Памаленьку, памалу
Праясняцца мне стала
Ўсіх адносін загадка,
Палажэння, парадкаў,
Што пануюць на свеце —
Мы ж сям’і аднэй дзеці!..
А жыццёвы варункі
Ды ўсялякі рахункі
Раздзялілі народ
На вярхі ды на спод —
На багатых паноў,
На бяду— беднякоў…
Адны ў пекным адзеты
I зімою і летам —
Добра маюцца ўсёгды…
Так праходзяць ім годы:
Быць у нейкім у сне,
Быць у вечнай вясне!..
А другія — ў бядзе,
Што ўвакол іх гудзе
Ды к няшчасцю вядзе,
Па жыццёвай грудзе
Валакуць свае лямкі…
Не чапаюць нат клямкі
Тых да шчасцейка дзвераў
Ды жывуць жыццём звераў,
Жыццём гора-нядолі
Ды ўсялякай няволі!..
Стала ясна мне ясна:
Што да гэных няшчасных,
Ўсё жыццё працавітых,
Ўсім і ўсімі прыбітых, —
Я павінен схінацца
Ды ім сэрцам аддацца!
Усягды быці з імі,
З бедакамі сваімі:
З іх я целам-крывёю —
З імі быць трэ душою!..
Трэба мне літавацца
(А не то што стыдацца!),
Напрагчы свае сілы
Для карысці для мілых
Братоў шэрых вясковых…
Вучыць поступкам, словам, —
Як змагацца з нядоляй,
Каб багатшымі болей
Былі ў розум і сэрца,
Не былі ў паняверцы!
Каб іх хата бальшэла,
Цяпла, свету больш мела!
Кабы бедныя нівы
Былі больш урадлівы!
Ды каб быў больш здаровы
Ўвесь народ мой вясковы!..
Думкі гэны — другія,
Хаця сілай цяжкія,
Скрой-маланкай бліснулі
I — душу закранулі!
Гэны міг быў мне векам,
I я стаў чалавекам!
Другім-іншым — і новым —
З другім чуццём, галовай!..
Ўсю жыцця шумавіну
Розум прыткі мой скінуў!..
Ды убачылі вочы,
Што было у змурочы
Пад плашчом дзецінады…
I быў вельмі я рады
Праўдзе болю святога!
Ўжо не стыдна нікога:
Ні барона й Марылі,
Ні жыцця камарылі!..
Падбег борзда к татулю
Ды як добры сынулек
Ўцалаваў яго рукі —
Быццам з доўгай разлукі!..
З ім гаворку пачаў,
Памагаці тож стаў
(Не стыдаўся нізвання!)
Папраўляць упраж, сані…
З мінай пэўнай мы селі
Ды на «двор» паглядзелі…
I адважна і смела.
(Ніякога мне дзела
Не было — ці ўзіраўся,
Ці хто плакаў, смяяўся…
Я сядзеў з татам мілым
I пачуў ў сабе сілы…
Быў на ўсенька гатовы!)
Дык з двара па жыццёвы
Я паехаў дарогі —
Кінуў панскі парогі!..
Вось якое здарэнне
Апісаць замярэннем
Было — з дзецінады!..
Ці патрапіў? даў рады?
Гэта меншая рэч:
Скінуў працу я з плеч!
Вёска Капанікі, 13 студзеня 1905 г.