Бацька, здаецца, гэтаксама з дзівам пазіраў на густы туман. Ён нёс з сянец дошчачку з прысохлай зверху каламаззю i невялікую трэску. Падаўся да калёс, што стаялі ля дзвярэй гумна.
Казік ведаў, што бацька будзе зараз ладзіць воз, бо збіраецца вечарам з суседзямі ехаць у млын. Казіку вельмі хацелася гэтаксама паехаць з ім — ад'ехацца хоць ад свайго двара, паглядзець дарогу, лес, паслухаць, пра што будуць гаварыць мужчыны, паглядзець млын, раку, камень, што трэ зерне, меле муку, захацелася з'есці хлеба. Хлеба ўжо не пяклі даўно, з пачатку лета — не было мукі: тая, закапаная, дзежачка ўсё роўна прапала... З астатняй гаркаватай i пратухлай мукі, якую маці выкалаціла з вялікай кадушкі, што стаяла ў кладоўцы, варылі яшчэ ў чэрвені зацірку, якую трэ было есці праз сілу...
Казік падумаў, што пастаіць яшчэ крыху ля свіней, папільнуе ix i падыдзе тады да бацькі ды папросіць узяць з сабою, бо вельмі ж хочацца паглядзець «свету». Ён, не хочучы быць тут, у загарадцы, з абыякавасцю зірнуў на сцены хаты. Яна са старога дрэва, з падгнілымі падрубамі, з глыбока паточанымі бярвеннямі. Пад адною саламянаю страхою — хата, праз сцяну хлеў, гумно, дрывотня. Самая новая, жоўтая, з рудымі сучкамі дрывотня — яе бацька збіў сёлета з аполкаў i расшчапаных камлюкоў. Летась, як i сёлета яшчэ, даўно ўжо складзеныя дровы ляжалі, летавалі ля сцяны пад страхою — па той i па гэты бакі хаты.
З коміна выплываў лёгкі бела-сіні дым, пахнуў сажаю i сасною, не слупіўся ўгору, a слаўся па страсе, ападаў долу, рассцілаўся па двары, ад яго, ад дыму, завільгатнеліся сцены, плот, i з ix абвісалі i падалі на зямлю кроплі вады.
Большы парсюк, як бачыў ля сябе Казіка з дубчыкам, глытаў з карыта гушчу, аж трэсліся ў яго вушы, i не адганяў меншага. I Казіку зусім надакучыла пазіраць на свіней, на брудную ix шэрсць ды парэпаныя вялікія вушы, на стаптаную загарадку i саламяную страху хаты. Ён паглядзеў уверх, бачыў, што ўзнімаецца за Шабуневым лесам халоднае i зусім не яркае сонца, жаўцее праз туман, што там увачавідкі радзее, спаўзае, гусцее ў лагчынах i ля лесу — вісіць, як белае воблака. Пакрысе становіцца відаць сонечнае неба над туманам, i ў ім праз шэрань усё гусцей паказваецца далікатная, празрыстая сінь, i гэтая цяпер лёгкая блакітнасць паказвала на добрае надвор'е, якое мусова павінна было быць: Казікаў бацька збіраўся ехаць вечарам у млын змалоць мукі, каб спячы хлеб. Такі дзень мусіць быць сонечны i цёплы.
Бацька дастаў загваздку, зняў шайбу, адцягнуў кола, трэскаю набраў з дошчачкі каламазі i тыцнуў яе на тонкую бліскучую вось, добра, з усіх бакоў, абцёр трэску, тады зноў падняў перадок калёс, запхнуў кола на месца, пакруціў яго за спіцы, засунуў шайбу, загваздку, падвязаў яе дротам.
Большы падсвінак задаволіўся, цохнуў яшчэ раз вады i адышоў ад карыта. Цяпер не трэ было пільнаваць, i Казік пералез цераз жэрдкі, падаўся да калёс.
— Ідзі ў хату, нагуляй з Вэрцяю, — сказаў бацька, адцягнуў другое пярэдняе кола, — няхай маці ўходжваецца, ды будзем з ёю веяць жыта.
Казіку i цяпер не хацелася вяртацца ў хату, гуляць з маленькаю сястрычкаю: яна яшчэ не ходзіць, а ляжыць у калысцы. Якая з ёю гульня?
Казік пазіраў на шырокую бацькаву спіну, загарэлую рудую шыю i падумаў, што нікога на свеце няма дужэйшага за бацьку. Ён раней адзін i тоўстыя бярвенні на калёсы клаў, i нагружаны задок воза паднімаў, i яго на назе, як пушынку, падкідаў. Бацька ўсіх мужчын на хутары дужаў: часта на якіх хрэсьбінах ці вяселлях барукаўся з імі — схопіцца накрыжкі i паваліць.
— Вось i дачакаліся, што ў млын паедзем, — неяк шчасліва ўсміхнуўся бацька, мажучы з'езджаную вось.— Хочаш хлеба?
Казік кіўнуў галавою, успомніў, што даўно ўжо не трымаў у роце i сухой скарынкі, забыўся пра яе смак.
— Будзеш на днях есці свежы хлеб, — кажа бацька.-— Колькі захочаш, столькі i з'ясі...
Казік прыпомніў, як маці ў пачатку лета — у апошні раз — пякла хлеб. Размяшала загадзя муку з вадою ў дзежцы, паставіла яе на печ. Раніцаю рукамі мясіла цеста, клала на лапату, што была пасыпана мукой, апускала рукі ў вядро з вадою, пасля гладзіла цеста, аж яно блішчала, тыцкала наверсе яго пальцам, робячы крыжык, паабапал яшчэ торкала дзірачкі, сунула лапату ў гарачую печ, i турзаючы лапату да сябе, ссоўвала з яе цеста на падмецены палыновым венікам под. I так яна паклала паблізу прычарнелага жару пяць булак. Апошні раз, як сабралася засунуць на под маленькую для яго, Казіка, булачку, прымусіла стаць ля прыпека i колькі раз дакранулася да яго галавы лапатаю i нешта шаптала. Так яна лячыла, каб ён болей у пасцелі «не лавіў рыбы». A пачаў «лавіць рыбу» ён таму, што спалохаўся паліцыянтаў. Тады, зайшоўшы днём у ix хату, адзін з ix, невысокі, тоўсты, як калодка, нібы жартам піхнуў яму, сцішанаму, руляй вінтоўкі ў жывот, пасміхнуўся: «Чаго баішся нас, малы заходнебеларусец?.. Скажы лепш, ці прыходзяць да вас парцізаны?..»