Выбрать главу

Такім чынам пляменнік быў уведзены ў свет, а ўвесь Грунвізэль толькі і гаварыў у той і ў наступныя дні пра гэтую падзею. Але стары пан на тым не спыніўся – здавалася, ён цалкам змяніў свой склад думак і лад жыцця. Папоўдні ён пайшоў са сваім пляменнікам у шынок пад гарой, дзе паважаныя паны Грунвізэля пілі піва і забаўляліся гульнёй у кеглі. Там пляменнік выявіў сябе спрытным гульцом; ён ніколі не выбіваў менш за пяць-шэсць. Час ад часу, праўда, на яго находзіла штосьці дзіўнае: раптам ні з таго ні з сяго ён з шарам у руках стралой зрываўся з месца і пачынаў вытвараць з кеглямі чорт ведае што, альбо, калі ён выбіваў вянок ці караля, то раптам станавіўся на прыгожа прычасаную і дагледжаную галаву дагары нагамі; калі ж міма праязджала карэта, ён аказваўся ў адно імгненне на яе даху і адтуль корчыў грымасы. Так ён праязджаў нейкую адлегласць, а потым саскокваў і зноў прыбягаў да кампаніі.

Стары пан пасля такіх сцэн звычайна прасіў прабачэння ў бургамістра і іншых паноў за нявыхаванасць свайго пляменніка, але яны смяяліся, прыпісвалі ўсё гэта яго маладосці, сцвярджалі, што ў гэтым узросце яны і самі былі безразважнымі, і вельмі любілі маладога ветрагона, як яны яго называлі.

Але здараліся і часы, калі яны злаваліся на яго даволі моцна, але не адважваліся нічога сказаць, таму што малады англічанін лічыўся ўзорам адукаванасці і розуму. А яшчэ стары пан меў звычку хадзіць вечарам са сваім пляменнікам у гарадскую карчму “Залаты алень”. Хаця пляменнік быў яшчэ зусім юны, ён паводзіў сябе, як стары, – садзіўся з чаркай, надзяваў жахлівыя акуляры, даставаў вялізную люльку, прыпальваў яе і дыміў больш за ўсіх. Калі ж пачыналася размова пра газеты, пра вайну і мір, калі доктар выказваў адно меркаванне, бургамістр – іншае, а астатнія ўдзельнікі вельмі здзіўляліся з іх глыбокіх ведаў, пляменніку раптам прыходзіла ў галаву выказаць зусім іншае меркаванне. Тады ён стукаў кулаком па стале, зняўшы пальчаткі, даваў бургамістру і доктару выразна зразумець, што яны пра ўсё гэта нават прыблізнага ўяўлення не маюць, што ён пра гэтыя з’явы чуў зусім іншае і мае больш глыбокае разуменне. Потым ён на ламанай нямецкай мове выказваў сваё меркаванне, якое ўсе, акрамя бургамістра, лічылі вельмі трапным – ён жа англічанін, пэўна ж, ведае ўсё лепш.

Калі ж затым бургамістр і доктар, раззлаваўшыся, садзіліся згуляць партыю ў шахматы, то пляменнік аказваўся тут як тут, пазіраў у свае вялікія акуляры праз плячо бургамістра і ганьбаваў той ці іншы ход, падказваў доктару, што трэба хадзіць так і так, у выніку чаго абодва гульцы ў душы вельмі злаваліся. Калі ж незадаволены бургамістр прапаноўваў яму партыю, каб упэўнена паставіць мат, бо ён лічыў сябе другім Філідорам *, стары пан мацней зацягваў хустку на шыі пляменніка, пасля чаго той рабіўся паслухмяным і прыстойным і ставіў бургамістру мат.

* Франсуа-Андрэ Філідор – кампазітар і знакаміты шахматыст (1726–1795).

Да таго часу ў Грунвізэлі амаль кожны вечар гулялі ў карты, дзе стаўка складала палову крэйцара; для пляменніка гэта выглядала нікчэмна, ён ставіў каралеўскія талеры і дукаты, сцвярджаючы, што ніхто ў свеце не гуляе так, як ён, і звычайна ўлагоджваў пакрыўджаных паноў тым, што прайграваў ім велізарныя сумы. Яны не адчувалі згрызотаў сумлення, забіраючы ў яго даволі шмат грошай. “Ён жа англічанін і ад нараджэння багаты”, – гаварылі яны і хавалі дукаты ў кішэні.

Такім чынам пляменнік прыезджага пана за кароткі час заваяваў неймаверную павагу ў горадзе і наваколлі. Людзі не маглі прыпомніць на сваім веку ў Грунвізэлі такога маладога чалавека. Гэта была самая незвычайная з’ява ў жыцці горада. Нельга было сказаць, што пляменнік, акрамя танцаў, нечаму вучыўся. Лаціна і грэцкая мова былі для яго, як кажуць, цёмны лес. У час адной гульні ў доме бургамістра яму давялося штосьці пісаць, і выявілася, што ён не ўмее напісаць нават свайго імя. У геаграфіі ён рабіў найневерагоднейшыя ляпсусы –з неймавернай лёгкасцю пераносіў нямецкі горад у Францыю ці дацкі – у Польшчу. Ён нічога не чытаў, нічога глыбока не вывучаў, і пастар часта задумліва хітаў галавой, разумеючы цёмнае невуцтва маладога чалавека. Тым не менш, што б ён ні рабіў, што б ні гаварыў – усё лічылася трапным. Ён жа быў такі бессаромны, што заўсёды настойваў на слушнасці сваіх словаў і кожны раз у канцы казаў: “Я гэта разумею лепш!”

Вось так прыйшла зіма, і цяпер пляменнік праяўляў сябе яшчэ больш бліскуча. Кожная кампанія, у якой яго не было, здавалася сумнай. Калі разумны чалавек пачынаў гаворку, пазяхалі. Калі ж пляменнік на благой нямецкай мове прамаўляў свае дурноты, усе натапырвалі вушы. Цяпер выявілася, што гэты выдатны малады чалавек быў яшчэ і паэтам: вечар быў не вечар, калі ён не выцягваў з кішэні паперку і не чытаў перад кампаніяй некалькі санэтаў. Праўда, сустракаліся людзі, якія сцвярджалі, што некаторыя вершы дрэнныя і не маюць ніякага сэнсу, іншыя ж настойвалі, што ўжо недзе чыталі іх. Але пляменнік не даваў збіць сябе з панталыку – ён чытаў і чытаў, потым звяртаў увагу на прыгажосць сваіх вершаў, і кожны раз гучалі апладысменты.