Выбрать главу

Аліўе змоўк, але раптам з яго вачэй патокам лінулі слёзы, ён кінуўся да ног Скюдэры і ўзмаліўся:

— Вы ж верыце, што на мне няма віны! Злітуйцеся нада мной, скажыце, як там Мадлон!

Скюдэры гукнула Марціньер, і праз колькі імгненняў Мадлон ужо вісела на шыі ў Аліўе.

— Ну вось, усё добра, бо ты цяпер тут — я ведала, што шаноўная пані ўратуе цябе! — няспынна паўтарала Мадлон, і Аліўе забыўся на свой лёс, на ўсё, што яму пагражала — ён быў свабодны і шчаслівы. Абодва надзвычай кранальна дзяліліся перажытымі пакутамі, пасля ізноў абдымаліся і плакалі ад шчасця, што зноўку знайшлі адно аднаго.

Калі б Скюдэры дагэтуль не ўпэўнілася ў невінаватасці Аліўе, яна мусіла б паверыць у яе цяпер, назіраючы за маладымі людзьмі, якія ў асалодзе цеснага мілоснага яднання забыліся на цэлы свет, на свае беды і невымоўныя пакуты.

— Не, — усклікнула яна, — на такое блаславёнае забыццё здатнае толькі чыстае сэрца!

Ясныя промні світанку працялі аконныя шыбы. Дэгрэ ціха пастукаў у дзверы пакоя і нагадаў, што, каб адвезці Аліўе Брусона назад, не прыцягваючы лішняй увагі, трэба ісці цяпер, бо пазней гэта будзе немагчыма. Закаханым давялося разлучыцца.

Цьмяныя прадчуванні, што адольвалі Скюдэры з дня першага з’яўлення Брусона ў яе доме, увасобіліся ў жыццё самым жахлівым чынам. Яна бачыла, што сын яе любімай Анны, не маючы на душы віны, заблытаўся так, што ўратаваць яго ад ганебнай смерці здавалася амаль немагчымым. Яна паважала геройства юнака, які быў гатовы хутчэй памерці пад цяжарам абвінавачанняў, чым выдаць таямніцу, якая загубіла б каханую Мадлон. У сферы магчымага яна не знаходзіла аніводнага сродку вырваць бедака з рук вусцішнага суду. І ўсё ж у душы яе жыло перакананне, што ёй не варта было баяцца любых ахвяр, абы толькі перадухіліць абуральную несправядлівасць, якая была ўжо блізка. Яна мучыла сябе размаітымі накідамі і планамі, па сутнасці, амаль авантурамі, што адкідаліся гэтак жа хутка, як і паўставалі. З кожным разам пробліск надзеі рабіўся ўсё меншы, і гэта прывяло яе на мяжу адчаю. Але безумоўны, цнатлівы дзіцячы давер Мадлон, светлае захапленне, з якім яна казала пра каханага, пра тое, што хутка абдыме яго, апраўданага судом, як свайго мужа, далі Скюдэры новыя сілы і зноў кранулі яе да глыбіні душы.

Каб нарэшце зрабіць хоць штосьці, Скюдэры напісала ля Рэньі доўгі ліст, у якім паведаміла, што Аліўе Брусон давёў ёй сваю поўную невінаватасць у смерці Кардыльяка, што словам яго не паверыць немагчыма і што толькі мужнае рашэнне забраць з сабою ў магілу таямніцу, выкрыццё якой стала б згубным для нявіннасці і цноты, стрымлівае яго ад прызнання перад судом, якое вызваліла б яго ад жахлівага падазрэння не толькі ў забойстве Кардыльяка, але і ў прыналежнасці да хеўры бязлітасных галаварэзаў. Усё, на што здольныя палкі імпэт і разумнае красамоўства, скарыстала Скюдэры, каб змякчыць жорсткае сэрца ля Рэньі. Праз некалькі гадзін той адказаў, што шчыра ўсцешаны поўным самаапраўданнем Аліўе Брусона перад яго высокай і шанаванай заступніцай. Што да гераічнага рашэння Аліўе забраць у магілу таямніцу, то ён просіць прабачыць, але Вогненная палата не можа ўзнагародзіць такі гераізм, а наадварот, пастараецца зламаць яго любымі сродкамі. Праз тры дні ён спадзяецца раскрыць дзіўны сакрэт, які можа праліць святло на ўсе дзівосы справы.