Выбрать главу

— Немцы...— ціха i, здаецца, са сполахам прамовіў ён.— Сюды едуць.

— Чаго ix чорт з раніцы нясе?— з трывогаю спытала маці.— Можа, падказаў ужо хто?.. Не дай божа... Сынок, — яна зірнула на Казіка, — ты ж нічога не гавары... Маўчы. A калі ўжо прыстануць, дык кажы, што нічога не бачыў, нічога не ведаеш...

Матацыкл затохкаў зусім блізка. Здаецца, поўз ужо дарогаю ад Навіцкіх.

— Шыдлоўскі з імі, — сказаў бацька, пакрочыў на двор.

— Ну вот...— зморшчылася маці.— Гэты паліцыянт не з добрымі дзяламі ездзіць... Ці з допытамі, ці з...— маці стрымалася i не дагаварыла, каб, відаць, не пачуў усяго Казік.

Казік не вылез з-за стала, не падаўся за бацькам, адчуваў, што зноў могуць штырхаць дуляю вінтоўкі ў жывот, дапытвацца пра партызан, натапырыўся i сядзеў каля акна, чакаў, што скажа маці. А яна спалохалася, што i есці перастала, устала i падалася ў сенцы — цікаваць на двор. Прытулілася да вушака — i відаць было, як задрыжалі яе рукі. Яна заўсёды вось так нервуецца, не можа стрымаць у руках дрыготку, калі раптам заявяцца ўзброеныя людзі.

Казік вылез з-за стала, падышоў да маці, зірнуў i ўбачыў, як да плота, што быў ад поля, ткнуўся матацыкл, аж падаліся наперад два мужчыны, якія сядзелі на сёдлах — немец-матацыкліст (без шапкі, у расшпіленым на верхнія гузікі мундзіры) i ззаду за ім вусаты «халерны» паліцыянт, які быў у чорным шынялі з шэрымі нарукаўкамі, з насунутай на вочы чорнай шапкай. Яшчэ адзін немец — у шынялі, у выпаленай сонцам пілотцы — сядзеў у калясцы. Як прыпыніліся, гэты немец адхінуў з грудзей брызент i няўклюдна, цяжка, аж завагаўся матацыкл, выпаўз з каляскі, атрэпаўся ад расы, зняў з галавы пілотку i сіняю хустачкаю, дастаўшы яе з кішэні штаноў, выцер лоб. Гэты ваяка быў зусім стары: ішоў згорбіўшыся, меў маршчыністы твар i вялікую лысіну.

Злез з сядла i паліцыянт, паправіў на плячы карабін, падсунуў яго пояс бліжэй да шыі — каб не спаўзаў. Плячо шыняля, дзе дагэтуль цёрся пояс, блішчала: вышмальцавалася.

Паліцыянт i стары немец падаліся сюды, у двор, на міг схаваліся за дрывотняю — ішлі да брамкі. Матацыкліст, сярэдняга росту пажылы мужчына, застаўся ля матацыкла, прысеў, закасаў вышэй рукавы i пачаў корпацца ў маторы.

— Гаспадар? — падышоўшы да бацькі, які стаяў на двары, не вітаючыся, сурова запытаў стары немец, пад вузкімі вачыма якога i ля доўгага, крыху дзюбаватага носа былі вялікія чорныя ўпадзіны.

— Гаспадар, — чамусьці не сваім гучным голасам, а амаль шэптам хутка адказаў бацька, ведаючы, што стомленыя, суровыя людзі вельмі злосныя.

Лысы немец прайшоў побач, падаўся ў хату. Там ці то са стомленасцю, ці то з абыякавасцю зморшчыўся, агледзеў невялікі пакой, калыску i босага Казіка, які ўслед за бацькамі зайшоў у хату. Пасля скінуў шынель, згарнуў яго, паклаў на калені i сеў на лаве. Падняў са свайго боку сурвэту i закрыў ёю сняданак. У адным месцы сурвэта абвісла i пачала мокнуць, чырванець ад буракоў. Лысы здзьмухнуў перад сабою на голым стале крошкі, дастаў з нагруднай кішэні зложаны папалавіне, абшмальцаваны з сінімі вокладкамі тоўсты сшытак i аловак. Аловак быў без дзюбкі.

«Будзе нешта пытацца, — падумаў Казік.— Але я нічога не скажу, хоць чуў, як прыходзіў той ноччу барадаты партызан, бачыў, цікуючы з-пад коўдры, як маці завешвала акно, паліла газоўку i давала начному госцю есці... Цяпер няможна нічога нікому гаварыць... Цяпер трэба маўчаць, а то за язык...»

— Зваць як? — перапыніў Казікавы думкі стары немец, зірнуў на бацьку, нахмурыўшы бровы.— Цяляты язык аджавалі, ці што? Ну, як назвіско ваша, фамілія?

— Хлябовіч, — зноў шэптам адказаў бацька.— Браніслаў Хлябовіч, бацька Янам быў.

— Вось што, Хлябовіч...— ні на кога не пазіраючы, прамовіў уладна немец, распраміў, прыгладзіў далонню сшытак, а пасля пачаў вастрыць ножыкам аловак; глядзеў толькі на свае вялікія рукі, на хвіліну пасля змоўк, калі хацеў яшчэ нешта сказаць, то паламалася дзюбка, i ён так не прамовіў нічога, зноў пачаў вастрыць.

Казік са страхам пазіраў на старога немца, чакаў, што ж ён запытае. Што той гаварыў па-польску i па-тутэйшаму, не здзіўляўся: амаль усе немцы, што заходзілі сюды, гаварылі па-свойму, але былі не раз i такія, што гаварылі i па-руску, i па-польску i ўстаўлялі тутэйшыя словы. Хваліліся, што да вайны жылі разам з палякамі ці паблізу ix.

Стары немец здзьмухнуў са стала смецце, падняў галаву — усе са сполахам на яго глядзелі ды чакалі, што ж ён скажа, здзіўляліся, чаго ён марудзіць, не дапытвае. А можа, ён не марудзіў, можа, гэта толькі здавалася... Ён строга зірнуў на паліцыянта, што стаяў у парозе, прытуліўшыся да вушака, — i той не вытрымаў позірку, апусціў галаву. Раней, калі заязджаў, быў смелы: i кепікі ўсякія строіў, i на паліцу, дзе стаялі пустыя пляшкі, заглядваў, i хваліўся, як яго начальства паважае...