа мець агульнага з чымсьці злым і заганным. Але прынамсі адно я ведаю дакладна: я ніколі не дазволю сабе надзець гэтыя ўпрыгожанні.