Выбрать главу

— Клянуся святым Дыянісіем, вашая рацыя, мадэмуазэль! Далоў сляпыя правілы, што абараняюць баязлівасць, аднолькава губячы вінаватых і бязвінных; а Аржансон і ля Рэньі хай робяць сваю справу!

Усе жахі, што дзеяліся навокал, найярчэйшымі фарбамі апісала Марціньер, калі наступным ранкам расказвала сваёй гаспадыні пра тое, што адбылося ўночы, пасля чаго перадала ёй, дрыжучы ад страху, загадкавую скрыначку. І яна, і Батыст, што, увесь збялелы, стаяў у кутку і мяў у руках начны каўпак, ад боязі й трывогі амаль страціўшы здольнасць гаварыць, надта жаласна малілі гаспадыню дзеля ўсіх святых адчыняць скрыначку з усёй магчымай асцярожнасцю. Мадэмуазэль Скюдэры, узважваючы ў руцэ замкнёную таямніцу, прамовіла смеючыся:

— Вам абодвум мрояцца нейкія здані! Тое, што я не багатая, што ў мяне няма каштоўнасцяў, дзеля якіх варта было б забіваць, не горш, чым вам і мне, вядома ўсім адпетым галаварэзам там, звонку, якія, як вы самі кажаце, выведваюць у дамах усе куточкі. Ці, можа, разлік на тое, каб пазбавіць мяне жыцця? Але каго і чым можа зацікавіць смерць сямідзесяцітрохгадовай жанчыны, якая ніколі не пераследавала нікога, апроч баламутаў і шыбенікаў ва ўласных раманах, якая піша пасрэдныя вершыкі, што не могуць выклікаць нічыёй зайздрасці, якая не пакіне па сабе нічога, акрамя ўрачыстага строю старой дамы, час ад часу кліканай да двара, і пары тузінаў добра пераплеценых кніг з пазалочаным абрэзам! А ты, Марціньер, можаш апісваць з’яўленне незнаёмца так вусцішна, як пажадаеш, але ж я не веру, што ён меў наўме нешта благое. Ну што ж!

Марціньер адскочыла на тры крокі, а Батыст ледзь не ўкленчыў з глухім уздыхам — ах! — калі мадэмуазэль націснула на цудоўную металічную кнопку, і накрыўка скрыначкі адкінулася з лёгкім шоргатам.

Якім жа было здзіўленне мадэмуазэль Скюдэры, калі са скрыначкі бліснула пара залатых, багата аздобленых каштоўнымі камянямі бранзалетаў і такія самыя каралі. Яна дастала каралі, і пакуль з яе вуснаў гучалі кампліменты цудоўнай працы майстра, Марціньер пільна разглядала раскошныя бранзалеты і выгуквала раз-пораз, што такой прыгажосці, напэўна, няма нават у пыхлівай Мантэспан.

— Але што гэта ўсё мае значыць? — прамовіла Скюдэры і ў той жа момант заўважыла на дне скарбонкі маленькі складзены лісток паперы.

Зразумела, яна спадзявалася знайсці ў ім разгадку таямніцы. Аркуш, ледзь толькі яна прачытала напісанае на ім, выпаў з яе дрыготкіх рук. Яна ўмольна ўзняла вочы дагары і, амаль непрытомная, апусцілася на крэсла. Марціньер і Батыст спалохана кінуліся да яе.

— Ах! — усклікнула яна прыглушаным ад слёз голасам. — Ах, якая знявага, якая вялікая ганьба! Ці ж мусіла яшчэ й такое выпасці мне ў мае паважныя гады! Хіба ж я блюзнерыла ў дурной легкадумнасці, як юнае неразумнае стварэнне? Божа мілы, няўжо словы, кінутыя напаўжартам, можна трактаваць так жахліва! Ці ж можна вінаваціць мяне, тую, што, захоўваючы цноту і пабожнасць, з маленства паводзіла сябе бездакорна, як можа злачынец папракаць мяне ўдзелам у д’ябальскім хаўрусе?

Мадэмуазэль трымала насоўку перад вачыма і плакала ды галасіла так, што Марціньер і Батыст, дарэшты збянтэжаныя і ўстрывожаныя, не ведалі, як дапамагчы сваёй добрай гаспадыні суцешыць яе вялікі боль. Марціньер падняла з падлогі злашчасны аркуш. На ім было напісана:

Un amant, qui craint les voleurs, n'est point digne d'amour.

Ваш дасціпны розум, вельмішаноўная пані, уратаваў ад вялікага пераследу нас, якія ўжываюць у дачыненні да слабых і баязлівых права моцнага і прыўлашчваюць каштоўнасці, што былі б легкадумна прамантачаныя. Як доказ нашай удзячнасці ласкава прыміце гэтыя ўпрыгожанні. Яны — самае каштоўнае, што мы патрапілі прыдбаць за працяглы час, хоць вас, высакародная пані, мусілі б аздабляць нашмат прыгажэйшыя каралі, ніж гэтыя. Просім вас не адмовіць нам у вашым сяброўстве і прыязным успаміне.

Нябачныя

— Ці магчыма, — выгукнула мадэмуазэль Скюдэры, крыху апамятаўшыся, — ці магчыма так далёка зайсці ў бессаромным нахабстве, гнюсным глумленні?

Яркае сонечнае святло хлынула ў пакой праз гардзіны з пунсовага ядвабу, і дыяменты, што ляжалі на стале побач з адчыненай скарбонкай, заззялі чырванаватым водбліскам. Зірнуўшы на іх, Скюдэры абурана закрыла твар і загадала Марціньер зараз жа прыбраць жудасныя каралі, да якіх прыстала кроў забітых. Марціньер, спрытна схаваўшы каралі і бранзалеты ў скрыначку, выказалася ў тым сэнсе, што, мусіць, найбольш слушна было б перадаць каштоўнасці начальніку паліцыі, падрабязна расказаўшы яму пра застрашлівае з’яўленне маладога чалавека і абставіны ўручэння ім свайго падарунку.