Мадэмуазэль Скюдэры паднялася і пачала павольна хадзіць па пакоі, нібыта абдумваючы, што рабіць далей. Потым яна загадала Батысту падрыхтаваць партшэз, а Марціньер — апрануць яе, бо неадкладна захацела наведаць маркізу дэ Мэнтэнон.
Яна прыехала да маркізы якраз у той час, калі тая, як было вядома Скюдэры, была ў сваіх пакоях адна. Скрыначку з каштоўнасцямі мадэмуазэль захапіла з сабой.
Маркіза надзвычай здзівілася, пабачыўшы, што мадэмуазэль Скюдэры, якая заўжды ўвасабляла годнасць і нават, нягледзячы на паважны ўзрост, пекнасць і саму ласкавасць, уваходзіць няпэўнымі крокамі са збялелым, скажоным тварам.
— Што, дзеля ўсіх святых, з вамі здарылася? — усклікнула маркіза, звяртаючыся да беднай спалоханай дамы, якая, нібыта не ў сабе і ледзьве ў стане трымацца роўна, прагнула толькі як найхутчэй апусціцца на крэсла, што пасунула ёй маркіза.
Калі мадэмуазэль урэшце змагла загаварыць, то расказала, якую глыбокую, невыносную крыўду прынёс ёй той неабдуманы жарт, што нарадзіўся ў адказ на петыцыю застрашаных каханкаў. Маркіза, выслухаўшы ўсю гісторыю ад пачатку да канца, выказала меркаванне, што мадэмуазэль Скюдэры прымае занадта блізка да сэрца гэтае недарэчнае здарэнне, што глумленне гнюснай набрыдзі ніколі не зможа зачапіць чыстае, высакароднае сэрца, і ўрэшце запатрабавала паказаць ёй каштоўнасці.
Мадэмуазэль Скюдэры падала ёй адчыненую скарбонку, і маркіза, пабачыўшы выкшталцоныя каралі, не змагла стрымаць гучнага воклічу здзіўлення. Яна дастала пацеркі і бранзалеты і падышла з імі да акна, дзе то назірала за пералівамі каменьчыкаў на сонцы, то падносіла вытанчаны залаты выраб зусім блізка да вачэй, каб добра разгледзець, з якім неверагодным майстэрствам быў выштукаваны кожны маленечкі гачак пераплеценых паміж сабою ланцужкоў.
Раптам маркіза рэзка павярнулася да мадэмуазэль і ўсклікнула:
— Вы напэўна ж ведаеце, шаноўная, што гэтыя бранзалеты і гэтыя каралі не мог стварыць ніхто іншы, як Рэнэ Кардыльяк?
Рэнэ Кардыльяк быў тады найлепшым парыжскім ювелірам, адным з самых па-мастацку адораных і пры тым своеасаблівых людзей свайго часу. Хутчэй нізкі, чым высокі, але шыракаплечы і з моцным, мускулістым тулавам, Кардыльяк, які ўжо даўно размяняў шосты дзясятак, яшчэ меў сілу і рухавасць юнака. Пра гэтую сілу, якую можна было назваць незвычайнай, сведчылі таксама густыя і кучаравыя рудаватыя валасы і прысадзістае спрытнае цела. Калі б увесь Парыж не ведаў Кардыльяка як найсумленнейшага чалавека гонару, бескарыслівага, адкрытага, без задняй думкі, заўсёды гатовага дапамагчы, то вельмі своеасаблівы позірк яго маленькіх, глыбока пасаджаных зыркіх зеленаватых вачэй мог бы навесці на думку пра таемную падступнасць і злосць. Як ужо згадвалася, Кардыльяк быў найвялікшым майстрам не толькі ў Парыжы, але, магчыма, у свеце ўвогуле. Глыбока абазнаны ў прыродзе каштоўных камянёў, ён меў здольнасць апрацоўваць і апраўляць іх так, што ўпрыгожанне, якое спачатку здавалася някідкім, выходзіла з майстэрні Кардыльяка ў бляску раскошы. Ён прымаў кожную замову з шалёнай прагнасцю і прызначаў кошт, які, здавалася, быў настолькі нізкі, што аніяк не суадносіўся з будучай працай. І тады новы твор не пакідаў яго ў спакоі, удзень і ўночы з майстэрні чуўся постук, а часта, калі праца была амаль скончаная, яму раптам магла не спадабацца форма, выклікала сумнеў зграбнасць аправы нейкага з камянёў, якога-небудзь маленькага гачка — і гэтага было дастаткова, каб кінуць плён працы ў плавільны тыгель і пачаць нанова. Так кожны выраб станавіўся чыстым, непараўнаным шэдэўрам, які ашаламляў замоўцу. Але ж атрымаць гатовы твор у майстра было амаль немагчыма. Ён знаходзіў тысячу падставаў, каб трымаць кліента ў няведанні тыдні і месяцы. Дарэмна яму прапаноўвалі за працу ўдвая больш — ён не хацеў ніводнага луідора звыш дамоўленага. Калі ж ён урэшце мусіў саступіць націску замоўцы і аддаць упрыгожанне, то не мог схаваць найглыбейшай прыкрасці, нават унутранай лютасці, якая віравала ў ім. Калі яму даводзілася аддаваць значны, асабліва багаты твор, што каштаваў, магчыма, многія тысячы, мяркуючы па дарагіх камянях і звыштонкай апрацоўцы, ён насіўся па пакоі, як вар’ят, праклінаючы сябе, сваю працу, усё навокал. Але як толькі нехта падбягаў да яго ззаду і гучна крычаў: «Рэнэ Кардыльяк, ці не хацелі б вы зрабіць прыгожыя каралі для маёй нявесты, бранзалеты для маёй каханай» і г.д., той раптам сцішваўся, бліскаў сваімі маленькімі вочкамі і пытаўся, паціраючы рукі: «Ну, што ў вас тут?» Тады чарговы замоўца выцягваў скарбонку і казаў: «Тут каменьчыкі, увогуле, нічога асаблівага, звычайная рэч, але ж у вашых руках…».