Алесь Гарун
Мае Коляды
Быў калісьціка час
I ў мяне, як і ў вас,
Што я быў маладым
Ды так ў меру — дурным…
Дык да школы хадзіў;
Між панамі і жыў
У вялікім у месце;
Спосаб панскі і есці
I адзетку узяў, —
Словам, панам я стаў…
Хаця пуста ў галове,
А у панскае мове
Я пачаў стараваці,
Забывацца аб хаце,
Аб звычаях вясковых,
Бо — прывык да мястовых…
Па такім уступленні
Раскажу вам здарэнне!
Ужо восеню цэлу
Школа намі грымела,
I пачатак зімы
Правучыліся мы, —
Прыйшлі святы, Каляды…
Я быў вельмі ім рады:
Будзе час аддыхнуць,
Кніжкі ў кут шпурлянуць.
Да таго — мой кампан
Казюк — з прадзедаў пан,
Хлапец вельмі багаты, —
Запрасіў вось на святы
I мяне ў бацькаў двор…
Я на гэнае скор —
Зараз даў сваю згоду…
Як бач панскай падводай —
Пара коні, хвурман —
Еду я ды кампан!
Было пекна ў двары:
Гасцей шмат ўвечары,
Ёсць што есці ды піць,
А музыка грыміць
Ад змуроку да рання —
Шло усцяж баляванне!..
Я быў добра прыняты,
Быццам нейкі багаты
Хлапец, роўны Казюку;
Падаваў усім руку:
Паном, паннам ды паням
Ды займаўся скаканнем!..
Ды была жа ахвота:
Танцаваў я да потаў
Вальцы, полькі, кадрылі
Са сваёю Марыляй,
Казюковай сястрою, —
Хто з кім, а я з ёю…
Бо ўжо вельмі ў спадобе
Была грыўка на лобе,
Вочкі мела анёла.
Ох, было мне вясёла!..
Не агледзеўся я —
Як сталася бяда
Ці вялікая ўцеха…
Цяпер смех… Не да смеху
Там было мне тагды,
Як сардэчнай жуды
Пачуў першыя сціскі…
Да каго? — да Марыські!
Як то кажуць: па вушы
Ўсёй хлапчынаю душай
Закахаўся ў дзяўчыне —
Ў яе вочках, грывіне,
Ў яе смеху звінячым…
Нат начамі маячыў
Ды аб ёй мармытаў —
Так Казюк мне казаў!
Дык прызнаўся яму
(Толькі! — больш — нікаму!),
Што кахаю Марылю,
Больш чым польку, кадрылю,
Больш чым нават яго,
Казюка сваяго!..
За адно яе слова
Ўсё зрабіць я гатовы:
Купіць стрэльбаў, нажоў
Ды пайсці на звяроў
Індыянскае дзічы —
Стацца там паляўнічым…
Сярод стэпу пажараў
Увіхацца з Эмарам…
Дык за ўсю нагароду
Хацеў б мець яе згоду:
Што мяне не забудзе,
Што скакаці не будзе
Ўжо ніколі з баронам
(Нейкім там нарачоным!)
Ды аддасць мне з галовы
Сваю ўстужку ружову,
Як знак вечны ўспаміну…
Так кахаў я дзяўчыну!..
Усё чысценька гэта,
Пад вялікім сакрэтам,
Казюку я на вуха
Расказаў, а ён слухаў…
Ён спрыяў мне душою…
Абяцаўся з сястрою
Аба ўсім гаварыць
Ды аб ўстужцы прасіць…
Бо я сам, далібог,
Стараваць з ёй не мог —
Толькі ў вочкі глядзеў
Ды, як рак, чырванеў!..
Цэлу ноч мы шапталі,
Розны планы ўкладалі,
Ўрэшце стала на тым
(Мусім мець на сваім!),
Калі ўстужкі не дасць,
То патрапімо ўкрасць!
Ужо вокны світалі,
Як мы змову канчалі,
Разоў колькі зяўнулі,
Затым скора паснулі!..
Я ўва сне не прысніў,
Чым дзянёк мне гразіў,
Што ужо наступаў…
Я спакойненька спаў.
Раптам чую: «Паніч!
А, паніч!» — нехта кліча,
Ды за коўдру тармосіць,
Ды ўставаць мяне просіць…
Глянуў я — так, з-пад вока —
Аж то дворнавы лёкай
Нахінуўся ды кажа
(Прападзі сіла ўража!), —
Што ось з вёскі за мною,
Каб забраці з сабою,
«Хтось» санямі прыехаў
(А сам скерыцца смехам).
А бадай це напасці!
Зразумеў я няшчасце:
Будуць ведаць паны,
Каго маюць яны —
Што я ім нераўня!
Што я — так — мужычня!
Што ўжо, пэўна, ніколі
Быць не прыйдзецца болей
На Калядах — на святах —
Ў такіх дворах багатых
Між паноў між вялікіх
На іх скоках, музыках!..
Бо мне стыдна й самому,
Што я з простага дому!..
(Вось якога паняцця
Быў калісь — хлапчаняцем.)
Ды ўсё гэна нічога…
Мукі пекла самога
Я вялікі цярпеў —
Калі йшчэ зразумеў,
Што ніколі з Марыляй
Не пайду у кадрылі,
Ў яе вочкі не гляну
Ды ўстужкі не дастану!..
Пацямнела ў вачах,
Зашумела ў вушах,
Я быў блізкі распачы, —
Чуць стрымаўся ад плачу…
Ды сказаўшы: «Устану!»,
Коўдрай вочы апрануў,